Литвек - электронная библиотека >> Нiна Мацяш >> Поэзия >> Шчаслівай долю назаві...

Ніны Мацяш Шчаслівай долю назаві...


Падрыхтаванае на падставе:  Мацяш Н. Шчаслівай долю назаві...: Лірыка.— Мн.: Маст. літ., 1990 — 110 с.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


ВІЗІТНАЯ КАРТКА
Спытаюцца: «Адкуль ты?
Скуль ты родам?»
I адкажу:
— З палескай той раўніны,
Якая з даледавіковых часаў
Пароднена і з доляй, і з нядоляй.
О, нездарма яна, мая старонка,
I Белым возерам глядзіць,
Як вечнасць,
I Чорным возерам глядзіць,
Як памяць...
Бярозаўшчына!
Жылкаю блакітнай
Пульсуе Ясельда ў цябе на скроні.
Вясёлыя гаі твае бярозавыя
Нітуюцца з барамі ды з дубровамі,
Каб з травамі, імхамі, чаратамі
Няўзнак на ўвесь зеленасвет Еўропы важыць.
А ці ж не так і чалавечы лёс твой
Панітаваны з лёсам чалавецтва,
Мая Бярозаўшчына?!
Колькі тысяч
Дзяцей сваіх ахвяравала ты
I землям іншым, і народам іншым!..
I апыналіся бярозаўцы твае,
Чарнявыя ды русыя,
Натоўпам безаблічных бежанцаў ці эмігрантаў...
Выдатна патраплялі змазалелыя іх рукі
Выпешчваць каву на плантацыях Бразіліі,
Вылузваць вугаль з нетраў Чылі,
Выдойваць буйваліц у пампах Аргенціны,
Вылоўваць жэмчуг у прадоннях Палінезіі...
Але з гадамі выяўлялася, што з дна
Нядольнага туляння здабываўся імі
Адным-адзіны скарб:
Туга няшчадная
Па крыку кнігаўкі
Над лотацева-залатым разводдзем,
Па аксамітных азярынах лёну сіняга,
Па далікатным
Бэзава-ружовым цвеце бульбы,
Па васілёчку ў жыце ды буслянцы на страсе.
Не адбалець такому болю.
Шукалі хлеба на чужыне,
Чужынцамі ж падцятая, падмятая
Зямля радзінная была
Для самых лепшых,
Для адданейшых сыноў, дачок сваіх
Злавеснейшым
Канцэнтрацыйным лагерам «Бяроза»:
Як люта катавалі там, як праглі ўсмерціць
Самую думку, мару згаладалых
Пра іх найсаладзейшы хлеб —
Хлеб долі-волі
На прадзедамі тканым,
Адбеленым ад глуму чорнага абрусе
Матчынай мовы...
Век не прыцьмець у памяці людской
Ні Мальчы прамінулага стагоддзя,
Засечанай да смерці бізунамі
За бунт супроць улад;
Ні расстраляным карнікамі Осаўцам
За тое, што найпершымі ў раёне
Калгасам выйшлі сустракаць вясну;
Ні Здзітаву, вядомаму яшчэ
Ў часы Іпацьеўскага летапісу, сёння ж
Бяссмертна ўслаўленаму Здзітаўскаю абаронай;
Ні юнаму Белаазёрску,
Што рукатворным сонейкам расцвіў,
Каб не вярнуўся болей змрок былога.
Бярозаўшчына
Ўмелі пастаяць
За гонар свой, за песеннае заўтра твае дзеці —
Твае Альшэўскія ды Кутнікі, Труцькі,
Вячоркі, Руцічы, Хвядчэні
Барушкі, Коласы ды Салаўі,
Іх мноства, нескароных,
Хоць былі
I ямішчы пры кляштары ў Бярозе,
I ўрочышча Смалярка, і траншэі
Утульналесай Броннае Гары,
Дзе тысячамі гінулі бязвінна
Славяне й неславяне,
Дзе па-зверску
«Звышчалавекі» нішчылі людзей.
Яшчэ й цяпер
Зялёную травінку з тых мясцін
Прыкусіш задуменна — й толькі потым,
I толькі потым сцяміш, скуль ён, гэты
Саленаваты прысмак на губах...
О ты, бяссмертны кругабег Жыцця!
Ды шчасна ўсведамляць, што на Зямлі,
Усюды, ўсюды, пад любым сузор'ем
А некалі ж ды выспее пара,
Калі любое селішча людское,
Як наша вёска Горыч,
Збудзе горыч
І назавецца Светачам нарэшце!
Гляджу на жытнія разлогі кута роднага
І думаю:
Хай ясніцца Твой дзень,
Хай непарушна мірным будзе неба
Над шчырай працай і над адпачынкам
Дзяцей Тваіх неваявітых, працавітых,
Хай зоркамі дастатку й хараства
Дамы іх свецяцца,
Як свецяцца іх душы!
Ім ёсць чым ганарыцца,
Ёсць чым жыць, I што апець,
I што яшчэ стварыць!
1986


СЯБРАМ
Я не ару, не сею і не жну,

як не праду, не тку і не будую.

Елісавета Баграна
Куды ні траплю — скрозь магу разлічваць
Калі не на свяцільнік — на лучынку,
Як не на белы хлеб — хоць на скарынку,
Як не на малако — хоць на ваду:
Людскога клопату хаця б расінку
Паўсюль знайду.
I не падлічваюць пры гэтым людзі,
А што за гэту ласку ім прыбудзе.
Я ж не ару, не сею і не жну я,
I не праду, не тку і не будую —
Выводжу толькі думкі на папас,
Над словам праўды зболенай шчырую.
Ці дарасту, ахвярнікі, да вас?
1987


I ТЫ — РАДЗІМА
Башкірыя! Зноў раннія снягі
Імкнуць з нябёсаў на твае разлогі,
А ты зычліва сцелеш мне пад ногі
Кілім гасціннасці найдарагі.
Башкірыя! Не бачыла яшчэ
Ні гор-лясоў тваіх, ні Агідэлі[1],
Ды ўжо мяне так шчодра абагрэлі
Агні твае ў імзе маіх начэй.
Башкірыя! Калі яшчэ вясна
З яе магутнай, жыватворнай ласкай?!.
Але цвіце дзівоснейшая краска
Душы тваёй, і мне цвіце яна!
Услухваюся ў песню: о, як шмат
У ёй журбы!.. Нібы ў бярозы ніцай...
Башкірыя! Мы ўжо не чужаніцы.
I ты — Радзіма. Дзякую. Рахмат.
1985


НЕ ТРЭБА ПЫТАЦЦА
Не трэба пытацца, што можа
Любоў наша, еднасць людская:
Не ўсё ўзяць нам тут на аброжак,
Вось справа якая.
Ды ўсё ж узаемныя смуткі
Мы здольны хоць трошкі ўтаймоўваць —
Пакуль не змялела ціхутка
Сардэчная мова.
Купаным у гэтым вытоку
Найгодных людскіх парыванняў,
I сам ён кладзецца пад крокі —
Шлях да ратавання.
1984


МАТЫЛЁК