- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (14) »
Алесь Разанаў У горадзе валадарыць Рагвалод
Вершаказы і пункцірыПадрыхтаванае на падставе: У горадзе валадарыць Рагвалод: Вершаказы i пункціры/ Маст. М. Казлоў.— Мн.: Маст. літ., 1992,— 14З с.: іл.
ISBN 5-340-01156-9.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Горад
Горад горды i высакародны: ён стаіць на высокім месцы — на ўзгорку, на грудзе, і, адгароджваючыся ад навакольнага асяродка вежамі i сцяною, не адлучаецца ад яго, а вылучаецца з яго — як яго цэнтр, сярэдзіна, сарцавіна. Ён — бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў «горнае», мінулага ў «градучае», ён — іхнія народзіны, i таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, i таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, i таму ўсім крывічам i радзімічам ён нібы ўзнагарода, родны i дарагі. Горад загартаваны ў горне розных нягод i прыгод, ён перагараджае ордэну i ардзе дарогу да валадарства, i калі на ўсё горла ворагі прадракаюць: «Гора — гораду!» i абрушваюць на яго град камянёў i стрэлаў, горад адказвае ім пагардай. Да горада горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, i ён з'ядноўвае ix у радзіму, a разнаісную грамаду — смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гуртуе ў народ. I нават калі горад знішчаецца дашчэнту, згарае да гарадзішча, народ i радзіма становяцца тым радовішчам, з якога ён адраджаецца зноўку. У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе.Дуб
З усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні i самы будучы — ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну i будучыню i сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду. Аб дубе бытуюць паданні, але сам ён не дбае аб тым, каб каму-небудзь падабацца: уся яго турбота — каб i ўлетку, i ўзімку быць сабою самім — дубам. Усё, што робіцца з дуба, усё, што з яго будуецца, мае адменны характар: яно трывалае, яно добрае — яго не паточыць шашаль i ў ім не наробій,ь гнёздаў цвіль. Дуб i падобны да ўсіх іншых дрэў, i адрозніваецца ад ix менавіта сваёй большай драўлянасцю, дрэвавасцю: ён дрэва ў дзве кроці, у два разы, у «дубль». Дуб — тутэйшае дрэва ведаў: на ім сядзіць вешчая птушка бусел, пад ім — сівы дзед: вясковы буда.Жалеза
Жалеза ляжыць у зямлі, у залежы, у глыжы, калі ж яго дастаюць на паверхню зямлі, яго ліжа агонь i хрысціць молат, вылуджваючы i выштурхоўваючы яго са стану золаку ў стан дня. Жалеза мае мноства характараў, мноства кшталтаў: яно i лязо, яно i лыжка, яно i плуг, яно i жазло, але які кшталт яно мусіць займець, у які характар ужыцца, чый бок узяць — зла ці дабра — залежыць не ад яго. З кім жалеза варагуе, таго яно джаліць, з кім прыязніцца, да таго мае жаль. Джалячы, жалеза цэліцца ў жылу, лечачы, уздзейнічае на кроў i залозы i набліжае чалавека да адказнасці за самога сябе i за ўсіх, і робіць чалавека заложнікам яго ж учынкаў. Калі жалеза разважае пра сваё месца ў жыцці, яго залоціць іржа, калі знаходзіць яго — спаборнічае з бліскавіцай.Дым
