Литвек - электронная библиотека >> Станіслаў Станкевіч >> История: прочее >> Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу

Станіслаў Станкевіч Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу


«Дзеля беларускасьці беларускае мовы»


Д-р Станіслаў Станкевіч (23 лютага 1907 г., с. Арляняты Крэўскай воласці Ашмянскага павету Віленскай губерні - 6 лістапада 1980 г., Нью-Ёрк) - выдатны, хоць пакуль што амаль не вядомы на Бацькаўшчыне беларускі літаратуразнаўца, крытык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ужываў таксама псеўданімы Язэп Каранеўскі, Алесь Крыга, Дзівасіл. Паходзіць са знакамітага ў беларускім руху роду Станкевічаў. Ягоны родны дзядзька па матчынай лініі - адзін з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў Ян Станкевіч.

Станіслаў Станкевіч з юначае пары ўзгадоўваўся ў віленскім беларускім асяроддзі. Вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі, у 1933 г. абараніў у Віленскім універсітэце імя С.Батуры магістарскую дысертацыю на тэму «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі», а ў 1936 г. набыў годнасць доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры за працу «Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі». Дзеіў у Беларускім Студэнцкім Саюзе, рэдагаваў часопіс «Студэнцкая Думка», быў стваральнікам і старшынёй універсітэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Шмат публікаваў на тэмы з гісторыі літаратуры ў віленскай беларускай прэсе. Пісаў і для адзінага беларускага мовазнаўчага часопіса «Роднае слова».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 г. працаваў выкладчыкам Настаўніцкага інстытута ў Наваградку. У часе другой сусветнай вайны, падобна як шматлікія іншыя дзеячы былой Заходняй Беларусі, застаўся на Бацькаўшчыне, спадзеючыся і пры чарговай акупацыі працаваць для беларускае справы ці прынамсі не аддаваць у чужацкія рукі адміністрацыйных пасадаў. Станіслаў Станкевіч пагадзіўся заняць пасаду старшыні Барысаўскай акругі ў зоне нямецкай тылавой вайсковай адміністрацыі. Гэта дало пасля вайны падставы абвінавачваць С.Станкевіча ў калабарацыянізме. Але захаваліся сведчанні, што гэты чалавек, маючы на сваёй цывільнай пасадзе вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы, тым не менш рабіў усё магчымае, каб ратаваць мірных грамадзянаў. А.Шукелойць сведчыць, як С.Станкевіч папярэджваў габрэйскі актыў пра задуманую гітлераўцамі ліквідацыю барысаўскага гета; шырока вядомы факт, што Станкевіч уратаваў ад нямецкай расправы захопленага разам з савецкімі партызанамі старшыню Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі і будучага аўтара гімна БССР Міхася Клімковіча. Станіслаў Станкевіч удзельнічаў у II Усебеларускім Кангрэсе (Менск, 27 чэрвеня 1944 г.).

Пасля вайны на эміграцыі С.Станкевіч разам з М.Абрамчыкам аднаўляе Раду БНР. Не пакідаючы беларускае палітычнае дзейнасці, зноў грунтоўна бярэцца за рэдактарскую і навуковую працу. У 1948-1962 гг. рэдагуе найбуйнейшую газету беларусаў у вольным свеце - «Бацькаўшчыну» (выпусціў каля паўтысячы нумароў). Стварыў філію нью-ёркскага Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне, рэдагаваў усе чатыры кнігі «Запісаў» БІНіМ, выдадзеныя ў Мюнхене. Быў навуковым сакратаром і старшынёй навуковае рады буйнога саветалагічнага асяродка - Інстытута вывучэння СССР (Мюнхен), рэдагаваў «Беларускі зборнік» ды іншыя беларусазнаўчыя працы гэтага Інстытута (разам блізу 70). Укладаў выданні беларускае літаратурнае класікі выдавецтва «Бацькаўшчына» ды пісаў да іх прадмовы (вартая адзначэння праца «Янка Купала. Жыцьцёвы і творчы шлях паэты», якой распачынаецца фундаментальны том «Спадчына. Выбар паэзіі Янкі Купалы»).

