Васіль Ткачоў КАНФУЗ
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Ткачоў, Канфуз. Апавяданні, — Мазыр: Мазырская узбуйненая друкарня, 2001.
Рэдактар: В. Ардашава Copyright © 2015 by Kamunikat.org
МІХАСЬКА – СУСЕД ГЕНЕРАЛА
Яшчэ адзін дом-прыгажун вырас у нашым горадзе. Цагляны, шматпавярховы, з вялікі вокнамі! Навасёлы рады: будуць жыць амаль у самым цэнтры сталіцы. Радуецца і Міхаська: на адной лесвічнай пляцоўцы з ім жыве генерал. Гэта дзякуючы яму, генералу, Міхаська апынуўся ў цэнтры ўвагі хлапчукоў усяго двара. Хлапчукі падыходзяць да Міхаські, па чарзе вітаюцца з ім за руку, цікавяцца: –Дома генерал? – Не прыехаў яшчэ, – важна адказвае Міхаська, нібыта і на самай справе ведае, куды паехаў генерал, у колькі гадзін вернецца. Можна нават падумаць, што Міхаська ў яго ад’ютант. – Сёння на “Волзе” паехаў? Міхаська спаў, калі па генерала прыехала легкавушка. Аднак з выглядам дасведчанага чалавека адказвае: – На “Волзе”! Хлапчукі пэўны час маўчаць. Байчэйшы, Петрык, нарэшце пытае: – А ці праўда, Міхаська, што твой сусед з пісталета страляе, як алімпійскі чэмпіён? – Генарал усё ўмее рабіць, – кажа Мітхаська.– Ён нават дывізію можа ў бой павесці, во! – А роту? – дапытваецца Петрык. – І роту, – адказвае Міхаська, а сам думае: “Што больш – дывізія ці рота?” Хлапчукі, як тыя вераб’і, доўга шчабяталі перад акном генеральскай кватэры. Іх усё цікавіла: і што на службе робіць генерал, і як ён жыве. Рашылі ў акно заглянуць. Акно высока ад зямлі, так проста не заглянеш. Петрык прыгнуўся, загадаў самаму маленькаму хлапчуку: – Станавіся, Сяргейка, мне на спіну. Ты лёгкі. Сяргейка спрытна залез на Петрыкаву спіну, прыпаў да шыбіны. – Кажы, што бачыш, – прыспешвалі Сяргейку.– Ці вочы ад усяго разбягаюцца? Там ёсць на што паглядзець? Сяргейка пачаў пералічваць: – Стол стаіць. У куце ложак. Яшчэ бачу канапу, тры крэслы… Не злазячы з Петрыкавай спіны, Сяргейка з дакорам глянуў на Міхаську: – А ты казаў: жыве – цар! Усё, я і ў нас. Ён саскочыў на зямлю, заявіў: – Хлус ты, Міхаська, хоць і сусед генералаў. Хлапчукі таксама накінуліся на Міхаську: – А яшчэ хваліўся, што за руку з генералам вітаешся. – Дома ў яго бываеш, чай п’еш. –Эх ты! І хлапчукі разбрыліся па двары. …Міхаська пачуў, як за спіной зарыпела тармазамі легкавушка. Ён азірнуўся. З машыны выйшаў генерал. Але чамусьці ў цывільным адзенні, пры гальштуку, на галаве – капялюш. “Калі ў цывільным, дык такі, як усе, – здзівіўся Міхаська. – Як і мой тата”. І яшчэ Міхаську было прыкра, што хлапчукі назвалі яго хлусам. Ён жа сапраўды думаў, што генералы не такія, як усе. І вось што выйшла з гэтым суседствам… Пачакайце – Міхаська, можа, яшчэ будзе чай піць з генералам. Пэўна, будзе, раз яны – суседзі.
САКРАТАРКА
Дзынкнуў тэлефон. Алеся адразу ж падбегла да палічкі, на якой ён стаіць, зняла трубку, спытала: – Алё! Вам каго? – Мне, Алеська, пакліч, калі ласка, бабулю. Але спярша – добрай раніцы табе! – Добрай раніцы, – адказвае дзяўчынка і кліча бабулю. Бабуля размаўляе па тэлефоне, а малая гуляе з лялькамі. Потым зноў зазваніў тэлефон. Алеся зняла трубку, паслухала і паўшэптам сказала: – Бабулю паклікаць не магу: яна спіць. На канапе. А тата з мамай на працы... І паклала трубку. Бабуля ўсміхнулася, узнялася з канапы, падыйшла да Алесі, лёгенька абняла яе за плечы: – Сакратарка ты мая. Пайшлі, пайшлі палуднаваць. Пачастую я цябе варэнікамі: пакуль ты дзяжурыла каля тэлефона, я і прыгатавала іх. Без цябе аніяк не справілася б.
