Литвек - электронная библиотека >> Людміла Іванаўна Рублеўская >> Поэзия >> Крокі па старых лесвіцах >> страница 3
бел-чырвона-белым...
Ціха-ціха, не зважаем,
Як мы, браткі, паміраем.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш— не спагоніш.

ГРАМНІЦЫ
Адліга ўздыхае ў вільготнай цямнечы,
I звычай дзядоўскі нам час аднавіць.
Давай жа запалім грамнічныя свечкі —
I зло
разам з цемрай
ад нас
адляціць.
Малы Дамавік зашкрабецца ў куточку
I Лазнік у ваннай даесць павука,
I горад, грамнічнай пабуджлны ноччу,
Пачне ад бяссоння ратунку шукаць.
I горад не здолее нават здзівіцца,
Убачыўшы, хто не дае яму спаць —
Маланкавалосыя гэта Грамніцы
На воблаку
срэбньіх мятлушак
ляцяць!
I свет ажыве—і паганскі, і боскі,
I глеба ўздыхне мацярынскім цяплом.
I гаснуць агеньчыкі ў лужынах воску,
I трэба ўключыць у пакоі святло...
I ноч адыходзіць па вуліцах гразкіх,
Па вузкіх сцяжынах зімовых алей...
I жывіць душу таямніца і казка.
I неба — бліжэй,
а зямля — даражэй.

ДАРОГА Ў НІКУДЫ
«Я ведаю, куды вяду!» —
Крычала ўсім адна дарога.
Крычала гучна.
Хто пачуў —
Пайшоў па ёй.
Пачула ж — многа.
Гарлала рэха ў вышыні.
А паўз дарогу
гнала смецце,
I верас курчыўся ў агні,
і птушкі падалі,
як сэрцы.
«Я ведаю!»
I ўсе ішлі.
І верылі,
У што? Не помняць.
Дарога бегла ад раллі
І ад квітнеючага поля.
Але не век жыве спадман,
I змоўкла ў рэшце рэшт дарога.
...Глядзяць,
наперадзе — туман.
А ззаду —
дык зусім
нічога.

* * *
І возера паглынула замак за грахі тых, хто жыў там...
Згінаюцца дрэвы ад подыху цёмнага ранку.
Вада паглынае каменні адзін за другім,
Зацягнуць гарлачыкі новую сінюю рану,
I пройдуць гады,
і лазой зарастуць берагі,
З акон электрычкі народ паглядае паныла
На брудную сажалку
і перарэджаны лес.
За рэшткамі замка ў ваду уваходзяць магілы,
I лес адступае ад шумнай дарогі далей.
Здаецца мне, нашы азёры —
чароўныя дзверы
У лепшы, не здраджаны і не прададзены свет.
Туды саступае былое святое
і веры
У нас пакідае не болей,
чым зерня ў асве.
Ідзе па начах нетаропкае, сумнае шэсце.
Ў азёры сыходзяць будынкі,
звяры і бары...
Пасля высыхаюць азёры...
І мокрае смецце
Нікому не скажа, якія хавае муры.
Ізноў электрычка прастуе праз роўнае поле.
Няўважныя позіркі ў ёй і смурод цыгарэт...
I раптам па шкле расцякаюцца
чорныя кроплі...
Апошняе возера
плюнула злосна услед.

ДЗІВА
У асенніх крывых лазняках
Памірала апошняе дзіва.
Справядлівасці нельга чакаць —
Свет не любіць дарыць справядлівасць.
Дзіва гналі машыны і бруд,
Злыя людзі і добрыя людзі,
I яно апынулася тут —
Дзівакі паміраюць у брудзе.
Сіняй птушкай сядзіць у кустах,
Перабітыя крылы трапечуць.
Падпаўзае да лапак вада
З рабаціннем пляўкоў чалавечых.
I апошнія іскры лятуць
Ад нябёсных, прытушаных пер'яў...
Трупік птушачкі, шэрай, як ртуць,
Знойдуць заўтра ў кустах піянеры.

ПА ШЛЯХУ ПРОДКАЎ
Беларусь! Душы маёй калыска!
Возера лілейнага святла!
Да сваёй загубы гэтак блізка
Ты яшчэ ніколі не была.
І адвары доктара Скарыны
Праліліся ў чэзлую траву.
Па нябёснай прывіднай сцяжыне
Пакідае доктар Беларусь.
І за ім ідзе да зор Завальня,
Свечку захінае даланёй,
Даганяе човен старадаўні,
Што з Палесся ўзяты вышынёй.
«Нешта Продкаў Шлях аж слепіць
вока»,—
Здзівіцца забыты дзецьмі дзед,
і душа старэчая з палёгкай
Адляціць за позіркам услед.
А сцяжына белая танчзе,
I па ёй — як па лязу — ў жыцці
Ўсмешлівы апостал Караткевіч
З вогненнай вадой нясе пацір.
Шлях растаў — і велічныя цені
Па-за нашым позіркам плывуць...
Дождж пайшоў.
Ці смерць, ці бласлаўленне
Кроплі срэбнавокія нясуць?

МОЙ КРАЙ
Тоне ў студнях зялёнае сонца,
Сонца белае — у вачах.
I чырвонае сонца бясконца
Па-над вежамі крэсліць шлях.
Гэта — бонда нашага бога,
Што штандарам абраў сабе
Свежы след ад мяча чужога
На высокім белым ілбе.
Гэта — сад, дзе ўзрастаюць зоры
На прамых галінах крыжоў.
Гэта — мора зямнога гора,
Родны бераг уцекачоў.
Гэта—поле, дзе заараны
Разам з косткамі — перуны.
Гэта край — суцэльная рана,
Гэты край мой —
мой рай зямны.

ІІ


НАШ ЛЁС
Ткала нядоля чароўную світку
Хлопцу на шлях,
не на знос — навырост.
Белая нітка, чырвоная нітка —
Вось і дарожка лягла на пагост.
Шчасце — не птушка,
яно — папялушка,
Там, дзе агонь, і мільгае яно.