- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (60) »
Андрэй Федарэнка ШЧАРБАТЫ ТАЛЕР
Падрыхтаванае на падставе: Андрэй Федарэнка, Шчарбаты талер: Аповесьць, апавяданьні — Мінск: Юнацтва, 1999. — 207 с. ISBN 985-05-0307-6
Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 © Камунікат.org, 2010
ШЧАРБАТЫ ТАЛЕР
Часціна першая. ЗАГАДКАВАЯ МАНЕТА
Раздзел 1. АКСАНА — «ВЬІКРАДАЛЬНІЦА» ДЗЯЦЕЙ Бацька зірнуў на куханны гадзіннік, умацаваны ў шафцы над газавай плітою, адсунуў кубак з недапітай гарбатаю. — Дзіўна... — прамармытаў ён. — Увесь час думаю, чаго не хапае? Аказваецца, тэлефон маўчыць. Аж не прыпомню такога вечара, каб ніхто не званіў, каб я нікому не быў патрэбен... Можа, тэлефон сапсаваўся? Аксана, седзячы насупраць і п'ючы гарбату, паціснула плячыма. Бацька выйшаў у пярэднюю, хутка вярнуўся. У адной руцэ ён трымаў тэлефон, у другой — шнур з выцягнутай з разеткі вілкаю. — Аксана,— сказаў бацька, зморшчыўшы лоб, падазрона ўглядаючыся ў дачку (ён быў блізарукі),— што гэта значыць? Навошта ты адключыла тэлефон? — Ну, выцірала пыл у кутку каля разеткі... Можа, неяк выпадкова зачапіла шнур, ён і вылузнуўся. Бацька ўздзеў на нос акуляры, але позірк яго і цяпер, праз шкельцы, не змяніўся, вочы глядзелі на дачку з тым жа падазроным прыжмурам. — Я табе не веру. Што ты зноў утварыла? — Нічога. — Што ў школе? — Нічога. — Ты гаварыла сёння з завучам, як мы дамаўляліся? Сказала яму, што заўтра ты прапусціш урокі, бо мы едзем да бабулі? — Супакойся, я... гаварыла з завучам. — Ён адпусціў? — Адпусціў. Сказаў... сказаў: «Ты добрая дзяўчынка, едзь на здароўе хоць на адзін дзень, хоць на некалькі, хоць да канца вучобы»... Бацька не даслухаў і махнуў рукою, у якой трымаў шнур. — Не, штосьці тут не тое... Вось зараз сам перазваню яму дамоў і спытаю,— і бацька знік. Аксана ўздыхнула. Ну, зараз пачнецца... І чаму гэта дарослыя так любяць праўду, так дабіваюцца яе? Калі б усе гаварылі толькі праўду, што за жыццё было б?.. «Аксана, ты адключыла тэлефон?» — «Так, я адключыла тэлефон».— «Навошта?!» — «Таму, што завуч збіраўся званіць табе, каб выклікаць назаўтра ў школу».— «Навошта?!» — «Каб пагаварыць пра мае паводзіны»... Цьфу! Праўда страшэнна нудная і нецікавая... Дзяўчынка прысела каля стала, пад якім стаялі дзве вялікія гаспадарчыя сумкі, упакаваныя на заўтра. Пад рукой прыемна захрабусцела новенькая слюда. Вось якім падарункам бабуля будзе радая — квятасты летні халат, кітайскія пухнатыя пантофлі... Дзіўна: у бабулі свая хата, свой агарод, а яны вязуць ёй з Мінску гуркі, памідоры, клубніцы... Няўжо бабуля нічога гэтага яшчэ не пакаштавала? Нашто тады агарод? Ці ў травені гэта яшчэ не паспявае?.. Дадумаць ёй не даў бацька, які, пагаварыўшы па тэлефоне, зноў з'явіўся на кухні. — Вылезь зпад стала! — загадаў ён зусім іншым голасам. Аксана паслухалася, прысела на табурэт, апусціла галаву, убачыла на правым калене, пазаўчора абадраным, чорную засохлую скарыначку, паспрабавала скалупнуць яе пазногцем. — За адну хвіліну ты ўмудрылася схлусіць мне тройчы,— марудна расцягваючы словы, пачаў бацька.— Ты адключыла тэлефон і не прызналася. Ты не адпрошвалася ў завуча. Ты не сказала, што мяне заўтра выклікаюць у школу... Што гэта за запіска?! — не ў сілах больш стрымлівацца, усклікнуў бацька. Скарыначка скалупнулася, і Аксана, не падымаючы галавы, пагладжвала бледнаружовы след на тым месцы. — Я чакаю. І пакінь у спакоі калена! — Запіска? — Аксана падняла на бацьку бязвінныя сінія вочы.