Литвек - электронная библиотека >> Алесь Разанаў >> Современная проза >> З апокрыфа ў канон >> страница 3
таго, што спрадвеку памятае чалавека і спрадвеку належыць яму, старая хата сама выступае ў ролі «свацці»: яна выводзіць чалавечае існаванне за межы адной асобы, а ў чалавечае існаванне ўводзіць «засватанае» — рэчаіснасць.

Змест мае патрэбу ў сваім, адпаведным сабе, месцы, і месцам становіцца толькі той круг прасторы, у якім абмежаванае прысвячаецца ў неабсяжнае, а неабсяжнае знаходзіць магчымасць праяўляцца і вымаўляцца ў абмежаваным. Перасяліцца ў навейшую і багацейшую хату для Багушэвіча азначае страціць месца.

Хата мае вокны і дзверы, месца само з'яўляецца дзвярамі і вокнамі зместу.

Багушэвіч памятае пра тое, на што ў астатняй рэчаіснасці ўжо не хапае памяці,— пра Беларусь. «Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» — кажа ён у прадмове да «Дудкі беларускай». Так, Беларусь там. Але не тут... I ў адрозненне ад тутэйшасці, што супадае з пэўным найменаваным месцам: з Гроднам, Мінскам, Магілёвам і Вільняй, са шматлікімі мястэчкамі і вёскамі,— і, супадаючы, забывае нешта, што дазваляе абмежаванаму выходзіць за свае межы і знаходзіць сваё па-за месцам свайго жыхарства, Беларусь знаходзіцца на пэўнай адлегласці да кожнага канкрэтнага месца. Яна паказвае кожнаму месцу такія ж канкрэтныя месцы, якія завуцца інакш і ўпісаны ў іншыя краявіды, супастаўляе яго з імі і прымушае яго зразумець, што яно не толькі тут, але нейкім чынам і там. Беларусь знаходзіцца на шляху да Беларусі, і таму, што яна знаходзіцца на шляху, яна не проста прысутнічае ў прасторы, як прысутнічае тутэйшае, а пастаянна самавыяўляецца,— кажацца. Багушэвіч кажа і тое, што належала нечаму аднаму, становіцца тым, чым аб'ядноўваецца многае, а тое, што было толькі тут,— тым, у чым дзейсніцца і пазнае сябе там.

Было ў Багушэвіча сваё кола сяброў і знаёмых, якім ён чытаў і прысвячаў свае вершы, што, у сваю чаргу, знаходзілі ў гэтым коле водгук. Аднак паэт належыць не толькі свайму колу і не толькі свайму часу, і нават калі пра гэта забываецца асоба паэта, паэзія ўсё роўна памятае.

Чытаю Багушэвіча — і спадзяюся сустрэцца з яго думкай і позіркам, скіраванымі сюды, у нашыя небакраі.

Багушэвіч не лічыць сябе паэтам і піша як бы з нагоды, на пацеху сабе і блізкім. Але якраз у гэтым «не-мастацтве» знаходзіць і пазнае сябе тутэйшая рэчаіснасць. «Я не паэта»,— па гэтай жа прычыне скажа пазней пра сябе і Янка Купала. Заўсёды актуальная праблема творчасці: каб быць сваім паэтам, трэба ў нейкай меры быць «непаэтам».

«ПАЭЗІЯ У СПАСЦІЖЭННІ ПАЭЗІІ...»

(Дыялог крытыка і паэта — Тамары Чабан і Алеся Разанава)


Т. Ч. Хацелася б пачаць размову з традыцыйнага і, можа, нават банальнага пытання аб месцы і ролі паэзіі ў сучасным свеце, у духоўным жыцці чалавека, у перабудове грамадства...

А. Р. На традыцыйнае пытанне лепш і адказаць традыцыйна: перш за ўсё паэзія павінна быць паэзіяй. Ва ўсе часы. Нават у самыя «непаэтычныя». Гэтаяе асноўная і, зрэшты, адзіная роля.

