Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Грахоўскі >> Поэзия >> Недапісаная кніга >> страница 31
Чым стрэне яго мой знявечаны люд?
Не, шчасця не будзе нам без пакаяння,
Крыві не даруе Гісторыі суд.


Салаўіны плач
Не ўцяміць адразу i што гэта значыць,
Чаму салаўі не спяваюць, а плачуць,
Не зычаць зязюлі наступных гадоў
I не суцяшаюць ні дзетак, ні ўдоў?
Напэўна, яны невядомае нацыі,
Убачылі гора i жах радыяцыі.
Чаму забуялі i чэмер, i блёкат,
Чаму юнакі пакаціліся ўпокат
I у нябыт адыходзяць навекі?
Чаму выміраюць крыніцы i рэкі?
Усё ад бяды, ад бяды, да — бяды.
Чаму, як шкляныя, звіняць жалуды?
Чаму на пялёсткі зрудзелае руты
Вясной асядаюць расінкі атруты,
Як чорныя воспіны, ўзвеяны пыл
Ляціць ад калысак да ранніх магіл?
Лісты ападаюць вясной у гаі,
I жаласна плачуць у ім салаўі.
Не чутна улетку пчалінага звону?
Іх ветры загналі ў палынную зону,
I дзяцел пакінуў ссівелы гушчар,
Бо кожнае дрэва страшней за анчар.
Кашчавая хіжымі пальцамі клацае, —
Збірае багаты ўраджай радыяцыя.
Як здані, блукаюць у полі аратыя,
Паціху пытаючы: «Дзе ж вінаватыя?:
30/IV—95


* * *
Пакуль агеньчык не патух,
Віецца дальняя дарога,
Але штодня вузее круг,
A ўперадзе няма нічога.
Пакуль гляджу на белы свет,
Пакуль няроўна сэрца б'ецца,
A спыніцца, — апошні след
I на пяску не застанецца.
Усё прыходзіць без пары,
Азмрочвае жалоба святы,
Знікаюць лепшыя сябры,
I страты памнажаюць страты.
У нейкі дзень календара,
Не за далёкімі гарамі,
Надыдзе i мая пара
Сустрэцца з даўнімі сябрамі.
Апошніх ракавых гадзін
Ніхто не ведае ніколі,
Калі адзін, зусім адзін
Ён знікне, як пясчынка ў полі.
20/11—9/IV—95


ПЕРАКАЗЫ З РОБЕРТА БЁРНСА
Надпіс на папяровых грашах
Я праклінаў шматок паперы,
Бо ён суровы быў без меры:
Ён разлучыў мяне з каханкай,
З шынком, сябрамі, грогу шклянкай.
Ён кідае сумленны люд
У голад, у жабрацтва, бруд.
Я бачыў, як шчаслівы злодзей
Рабуе бедных пры народзе.
Ён мой спрадвеку люты вораг,
Яго я струшчыў бы на порах,
Але яму — ўсе насцеж дзверы,
Бо Урад яму даў шмат паперы.
Каб гэты перажыць падман,
Хоць ты ўцякай за акіян.
Надпic на алтары незалежнасці
Хто незалежны, вольны, горды,
Сумленны i рашуча цвёрды,
Каго натхняе барацьба
За волю i за лес раба,
Хто ставіць ката на калені
Па волi ўласнага сумлення,
A ў сэрцы — неастылы жар,
Таму вароты — насцеж на алтар.
Адказ вернападданым
Вы верныя трону, нібыта авечкі,
Балюеце, ставіце Іраду свечкі,
Вас хутка нянавісць народа дагоніць,
I хто вас ад кары тады абароніць?
Помнік, пастаўлены Бёрнсам на магіле Роберта Фергюсона
Hi урны няма, ні ўрачыстага слова,
Лісты да магілы засыпалі след,
I толькі нячэсаны камень суровы
Гаворыць: «Шатландыя, тут — твой паэт».
Надпіс на магіле школьнага педанта
«Узяць у пекла, — быў загад, —
Tагo, што так вучыў дзяцей,
I там, бясспрэчна, з чарцянят
Ён навыхоўвае чарцей».
Джонсану
Дзялкі мацёрае пароды
Клянуць свабоду i да гэтых дзён,
Калі ж стаў геній ворагам свабоды,
Самазабойца ён.
Перакладчыку Марцыяла
О ты, каго паэзія прагнала,
Хто ў прозе двух радкоў не склаў,
Ты чуеш крык паэта Марцыяла:
«Ратуйце, гвалт! Мяне ён пераклаў!
Радкі пра вайну i каханне
Прыкрыты лаўрамі разбой,
З крывёй, з паходнаю трубой
Не варты анізвання.
Я кроў гатоў аддаць сваю
За жыццятворчасць, што пяю,
I што завуць каханнем.
Я слаўлю мір, i моц яго,
I радасць, i дастатак.
Стварыць прыемней аднаго,
Чымся забіць дзесятак.
Аб кепскіх дарогах
Я дабіраўся ўплаў i ўброд
I ўсё маліўся Богу,
Чаму ж не любіць наш народ
Рамантаваць дарогу?
Хай з Бібліі адзін радок
Запомняць грэшныя народы,
Каб ix гультайскі гарадок
У пекле не гарэў заўсёды.
Да партрэта Роберта Фергюсона, шатландскага паэта
Пракляцце тым, што, як звяры i чэрці,
Далі паэту з голаду памерці.
Старэйшы брат мой па служэнню музам,
Ты ледзьве дыхаў пад смяртэльным грузам.
Я ўспамінаю твой трагічны лес
I горка плачу, хоць не маю слёз.
Чаму пясняр i ў змроку забыцця
Так адчувае хараство жыцця?
Дзяўчыне маленькага росту
Таму i меншы мой алмаз
За слуп гранітны на магіле,
Каб, паглядзеўшы, кожны раз
У сто разоў яго цанілі.
Люстэрка
Ты называў мяне савой,
I думаў пра сябе, што нешта значыў,
Бо ты ў саве адбітак свой,
Як у люстэрку, бачыў.
Да партрэта
Ягоныя вочы не хлусяць
I пазіраюць так як след,
Але яны прызнацца мусяць,
Што гаспадар ix прайдзісвет.

1

Я. Пфляўмбаўм, З. Бандарына, Н. Вішнеўская паэтэсы-маладнякоўкі.

(обратно)

2

Выдзеленныя сказы належаць Я. Пфляўмбаўм.

(обратно)

3

Бес — д'ябал (руск.).

(обратно)