НЕПАСЛУХМЯНАЕ МЫЛА
Максімка мыецца ў ваннай . Адзін. Як дарослы. Але больш займаецца ён тым, што ловіць мыла, якое зусім не слухаецца – выслізвае з рук, нібы забаўляецца з хлопчыкам: – А-га, паспрабуй злаві! А вось і не зловіш! Максімка такіх жартачкаў не разумее, на вочках выкругліліся слязінкі. Неўзабаве ён пачынае румзаць. Падыходзіць мама: бяда ж! Яна глядзіць на малога і нічога не разумее. – Што з табой, сынку? – пытае. – Мыла... не слухаецца, – паказвае хлопчык на кавалачак мыла, які плавае на вадзе. Ён апускае руку ў ваду і…ловіць мыла! Максімка моцна заціскае яго ў кулачку і шчасліва ўсміхаецца: калі мама побач, то і мыла слухаецца.
КАНФУЗ
Максімкаў дзед жыве ў вёсцы. Ранняй вясной, калі яшчэ не было работы на агародзе, бабуля сказала яму: – З’ездзі ў Гомель, унуку яблыкаў і журавін завязі. А я ўжо сама тут карову і парсючка дагледжу. Дзед прывёз поўную торбу розных вясковых ласункаў. Як толькі данёс? У яго ж, у дзеда, няма адной рукі – з вайны вярнуўся з пустым рукавом. Усе абрадаваліся дарагому госцю. А найбольш – Максімка. Назаўтра тата з мамай пайшлі на працу, а яны, малы і стары, засталіся ўдвух. Чыталі казкі, глядзелі кінафільм. Максімка і заснуў перад тэлевізарам у крэсле, а дзед патупаў на кухню. «Пакуль унучак спіць, – падумаў, – памыю посуд. Прачнецца ён, а талеркі і лыжкі будуць чысценькія – можна і абедаць». Нязручна мыць посуд адной рукой, але дзед сяк-так прылаўчыўся. І раптам адна талерка выслізнула з рукі і разбілася. Прысеў дзед на табурэцік, шкадуе: такая прыгожая талерка была. Тут Максімка прачнуўся, прыбег на кухню, суцяшае: – Не бядуй, дзядуля. Тата казаў калі б’ецца посуд, то гэта на шчасце. – Шчасця, канечне, у тым мала, што я талерку разбіў, але ж і бедаваць надта не трэба, – пагадзіўся дзед і пагладзіў унука па галаве. – Няёмка мне, канфуз атрымаўся. Максімка паднёс да ракавіны табурэцік, ускараскаўся на яго і пачаў мыць посуд. – А ты, дзядуля, пасядзі, – сказаў ён. – Табе цяжка. Каб у цябе было дзве рукі, як у мяне, тады б і ты мне дапамог... А такі канфуз з кожным можа здарыцца. Дзед назіраў за унукам і суцешна ўсміхаўся.
ПІСЬМО
Мікола захварэў. І так сур’ёзна, што палажылі яго ў бальніцу: з хваробай не жартуюць. Ляжыць хлопчык у пакойчыку пад бялюткай коўдрай, сяброў успамінае і дужа шкадуе, што не ходзіць, як яны, у школу. Думаў, думаў пра аднакласнікаў Мікола і заснуў. А ў гэты самы час і сябры прыбеглі праведаць яго. – Нельга будзіць, – строга сказала медсястра. – Няхай больш спіць, тады хутчэй паправіцца. Прыціхлі хлопчыкі і дзяўчынкі. Разважаюць: Новы ж год заўтра, павіншаваць трэба Міколку. А як? Паштоўкі няма. І яны прыдумалі. Прачнуўся хлопчык, падышоў да акна, і на ягоным твары ўспыхнула шчаслівая ўсмешка. На снезе было вытаптана: «Міколка! З Новым годам! Папраўляйся! Чакаем!» І хоць подпісу пад гэтым