Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Современная проза >> Смута

Андрэй Федарэнка СМУТА


Падрыхтаванае на падставе: Федарэнка, А. Смута: аповесці, апавяданні / Андрэй Федарэнка. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 224 с.

ISBN 5-340-01298-0


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


ДА МАГЧЫМАГА ЧЫТАЧА


Гэтая кніга, шаноўны магчымы чытач, пісалася мною амаль чатыры гады. Я пісаў свае апавяданні і аповесці, шчыра спадзеючыся, што выказваю ў мастацкай форме пэўныя настроі, думкі частачкі блізкіх мне па духу людзей, я цешыў сябе надзеяю, што нейкаму незнаёмаму майму аднадумцу ад гэтай кніжкі стане трошкі лягчэй жыць — магчыма, ён адчуе сябе не такім адзінокім і знойдзе ў асобе аўтара для сябе сябра.

Калі ж я сабраў кніжку, падправіў яе, шмат што перапісаў нанова, перачытаў больш уважліва яшчэ раз — як бы чужымі вачыма, калі ўспомніў тыя вусныя і пісьмовыя водгукі на маё раней друкаванае — я ўбачыў самы вялікі недахоп гэтай кніжкі. Я зразумеў, што яна не зможа задаволіць нават самага нястрогага, паблажлівага чытача, бо не дае адказу на пэўныя пытанні, у прыватнасці, — для чаго аўтар усё гэта пісаў і што ён гэтым хацеў сказаць? I даць адказ на гэтыя пытанні мастацкім творам нельга. Кніжцы патрэбна нейкае іншае завяршэнне.

Я прыгадаў, што еўрапейскія пісьменнікі амаль скрозь выдаюць кнігі з аўтарскімі тлумачэннямі, што там шырока распаўсюджаны аўтарэцэнзіі, што былі такія кнігі ў рускіх і ў рускіх савецкіх пісьменнікаў, што двухтомнік «Кругі» нашага Янкі Скрыгана пабудаваны таксама арыгінальна: кавалачак біяграфіі — мастацкі твор, напісаны ў гэты час, што легла ў аснову твора, хто прататып, як друкаваўся... аж да “шуфляды пісьменніка”, раскрыцця розных таямніцаў пісьмснніцкай лабараторыі. Цікавая, між іншым, атрымалася кніга.

Адно з распаўсюджаных у літаратурным свеце выказванняў — што мастацкі твор і не павінен адказваць ні на якія пытанні, ён нават не абавязаны іх ставіць, што сапраўдная, высокамастацкая, урэшце элітарная літаратура тым і адрозніваецца ад шэрага традыцыйнага гладкапісу, што чытач не павінен ведаць, што хацеў сказаць аўтар. Я з гэтым не магу пагадзіцца. Чаму я павінен лічыць свайго магчымага чытача дурнейшым за сябе, аўтара, чаму павінен выстаўляць сябе разумнікам, які адзін ведае, пра што піша? Нешта хаваць, недагаворваць? Набыўшы ў кнігарні ці ўзяўшы ў бібліятэцы кнігу, чалавек спадзяецца знайсці ў аўтару роўню сабе, шчырага сябра — а шмат хто з нас захоча сябраваць з чалавекам, які выстаўляе сябе разумнейшым?

Усе мае каментарыі, адказы на пэўныя пытанні магчымы чытач знойдзе ў канцы кнігі, бо яны знітаваны, пераплецены з мастацкімі творамі і з'яўляюцца не столькі тлумачэннямі да іх, твораў, колькі — працягам, своеасаблівымі маленькімі эпілогамі, — без мастацкай часткі эпілогі гэтыя будуць толькі наборам сказаў.


Смута альбо XII фантазій на адну тэму


Фантазія I: ЗНАЁМЦЕСЯ, КАЛІ ЛАСКА!
Цёплай майскай раніцаю ла дворык былой мінскай школы нумар X зайшлі трое: два маладыя, высокага росту, па-вясковаму апранутыя дзецюкі (у аднаго пад пахаю чарцёжны тубус) і жанчына ў чырвонай квяцістай хустцы, з кошыкам у руцэ. Яны неяк нерашуча спыніліся каля варотцаў-круцёлкі і сталі азірацца.