Безмаёмасны, бы манах-дамініканец, i багаты, бы цар Мідас, дым падымаецца ўгору i падымае з сабою, што ўзняцца само не можа: бадылле, ігліцу, галіны, а часам нават будынкі. Але калі ў паднябессі ён адтуляе абдымкі, каб адняць ад сябе свой набытак, каб адмыцца i ачысціцца ад яго, ён адымаецца i сам: становіцца проста яснасцю, проста «невідзімнасцю», i паднябессе, як мытня, бесперашкодна прапускае яго ў свой эдэм. Дым думае, i хоць на мадэль яго думання ўплываюць шмат якія ўмовы i абставіны: адкуль ён распачынае сваю вандроўку — з даліны, з гары, ці з выдмы, якія «модлы» — каінавы ці авелевы — нясе з сабою i каму прысвячаецца — дэману ці дэміургу,— найпершая, найдамінантная ўмова — каб ён рухаўся, каб падымаўся, каб быў дынамічны, бо нерухомы — ён толькі сажа, толькі куродым, толькі туман. Дзе дым, там дом, i калі агонь для дома — дыямент, дык дым — дыядэма. Дым дамаўляецца i знаходзіць супольную мову з усімі стагоддзямі i гадамi i ўпадабняецца то матыльку, то гатычнай бажніцы, то пірамідзе, то дзьмухаўцу, то, урэшце, дамоклаву мячу, i па дыме, нібы па здымку, можна даўмецца, якія гэта стагоддзі i якія гады. Дым не падманвае нас: ён — матыў, які вынаходзіцца намі самімі i ў якім ёсць мы, ты i вы...Крыга
Адкрышаная ад цэласнасці, гутарачы i карагодзячы разам з іншымі «крыхамі», крыга плыве ў свабоду, туды, дзе стаіць горад Рыга, дзе ўюцца харугвы i дзе рыгво ракі «ўстрагае» ў мора, i па дарозе скругляе ўсё, што ў ёй ёсць квадратнага, сточвае ўсё, што ў ёй ёсць рагатага, i пакідае ззаду сябе ўсе тыя вярыгі, што лучаць яе з лядовай рыгарыстычнасцю. Яна мяняе скрыгат на рогат, а рогат — на супакой, прасякнуты музыкай Грыга,— i ўсё больш супадае з новаю цэласнасцю — з ракой. Наўкруг крыгі віруе плынь, несучы яе, быццам квадрыгу — коні. На крыгу ўскокваюць, каб пакатацца на ёй, хлапчукі — мясцовыя «крыганаўты». З юліянскага — старога — календара крыга ўплывае ў грыгарыянскі. Аб крызе спрачаюцца крызіс i адраджэнне. I, можа, тая скрыжаль, у якую сэнс упісаў схаваныя ад «Рыгведы» гімны,— крыга?!.Перашкода
Гэтакі код перашкоды: адоленая — яна шкадуе чалавека, неадоленая — шкодзіць яму, адоленая — яна «шакалад», неадоленая — шок, адоленая — дух згоды, неадоленая — дух варажнечы, кадук. Перашкода засяроджвае на сабе чалавечыя намаганні i чалавечую ўвагу, якія ў «роўных» абставінах змарнаваліся б i расцярушыліся б, збірае ix у «кош» i ў «кадушку», i пакуль «кош» i «кадушка» не напоўняцца дарэшты, яна не ўступае чалавеку дарогі i не дае перадышкі, але як толькі напоўняцца — адчыняе браму ў шырокі абшар. Перашкода не ашуквае чалавека, а дашукваецца ў ім да прычыны, што растлумачыла б яе самую,— i няма ад яе іншай мікстуры, іншых таблетак, іншага парашка, як толькі перажыць яе ўсёю душою: ад — да. У гонар перашкоды не складаюцца оды, аднак яна — школа, што запрашае чалавека расці вышэй за сябе, i толькі таго, хто прайшоў першы клас, яна пераводзіць у ДРУгі.Дзверы
Дзверы адчыняюцца ў два бакі, у дзве веры: у прыход i адыход, у прыйсце i выйсце. Яны робяцца з жывой матэрыі — з дрэва, з дзерава, i адгукаюцца табе тваім жа стукам: асцярожным — на асцярожны, бадзёрым — на бадзёры, усхваляваным — на ўсхваляваны... Дзверы аддзяляюць унутраную прастору ад знадворнай, i той, хто ўваходзіць у дзверы, уваходзіць у новае становішча, у новую веру: з «нідзе» — у «дзе», з дня — у «дзень добры», з двара — у «дзяржаву». Дзверы — перагародка, але «дзіравая», рубеж — але схільны да «дэзерцірства», забарона — але не зацвярдзелая: раз-пораз яна «рэвізуецца», i тады замест яе зеўрыць прахон. Падмазаныя — дзверы маўчаць, непадмазаныя — верашчаць, цвярозыя —- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (14) »