Литвек - электронная библиотека >> Аляксей Дудараў >> Исторические приключения >> Чорная панна Нясьвіжа >> страница 2
манастыр... Там яе выпадкова ўбачыла каралева Бона. Ведаючы душэўны стан свайго сына, яго каханне да вашай сястры, каб зменшыць яго боль... і пакуты...

Радзівіл Руды....Яна вырашыла зрабіць каралеве Барбары замену?

Мнішак.Можна сказаць, што так.

Радзівіл Чорны.I замена гэта... кракаўская распусніца?!

Мнішак.Князь Радзівіл! Ды хай бы любая жанчына ў Польшчы, любая графіня, дачка ці жонка гетмана, канцлера, маршалка мела такое падабенства на спачыўшую сястру вашу — даю слова, яна апынулася б у абдымках караля. Хто ж вінаваты, што такі твар, такая постаць, такія валасы, такія вочы дасталіся ну... не самай святой жанчыне каралеўства... Вы толькі зірніце... Хадзі сюды!

Уваходзідь Бжэнка.

Вы толькі зірніце! Каралева не была так падобна на сябе, як гэта істота на яе... Вы хоць толькі ад прывіду пачалі адмахвацца, а я, калі мне паказалі яе ў манастыры, вобзем грымнуўся... Вадой адлівалі... Ну, думаю, аджыла, зноў пачнецца... Не разумею, што вас абражае? Ваша сястра на вябёсах, і гэта... дзяўчо ёй не саперніца... Я зірнуў на караля — мне стала страшна... Калі ён пабудзе ў такім стане яшчэ адзін тыдзень — ён памрэ... Нябожчыкаў кахаць вялікі грэх. Хай спусціцца на зямлю і... вось, калі ласка... кахае копію... Яна верне яго да рэальнага жыцця, і мы не страцім караля.

Радзівіл Руды

(аглядае Бжэнку). Ўсё супадае: вусны, вочы, шыя.

Мнішак.

О, колькі давялося адмываць...

Радзівіл Чорны.

Няўлоўнае бывае падабенства,

А тут непадабенства не відаць.

Хіба вось толькі... гэтая радзімка.

Мнішак.

Тут не адмыеш, трэба габляваць.

Радзівіл Чорны.

Скажы што-небудзь, мілая дзяўчынка.

Бжэнка.

Мне гэты пан забараніў казаць.

Мне можна толькі трошкі паўсміхацца.

Мнішак.

Ды ладна, гавары ўжо.

Бжэнка.I няпраўда, што я такая і гэткая... Самі ж спачатку бедную паненку да ложка зацягнуць, самі ж усю ноч без перадыху спакушаюць, а потым і я ж сама вінаватая. I мяне ж у манастыр! За што? Хіба я магла сілай спакусіць свайго святога айца, калі ён высокі, як вы, пане, ды яшчэ й таўсцейшы... Я яму каюся, а ён мае грудзі цісне... I мне інквізіцыя. I мне манастыр!

Радзівіл Чорны.Даволі.

Бжэнка.Маўчу.

Радзівіл Чорны.

Магутны Бог! Вось два твае стварэнні

Цудоўныя... Адно напоўніў ты

Высакародствам, розумам, пяшчотай,

Ў другім — прытулак бруду і граху.

Мнішак.

На свеце трэба ўсё... ураўнаважыць.

Ні святасць грэх, ні грэх не спляжыць святасць.

Ты, Бжэнка, лепей князю заспявай.

Бжэнка (спявае).

На моры вутачка купалася,

Пакупалася, у бор паляцела,

У барочку шчыранька грагаць стала: —

Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?

Ад майго гняздзечка адчураліся.

Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?

Ад майго гняздзечка адчураліся.

З'яўляецца Жыгімонт.

Жыгімонт (крычыць нема).

Барбара! Любая Барбара!

Каханая! Хадзі! Хадзі сюды!

Я ведаў, што ты вернешся ў Нясвіж...

Я абдыму цябе... Я ў гэта верыў...

Абдымае Бжэнку. Навальнічная бліскавіца. Жыгімонт падае.

Мнішак.

О літасцівы Божа, ён памёр!

Бжэнка.

Ну вось ізноў. Ізноў я вінавата...

Радзівіл Руды (схіляецца).

Цішэй... Заснуў... Заснуў нарэшце ён.

Радзівіл Чорны.

І дзякуй Богу... Доўгім будзе сон...

Выносяць караля.

Мнішак (Бжэнцы).

А ты ідзі цяпер гуляць па парку.

Ды блізка да людзей не падыходзь,

Спявай ціхутка... Можаш і паплакаць,

I застагні, усхліпні мімаходзь.

Хай думаюць, Барбара зноў прыйшла

I ў замку тут прытулак свой звайшла.

Выходзяць.


ЧАСТКА ДРУГАЯ. КАХАННЕ

Вільня, 1543 год. Сад перад палацам Барбары Радзівіл. Ноч.

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Баль адшумеў, і ціша навакол.

У чорным небе дрэмле ясны месяц,

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,

I болей не чутно птушыных песень.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,

I гладзіць цемра мне павейкі воч...

Я зведаю... чаго не зведаць людзям...

З'яўляецца каралевіч Жыгімонт.

Жыгімонт.

А я ўжо зведаў...

Барбара.

Божа!

Жыгімонт.

Я пабачыў...

Што ўбачыць хіба можа толькі Бог.

Барбара.

Як вы пасмелі?!

Жыгімонт.

Гэта абурэнне...

Прымусіла прыстойнасць растаптаць.

Зірнуць на тое, ад чаго аслепнуць

Навекі можна...

Барбара.

Значыць, вы сляпы...

Цяпер кажыце ваша абурэнне,

А потым абурацца буду я...

Жыгімонт.

Як дазваляць, каб цемра цалавала

Такія вусны... Каб вятрыска мог

Брыльянты найкаштоўнейшыя лашчыць?

Ці ноччу вас кахае толькі ноч?

Куды ж глядзяць прыгожыя ліцвіны?

Барбара.

Усё! Даволі! Прэч! Сыдзіце з воч!

А то я закрычаць павінна буду.

Жыгімонт.

Ды вам нашто крычаць? Я закрычу:

Літва! Твая багіня сёння ноччу

Кахала месяц, той кахаў яе.

Я ўбачыў нерэальнае каханне

I з зайздрасці свяціла захінуў

Свінцона-чорнай хмарай.

Барбара.

Ён заходзіць...

Жыгімонт.

Я перамог...

Барбара.

Ну, а цяпер пайшоў...

Да сціплых паннаў ходзяць госці ранкам.

Жыгімонт.

Дык запрасіце, панна, калі ласка,

I я прыйду за некалькі гадзін

Да часу запрашэння і чакаць

Ля брамы буду... Гэта асалода —

Чакаць хвіліны, каб убачыць вас.

Барбара.

Ой, майстра гаварыць...

Жыгімонт.

Зусім не ўмею!

Ні гаварыць, ні на жанчын глядзець.

Барбара.

А што ж цяпер вы