— Ты пра якую запіску? — Перастань! А што, іх было некалькі? Запіска, якую ты паклала ў класны журнал настаўніцы замежнай мовы! — А, гэтая. А чаму яна абзываецца? — Хто? Запіска, настаўніца? — Настаўніца. — Як яна абзываецца? — Так. Увесь клас не вывучыў на памяць словы, і яна ўсім пачала ставіць двойкі, і нікому нічога не казала, і толькі мне, ставячы, сказала: «Камукаму, а табе, Гамола Аксана, трэба зубрыць дзень і ноч!» — Ну і што тут такога? Правільна сказала! — Як ты не разумееш? Значыць, я горшая за ўсіх? Я ведаю, яна не любіць мяне. Прыдзіраецца. Яна заўсёды гаворыць: «Камукаму, а табе...» — Лухта нейкая,— бацька прыклаў да шчок далоні, быццам яму раптоўна забалелі зубы. — Так, яна лічыць мяне горшаю за ўсіх,— упарта паўтарыла дзяўчынка.— Бо я непрыгожая. Бо ў мяне бацька... — яна хацела сказаць «бедны», але, зірнуўшы на бацьку, пашкадавала яго,— небагаты. Бо ў мяне няма маці... Гэта быў забаронены прыём. Бацька перастаў церці шчокі, падышоў да падаконніка, пабарабаніў па ім пальцамі, паглядзеў у акно. — Лухта... Пры чым тут горшая, непрыгожая... — прамармытаў ён, стоячы да дачкі спіною. У яго голасе не засталося і следу строгасці, а была толькі разгубленасць.— Ніякая ты не горшая... Ну, і далей? Настаўніца абазвалася, а ты што? — А я напісала на паперцы: «Калі вы не перастанеце гаварыць адной вучаніцы ўвесь час «камукаму, а табе...», заўтра ваш сын будзе выкрадзены. І вам давядзецца выкупляць яго за мільён даляраў». І падпісалася — «Невядомы». Бацька, нібы яму зноў схапіліся балець зубы, прыцмокнуў языком, пацёр скроні: — «Невядомы»... А калі б яна пайшла з гэтай запіскаю ў міліцыю? — Не, яна перапалохалася і адразу да сына пабегла. Ён у нашай школе ў першым класе вучыцца. Ведаеш, як яна за ім бегае? — Аксана ажывілася ад успаміну.— На кожным перапынку вядзе яго ў настаўніцкую; корміць там... — Пачакай, дагавары пра запіску. — Ну, напісала, тады на перапынку Каця знарок паклікала яе, яна адвярнулася, і я хуценька ўклала запіску ў класны журнал. — Канспіратары... Добра,— сказаў бацька.— Дапусцім, ты пакрыўдзілася і адпомсціла такім чынам. Але калі ўсе небагатыя, і ўсе, у каго няма маці, і ўсе, скажам, непрыгожыя пачнуць пісаць такія запіскі? Тады што? У хвіліны разгубленасці бацька заўсёды хаваўся за развагамі тыпу: «А калі ўсе пачнуць так рабіць?» — А чаму яна абзываецца? — вярнулася Аксана да таго, з чаго ўсё і пачалося. Цяжка было змагацца з гэтай логікай. Бацька здаўся: — Добра, заўтра разбярэмся... Позна ўжо, ідзі збірайся спаць. — А што сказаў завуч? — Зайсці да яго. Давядзецца раней устаць, і па дарозе на вакзал зойдзем у школу. Задаволеная, што так лёгка ёй усё абышлося, Аксана глядзела ў большым пакоі тэлевізар. А бацька яшчэ доўга курыў на кухні. Ён успамінаў сваю былую жонку, Аксаніну маці: як жыў з ёю, як потым развёўся... Нягледзячы ні на што, ён згадваў яе з любоўю, з падзякаю за тое, што пакінула яму дачку — гэтую выдумляльшчыцу, шкодніцу, неслуха і разам з тым усё адно самую лепшую ў свеце, самую любімую дзяўчынку.
Раздзел
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (60) »