Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Някляеў >> Современная проза >> Вежа >> страница 3
Моргаўка з роду таго самага Моргаўкі са Стрыпун, які некалі паехаў у Амерыку, каб купіць зямлю на дне акіяна, а замест гэтага стаў мільярдэрам. Хрысціна Сымонаўна Цімку не асадзіла, бо ён быў сынам старшыні калгаса, але адказаць яму нічога не змагла, таму, прыйшоўшы са школы дахаты, села каля акна, за якім адцвіталі ганарлівыя вяргіні, і, гледзячы на гэтую чароўную, але не вечную прыгажосць прыроды, напісала на газету скаргу. Ну, куды ў нас пішуцца скаргі, мы ўсе ведаем. Ці нам у аўтобусе на мазоль наступяць, ці на кашулі ў атэлье гузікі са спіны прышыюць, ці купім зубную пасгу, а ў цюбіку акажацца гуталін - адрас скаргаў у нас адзін: у найвышэйшую інстанцыю. Таму пачакаем, пакуль наша скарга туды дойдзе, пакуль з ёй разбяруцца, пакуль зловяць таго грубіяна ў аўтобусе, памяняюць краўцоў з атэлье і перавядуць гуталінавую фабрыку на вытворчасць зубной пасты, а самі тым часам будзем хукаць на мазоль, хадзіць у кашулі наросхрыст і начышчаць боты сажаю, змешанай са свіным тлушчам. І-эх, нам, як кажуць, не прывыкаць, таму давай, Хрысціна Сымонаўна, дыхай глыбей водарам першага дня восені, крыштальным паветрам, якое, здаецца, пераломіцца надвае, калі да яго дакрануцца рукамі, рассцілай сурвэтку, кладзі на яе ліст паперы ў клетачку, вырваны з вучнёўскага сшытка, і пішы, пішы, даражэнькая, стараючыся не націскаць моцна шарыкавую ручку, каб не нарабіць у пісьме дзірак ды памылак, каб пасля, не дай Бог, не спыталі: а што ж гэта за настаўніца такая, якая па-руску слова "крокодил" праз два "а" піша?

Гэта ўсё, канечне, з аднаго боку, а з другога боку Хрысціну Сымонаўну Моргаўку па-свойму можна зразумець, без аніякіх кпінаў пашкадаваць яе, шчыра паспачуваць жанчыне, адзінокай, сярэдняга ўзросту. Бо хто яна такая, Хрысціна Сымонаўна, як не вясковая настаўніца! Гэта ж не старшыня калгаса Андрон Сыцгок, не механізатар Ютка Казубоўскі, хай сабе хворы на дыхавіцу, не даяр Хведар Былінскі, не кажучы ўжо пра тое, што яна - не крамніца Яня Каняўка з таго самага роду Канявак, які праз Зоську Каняўку некалі з доктарам парадніўся і ў якім пароўну цяпер крамнікаў і дактароў... Усе ў гэтым свеце неяк адзін з адным павязаныя, а Хрысціна Сымонаўна ніяк і ні з кім, настаўніца - і ўсё. А колькі зарабляе сельская настаўніца, як да яе ставяцца, на якім яна месцы ў табелі рангаў, яна, той самы сейбіт, што сее разумнае, добрае, вечнае? Ведаеце вы тое? Калі не, то і ведаць не трэба. Хай тады будзе ўсё так, як ёсць, няхай той карэспандэнт, на якога Хрысціна Сымонаўна піша зараз скаргу, забудзецца, як прыехаў ён аднойчы на Палессе, вясною, у самую бездараж, як на аўтобусным прыпынку ніхто яго не сустрэў, як мясіў ён пятнаццаць кіламетраў гразь у красоўках фірмы "Adidas", пакуль не дагнала яго спадарожная падвода з барадатым дзедам на перадку. "Тп-ру-у", - сказаў дзед і больш не прамовіў ні слова, пакуль не ўехалі яны ў вёску і не дагналі першага спадарожніка, што ішоў па вуліцы каля самага плота, ледзь выцягваючы ногі з балота. "Ц-ц, но!" - прыцмокнуў дзед на каня і паехаў далей, не прапанаваўшы таму чалавеку пад'ехаць, і зноў маўчаў, пакуль не дагналі яны другога спадарожніка. "Тп-ру-у", - спыніў дзед каня, пачакаў, пакуль сеў другі спадарожнік на падводу, і давёз яго да праўлення калгаса, дзе павінен быў адбыцца сход, на які і ехаў карэспандэнт. Сход прайшоў так, як мае быць, карэспандэнт запісаў усё тое, што на ім гаварылася, а пасля спытаўся ў дзеда: "Слухай, дзед, скажы ты мне, калі ласка: чаму ты першага чалавека не ўзяў, а другога падвёз?" -. "Дык другі ж доктар", - адказаў дзед. "А першы?" - "Той настаўнік", - абыякава прамовіў дзед, так гэта сказаў, што карэспандэнт вырашыў раз і назаўсёды кінуць сур'ёзныя справы і займацца толькі гумарам, балазе былі ў яго да гэтага здольнасці.