З 1962 г. жыве ў Нью-Ёрку, з 1963 г. і да смерці - галоўны рэдактар газеты «Беларус», якой выпусціў каля 200 нумароў; стала супрацоўнічаў з радыё «Свабода». У ЗША выдаў кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першае паловы 1960-х гадоў» (1967) і «Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня» (1982). Рэдка які нумар рэдагаваных д-рам С.Станкевічам перыёдыкаў абыходзіўся без ягонага артыкула на філалагічныя тэмы. Яго цікавіла і беларуская класіка, і актуальны літаратурны працэс. Сур'ёзных, глыбокіх артыкулаў з гісторыі літаратуры, літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных Станіслаў Станкевіч пакінуў па сабе мноства, і яны яшчэ чакаюць свайго даследніка і ўкладальніка.

Да мовазнаўчых пытанняў Станіслаў Станкевіч падыходзіў з агульнафілалагічнага гледзішча. Звяртаўся да сацыялінгвістычнага аналізу беларускае моўнае сітуацыі. Ягонае ўласнае мовазнаўчае ды рэдактарскае крэда сфармуляванае ў артыкуле пра Антона Адамовіча: «паглыбленьне, калі гэтак выразіцца, беларускасьці беларускае мовы й ейная дэрусыфікацыя». Гэтым апошнім тэрмінам С.Станкевіч акрэсліў істотнае паняцце, якім аперуюць прыхільнікі беларускага моўнага пурызму. Станіслаў Станкевіч - рэдактар знаходзіўся пад відавочным уплывам свайго дзядзькі, найбуйнейшага мовазнаўчага аўтарытэта на эміграцыі Янкі Станкевіча, хаця не ўсе з прапанаваных Я.Станкевічам унармаванняў і навацыяў ён прыняў на практыцы.

Дзейнасць С.Станкевіча - прынамсі з увагі на абыймо рэдагаваных ім тэкстаў - сталася істотным чыннікам эахавання і развіцця беларускае літаратурнае мовы на эміграцыі. Ён быў носьбітам класічнае моўнае традыцыі, а абазнанасць у беларускай літаратуры дазволіла яму развіць у сабе моўны густ, стылістычнае чуццё, бачанне моўных тэндэнцыяў і перспектывы. С.Станкевіч высока цаніў і ўважаў за аднаго з фармавальнікаў базы паваеннае літаратурнае мовы Антона Адамовіча, ухваляў яго за паслядоўнае пашырэнне граматычных формаў і словаў, «якія адрозьніваюць беларускую ад расейскае мовы». Адамовіч да вайны жыў і працаваў у БССР. Дык жа ў 1950-70-х гадах аблічча класічнае беларускае літаратурнае мовы ў згодзе фармавалі і віленчукі, і менчукі.

Прапанаваная чытачу праца складаецца з дзвюх асноўных частак. У пачатку Станіслаў Станкевіч робіць на падставе тагачаснае беларускае перыёдыкі аб'ектыўны аналіз моўнае сітуацыі ў Беларусі пры канцы 50-х - на пачатку 60-х гг. Кароткачасовая «адлега» выплеснула на старонкі друку праўду: Беларусь, беларуская мова жыла, сведамыя беларусы розных пакаленняў, як толькі з'явілася магчымасць, выступілі ў прэсе за пашырэнне функцыяў роднае мовы і за ейнае ачышчэнне ад русіфікатарскіх напластаванняў. Аналіз, зроблены С.Станкевічам, дужа прыдаўся б, каб быў даступны чытачам на Бацькаўшчыне, бо тады і цяжэй было б камуністычным уладам наноў душыць беларушчыну, і прасцей было б новай генерацыі адраджэнцаў 80-х гг. Бо публікацыі, сабраныя і пракаментаваныя Станіславам Станкевічам, надзіва падобныя да тых зваротаў і допісаў, што пачалі запаўняць смялейшы беларускі друк праз 25 гадоў. Аналіз бальшавіцкае моўнае палітыкі, увасаблення ў Беларусі іхняе