Што дворык быў страшэнна недагледжаны, што гады з тры тут не чысцілася, не прыбіралася і не высякалася — гэтак сказаць будзе недакладна. Стваралася ўражанне, што не ў цэнтры вялікага горада ўсё гэта, а дзе-небудзь на вясковым пагарэлым; вось калі згарала датла сядзіба, дык гаспадары і чужыя людзі, баючыся сяліцца зноў на гэтым месцы, аддавалі яго поўнай запушчанасці. Справа і злева ад дарожкі, што вяла да школьнага корпуса, разлапістымі карчамі рос бэз, трохі далей — нізкарослыя акацыі, дзікія слівы, густая вершаліна арэшнікавага куста... мабыць, каб знарок паставіць сабе такую мэту, дык знайшоў бы ў гэтым батанічным садзе ўсе гатункі кустоў і дрэў, якія толькі ёсць на Беларусі. Бэз уверсе прыгожа, буйна цвіў і паўз дарожку абламаны быў бязбожна, скрозь у нейкіх хадах-лазах, быццам праз гэтыя карчы разы два на дзень ганялі туды-сюды статак кароў. Перад школьным ганкам на высокім бетонным слупе свяцілася электроннае табло, выбіваючы штохвілінна зялёнымі кропкамі:

ГІМНАЗІЯ НОВАГА ТЫПУ № X... 10.30... t +І5°С... ГАМА-ФОН 0.015... 199...

Дворык гэты (ці алея — не ведаю, як сказаць) быў немнагалюдны. На школьным ганку крычалі і звінелі капейкамі дзеці, ды трохі далей ад варотцаў, на лаўцы, перадаючы адна адной пасля кожнай зацяжкі дымную самакрутку, курылі тры маладзенькія, гадоў па пятнаццаць, дзеўкі. Вяскоўцы між тым агледзеліся, мабыць, асмялелі, падышлі бліжэй і размясціліся на лаўцы насупраць курыльшчыц.

Хвілін пяць, не меней, у поўным маўчанні кампаніі сузіралі адна адну. Сузіраць было што — курыльшчыцы: першая — у новенькіх мужчынскіх трусах да каленяў (зрэшты, гэта маглі быць і не трусы зусім, а новая разнавіднасць шортаў), у кедах і ў такой вузенькай, ліліпуцкай кашульцы, што рукавы зашпіляліся на локцях, а ніжні гузік па цэнтры жывата; другая красавалася ў пекнай джынсавай спаднічцы, абточанай знізу гафтаваным, па тыпу начной сарочкі, арнаментам (акрамя гэтай спаднічкі, на дзяўчынцы не было больш нічога... хіба што яшчэ толькі грудзі былі прыкрытыя двума маленькімі кружкамі матэрыі ў выглядзе бутонаў цюльпана); урэшце, трэцяя была, у ад-розненне ад другой, голая знізу і апранутая зверху — у заношаны ваўняны світэр, які даставаў трохі ніжэй пояса і (яна сядзела) адкрываў любому позірку распусную і страшную сваёй белатою палоску трусікаў. Такі моцны кантраст быў толькі ў адзенні, а ўжо, напрыклад, прычоскі асабліва і не вылучаліся., Ува ўсіх трох галовы былі акуратна пабрытыя, за выключэннем макавак. У той, што ў штанах, пасмачка на макаўцы была рыжанькая і расла ўверх, пальмаю; у голай да пояса — тонкая, доўгая, з каснічком на канцы, а ў той, што з голымі нагамі, — каштанавая і пушыстая, як хвост у маленькай вавёркі.

Вяскоўцы глядзеліся куды як прасцей. Ну, картовьгя штаны, пінжакі, чаравікі, галаўныя ўборы — гэта ў мужчын... На адным — шапка чыгуначніка з эмблемай малатка і штангенцыркуля, на другім – нейкая шэрая скураная кепка. На жанчыне — вышыванка, кабат (пра хустку ўжо казалася), на нагах — шнураваныя высака боцікі. Па тварах усім гадоў па трыццаць пяць, а ўлічваючы непераборлівасць у адзенні, можа, й больш. Пяць хвілін прайшлі, і некаму трэба было пачынаць гаварыць.

– Людзі добрыя, мо ў вас часам завалялася жменька махоркі, — жаласліва папрасіла Вавёрчын Хвост і працягнула нават далоньку, паказваючы, колькі мала трэба. — Адсыпце бедным!

– Лісце курым, — паскардзілася Рыжая Пасмачка.

Сказаны былі гэтыя словы зычліва, без, як