"Я працую настаўніцай трынаццаць гадоў, хоць замест таго даўно ўжо магла быць жонкай афіцэрскага складу, - пісала Хрысціна Сымонаўна. - Калі я была студэнткай, мне прапанаваў пайсці за яго старшы лейтэнант Савецкай Арміі Сяргей Ванарук, але я адмовілася, бо кахала яго і не хацела замінаць яму расці да цяперашняга маёра, таму што мой родзіч па маці, Кірыла Моргаўка, некалі паехаў у Амерыку і стаў там імперыялістычным мільярдэрам. Але зараз ад той амерыканскай радні я не тое што пасылак, а нават паштовак не маю, так што не пра тое гаворка.

Калі я сама вучылася ў школе, дык да настаўніка больш чым да ўсіх астатніх мелі ў вёсцы павагу. Неяк само сабой выходзіла так, што ў таго, хто вучыў дзяцей, шукалі парады і дарослыя. А ў мяне ніхто і ні пра што не пытаецца. Сёння толькі Ціма Сыцюк, сын нашага старшыні, спытаўся: скуль у нас узяліся кракадзілы? Я ведаю, што ў нас кракадзілаў няма, а ён мне паказаў газету, у якой напісана, нібыта яны ёсць. Я разумею, што гэта жарт, я не такая забітая, хоць і не замужам, і за трынаццаць год мне ніхто добрага слова не сказаў, ні разу без чаргі ў краму не прапусцілі, але для чаго так жартаваць і навошта з настаўніцы, калі мяне за тое ніхто не паважае і паважаць не збіраецца. Прашу разабрацца, пакуль яно не позна. Моргаўка Х.С., настаўніца Карунскай сярэдняй школы".

Пад скаргай Хрысціна Сымонаўна паставіла дату і распісалася.

Скаргі ў нас ідуць і разбіраюцца доўга, але ўсё ж не даўжэй, чым будуюцца вежы да неба, таму, каб не вяртацца пасля да гэтай непрыемнай справы, скончым яе адразу, трохі прабегшыся паперадзе падзей.

3 найвышэйшай інстанцыі, засыпанай скаргамі, як млын мукою, пісьмо Хрысціны Сымонаўны было пераслана з адпаведнай папераю ў інстанцыю рангам ніжэй: Інстытут заалогіі Акадэміі навук. Чаму туды, спытаецеся вы? А куды ж яшчэ, калі скарга на кракадзілаў? I раз прыйшла яна ў інстытут з папераю адпаведнай інстанцыі, дык тут не да таго ўжо, каб разбірацца: жартачкі гэта ці не? Таму толькі ўздыхнуў інстытут, сеў за навуковы стол і напісаў сваю паперыну, на сваім фірменным бланку:

"Паважаная рэдакцыя! У нумары вашай газеты за 28 жніўня быў надрукаваны матэрыял пра кракадзілаў у Свіслачы. Матэрыял бяздоказны, навукова неабгрунтаваны, ён поўнасцю супярэчыць апошнім дасягненням навукі. Просім у будучым больш асцярожна падыходзіць да публікацыі падобных сенсацый, таму што яны не толькі прыносяць шкоду навуцы, але і адмоўна ўздзейнічаюць на тую частку насельніцтва, якая чытае вашу газету".

Атрымаўшы такую паперыну, на якой значыўся подпіс навуковага супрацоўніка і стаяла пячатка афіцыйнай установы, рэдактар газеты ціха, сам сабе, вылаяўся, выклікаў таго карэспандэнта, які знайшоў у Свіслачы кракадзіла, закаціў яму строгую вымову і выправіў у камандзіроўку ў Каруны.

- Што мне там рабіць? - спытаўся карэспандэнт.

- Нічога, - адказаў рэдактар. - Паглядзі, што там за людзі жывуць. А ў інстытут я ўжо сам падыду, гэта цераз дарогу.

Ну, хай сабе