Т. Ч. Але ж на працягу чалавечай гісторыі роля паэзіі так істотна змянялася, што, здаецца, перад намі зусім розныя «паэзіі»... Як можна меркаваць, у часы язычніцтва паэзія была замовай, лекамі, вяшчунствам, малітвай... У антычнасці — своеасаблівай міфалогіяй, апяваннем багоў і герояў... У рымскай дзяржаве — адным з відаў палітычнай дзейнасці, публіцыстычнага аратарскага майстэрства. У часы Арыстоцеля і Лукрэцыя Кара паэтычнай мовай выкладалася філасофія, навука «аб прыродзе рэчаў» і паходжанні свету, Сярэдневяковыя рэлігійныя трактаты і духоўныя павучанні таксама часта гучалі на мове паэзіі. А як змяніліся нашы ўяўленні пра «сапраўдную» паэзію: тое, што доўгі час лічылася нормай, адзнакай паэзіі — следаванне пэўным класічным канонам, узорам, распрацоўка і вар'іраванне агульнавядомых матываў, сюжэтаў, мастацкіх вобразаў, прыёмаў — мы зараз схільны лічыць эпігонствам, не ўяўляючы паэзію без наватарства, адкрыцця новага паэтычнага свету.

А. Р. Безумоўна, не ўсё, што напісана на мове паэзіі,— паэзія, і жыць застаецца не проста напісанае, а істотнае, тыя «калодзежы», якія, паводле слоў Пімена Панчанкі, дакопваліся да вады. I таму ва ўсім гэтым важная не вонкавая функцыя, не «апяванне» і «наследаванне», не «пясок» і не «рыдлёўкі», а — «вада». Як чалавечае ў чалавеку праяўляецца ў залежнасці ад таго, кім гэты чалавек ёсць і кім ён хоча стаць, так і паэтычнае ў творы...

Мноства людзей, мноства лёсаў, мноства абліччаў і заняткаў, але сярод гэтага мноства ўвагу сучаснікаў і наступнікаў прыцягваюць тыя, у кім чалавечае праявілася і рэалізавалася найпаўней, найістотней. Гамер, Вергілій, Дантэ, які ўжо «выпадаў» з рук Пушкіна, змаглі ўвасобіць паэтычнае ў творах з такой паўнатой, што гэтыя творы і «выпадалі» і пастаянна «выпадаюць» у сферу, дзе чалавечае судакранаецца з боскім, становіцца ім... I тыя абавязковыя звароты да багоў, да музы, якія мы знаходзім у старажытных паэтаў, мабыць, былі не проста этыкетам, не проста паэтычнай фігурай, а знакам сувязі з вышэйшай рэчаіснасцю, без удзелу якой і сама творчасць немагчыма.

Т. Ч. Значыць, ёсць нешта глыбіннае, сутнаснае, што дазваляе назваць паэзію паэзіяй пры ўсіх адрозненнях у яе форме, змесце і ролі...

А. Р. Роля і прызначэнне паэзіі вынікаюць з яе прыроды. Ёсць жа свая прырода ў вады, агню і жалеза, ёсць свая прырода і ў паэзіі. Яна дазваляе быць паэзіі разнастайнай — як агонь, як вада, як жалеза, але не дазваляе быць самім агнём, вадой, жалезам. Даверымся гэтай прыродзе — яна ведае, што яна хоча і што яна робіць. Прырода, як у свой час зазначыў Гётэ, — заўсёды праўдзівая і заўсёды мае рацыю, памылкі і заблуджэнні ідуць ад людзей.

Варта падкрэсліць, і ад саміх крытыкаў, і ад саміх паэтаў. Гэта толькі здаецца, што паэт піша, што хоча. Уся справа ў тым, што — у ідэале — ён хоча якраз таго, чаго хоча прырода паэзіі.

Т. Ч. Аднак гэта ў ідэале, а ў рэальнасці мы, чытачы і крытыкі, маем справу з канкрэтнымі кнігамі, публікацыямі. I складваецца ўражанне, што паэзія нібы спынілася на раздарожжы, забылася, чаго яна хоча і куды ідзе. Часы марнаслоўя падарвалі давер да слова ўвогуле і мастацкага слова ў прыватнасці. Яно страціла сваё ўнутранае духоўнае напаўненне, ператварылася ў пусты гук, завяло ў безвыходнасць...

А. Р. У тыя часы не толькі падрываўся давер да слова, але і набываўся. Ішло размежаванне між словам, якое было пустым гукам, і словам, якое нешта азначала і нешта казала. Афіцыйшчына і псеўдапаэтычная