Литвек - электронная библиотека >> Эдуард Акулін >> Поэзия >> Радно

Эдуард Акулін РАДНО


Падрыхтаванае на падставе: Эдуард Акулін, Радно: Вершы — Мінск: Палібіг, 2000.


© Камунікат.org


Ад аўтара


Кнігу вершаў “Радно” напаткаў нешчаслівы лёс. Увесь яе наклад (500 паасобнікаў) па загаду дырэктара выдавецтва “Палібіг” Аляксандра Зубца у 2000 годзе быў пушчаны пад друкарскі нож. Згодна афіцыйнага акта “в связи с неправильным оформлением” , насамрэч па палітычных прычынах. Асабліва прыйшоўся недаспадобы сучасным кніжным інквізітарам верш “Паэт”, прысвечаны народнаму Беларусі Нілу Гілевічу, які гучыць як прысуд аўтарытарнаму, антынацыянальнаму рэжыму:

Пры гэтым народзе,
пры гэтай уладзе
паэтаў народных
штурхаюць на здраду...
Паэтаў вялікіх,
чый век несканчоны,
змушаюць маліцца
на псеўдаіконы.
Віжуюць, не спяць
слугачы-янычары.
Драпежна рыпяць
валадарскія нары...
За кратамі песня.
Ды гэтага мала...
Няўжо уваскрэсне
забойца Купалы?
Пры гэтым народзе
з уладаю гэткай...
Як мала народных --
сапраўдных Паэтаў!
Аўтару ўдалося выратаваць толькі 10 (сігнальных) асобнікаў зборніка, які на сёння з’яўляецца бадай самым рарытэтным паэтычным выданнем на Беларусі. Перавыданне “Радна” яшчэ наперадзе. А чытачы інтэрнетпарталу “Камунікат” могуць пазнаёміцца са зместам “парэзанага” ды не знішчанага “Радна” ў яго віртуальнай іпастасі.

Анёл з адным крылом...


* * *
Чакаю цішыні.
Як скрыпка першай ноты.
Баюся вышыні –
стаміўся ад палёту...
Шукаю дабрыні,
а сам з сябрамі хцівы...
Жыву назад, калі
быў як анёл шчаслівы.
І шчыра верыў -- гром
не здольны здрадзіць хмары...
Анёл з адным крылом,
але якім – гітарным!


* * *
Я хацеў бы пісаць, як жыву, --
Так, як піша Мікола Купрэеў.
Пра аблокі, што скрозь плывуць
праз душу і, як дым, чарнеюць...
Я хацеў бы пісаць, але
так пішу, як я сам умею.
Бо мой сон, нібы Сож змялеў,
а на сподзе душы -- лілея...
Гэта здрада – мая віна,
хоць пра здраду пісаць нягожа.
А заплачу – гарчэй віна
смутак – згублены колісь нож мой.
І слязіна мая – як кроў,
што падсочана з роду Дрэва,
дзе ўпадзе яна – там Любоў,
там світальных валос залева...
Там Чарнобыль – матулін боль,
што жыцця разарваў аорту...
Там Радзіма – мая Юдоль,
пекла з Богам і вырай з чортам.


* * *
Паэты пачынаюцца з любові
да страчанай, зняважанай Айчыны.
Паэты пачынаюцца са слова
з таемным сэнсам першае прычыны.
Паэты пачынаюцца з жанчыны,
якая здрадай плаціць за каханне.
Паэты пачынаюцца з хвіліны,
калі нябёсы клічуць на спатканне...
Паэты пачынаюцца са славы,
з якою не самотна ім памерці.
Пачатак для паэта – гэта права
законны шлюб да трыццаці узяць са Смерцю.


* * *
О, Беларусь – абліччам Божай маці --
сыноў сваіх, што прадалі Агмень,
дзе моц бярэш, каб гнеўна не праклясці,
дзе слёз бярэш, каб бласлаўляць з калень.
У ценю ад чарнобыльскага крыжа
іудаў крык параніў цішыню...
Даруй, Радзіма, слова «ненавіджу»,
што сёння прамаўляю ўпершыню.


Агонь
Хто сказаў, што агонь не жывы,
той не бачыў агню жывога.
Зніч алтарны – заўжды жывіць
мне душу чысцінёю Бога.
Дакараем, што часам злым
ён бывае, а самі злыя...
Хай агонь, што гарыць дваім
будзе добрым, павек не дыміць...
Калі час, нібы воск, збяжыць
на апошняга дня імшы,
не спяшайце агонь тушыць,
ён – маяк на шляху душы.


Шлях
Шукаю Радзіму
скрозь леты і зімы –
нідзе яе не знаходжу.
Слухмяны, бунтоўны,
святы і грахоўны
іду, але не выходжу...
А шлях не зыначыць,
хоць часам не бачна
і птушкам свайго тору...
Вяртацца адвеку
зажураным рэкам
назад – у палон мора.
Шукаю Радзіму –
хай нават знайсці мне –
слязіну на дне гора.


Скруха
Бровы хатаў снег ахутаў.
Завіруха вые глуха.
Адзіхацела і патухла
лязо ракі у похвах луга.
А да вясны яшчэ так многа –
як граху да веры ў Бога.


Мара
Восень вымошчвае высі
золатам зорнай лістоты.
Сядзем удвух, як калісьці,
пад небасхілам самоты.
Гэтак мінаецца лета.
З мрояў адроіцца мара –
разам у бездань Сусвету
рушыць насустрач пажарам...


Спаліць масты...
Палю масты,

Ды пакідаю палі,

Каб новы мост

Наслаць на чым было...

(Рыгор Барадулін)
Паліць масты – для дужых духам праца.
Паліць масты – няпростая забава.
Паліць масты – з самім сабой застацца
па розныя бакі ад пераправы.
Паліць масты – душы патрабаванне.
Паліць масты – не кожнаму пад сілу.
Паліць масты, каб здраду і каханне
рачная плынь навекі раздзяліла.
Палю масты, але з адной умовай,
як ведаю, што болей не вярнуся...
Палю датла, а толькі на палову –
наўрад ці і з гадамі навучуся.