Литвек - электронная библиотека >> Міхась Чарняўскі >> История: прочее и др. >> Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі

Міхась Чарняўскі БРОНЗАВЫ ВЕК НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ


Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі, — Мінск: Народная асвета, 1981. — 64 с., іл. (Школьнікам — аб гісторыі Беларусі).


Рэдактар: В. Ф. Гапановiч


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


УСТУП


Каменны век — пара «дзяцінства» чалавецтва, У тую вельмі далёкую эпоху людзі жылі дзякуючы паляванню, рыбацтву i збіральніцтву. Сваімі паводзінамі i нават побытам першыя людзі нагадвалі чалавекападобных малпаў. Але існавалі i істотныя адрозненні. Паляваннем i рыбацтвам чалавек займаўся з дапамогай каменных i касцяных прыладаў працы. Каб выкапаць які-небудзь клубень або корань, наш першабытны продак карыстаўся палкай ці ручным крамянёвым секачом. Жывёла ж здабывала сабе ежу зубамі i кіпцюрамі.

Людзі каменнага веку авалодалі агнём, навучыліся будаваць жыллё, шыць вопратку, членараздзельна размаўляць, маглі абстрактна мысліць, былі аб'яднаны ў мацярынскія родавыя абшчыны. У каменным веку ўзніклі i пачалі развівацца мастацтва i рэлігія, a ў канцы яго чалавек навучыўся вырабляць гліняны посуд, пачаў гадаваць свойскую жывёлу i вырошчваць культурныя расліны. Пра каменны век аўтарам гэтых радкоў напісана кніжка «З глыбінь тысячагоддзяў».

У пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Беларусі наступіў бронзавы век. Хоць пераважную колькасць прыладаў працы i ў новую эпоху па-ранейшаму складалі каменныя і асабліва крамянёвыя вырабы, аднак ужо сталі ўжывацца i першыя металічныя вырабы з медзі i бронзы. Паўсюдна ўсталяваліся прагрэсіўныя формы гаспадарання — земляробства i жывёлагадоўля. Складваліся і развіваліся патрыярхяльна-родавыя адносіны паміж людзьмі.

На больш паўднёвых тэрыторыях i асабліва там, дзе меліся ўласныя запасы медзі, працэс пераходу ад каменнага да бронзавага веку адбыўся раней. Так, у Месапатаміі бронза стала вядомай яшчэ ў сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э., у Закаўказзі — у ІІІ тысячагоддзі да н. э. На некаторых тэрыторыях бронзаваму веку папярэднічаў меднакаменны век — энеаліт, калі людзі яшчэ не ўмелі выплаўляць бронзу, але медныя прылады ўжо рабілі.

Усю эпоху медных i бронзавых вырабаў на нашай тэрыторыі ўмоўна падзяляюць на тры перыяды — ранні бронзавы век, які каля сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. змяніўся сярэднім. У апошняй чвэрці гэтага тысячагоддзя пачаўся позні бронзавы век, які працягваўся амаль да сярэдзіны I тысячагоддзя да н. э., калі ён уступіў сваё месца ранняму жалезнаму веку.

У бронзавым веку тэрыторыю Беларусі засялялі шматлікія плямёны, якія адносіліся да розных археалагічных культураў. Так, у пачатку II тысячагоддзя да н. э. тут з'явіліся плямёны культураў шнуравой керамікі, або баявых сякераў,— сярэднедняпроўскай у Падняпроўі i на Ніжняй Прыпяці, прыбалтыйскай на паўночным 3аxадзе. На поўначы ў гэты час існавала паўночнабеларуская культура, а на паўднёвым захадзе жыло насельніцтва асобнай заходнепалескай групы культураў шнуравой керамікі. У сярэднім бронзавым веку Падняпроўе засялялі плямёны сосніцкай культуры, басейн Прыпяці i значную частку Панямоння — тшцінецкай культуры. У познім бронзавым веку ў цэнтральнай i заходняй Беларусі жыло насельніцтва, якое ў сваім побыце ўжывала розныя тыпы гладкасценнай i штрыхаванай керамікі. Пранікалі ў бронзавым веку на нашу тэрыторыю i носьбіты іншых археалагічных культур, асноўныя тэрыторыі рассялення якіх знаходзіліся па-за межамі сучаснай тэрыторыі рэспублікі.

Бронзавы век — надзвычай важны этап развіцця чалавецтва. У ранейшы час для вырабу прыладаў працы i зброі чалавек браў гатовыя матэрыялы, якія меліся ў прыродзе — камень, косткі, дрэва. Навучыўшыся выплаўляць з руды металы i рабіць з ix бронзу, людзі стварылі для сваіх патрэб прынцыпова новы матэрыял, якога ў прыродзе да гэтага часу не было. Так пачалася металургія. А ад выплаўкі медзі i бронзы ўжо быў адзін крок да выплаўкі з балотнай руды жалеза, якое зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў жыцці чалавецтва. Вобразна кажучы, у звоне бронзавай сякеры ўжо чуўся звон жалезнага лемяша, грукат колаў цягніка па рэйках, грымотны ўзлёт касмічнай ракеты.


ПЕРШЫЯ РУДАКОПЫ, ВЫПЛАЎКА МЕДЗІ I БРОНЗЫ


Палюючы на дзічыну, шукаючы ядомыя расліны, збіраючы крамяні, першабытны чалавек усё больш даследаваў нават самыя аддаленыя куткі свайго наваколля. I пэўна ў час гэтых вандраванняў яму трапляліся кавалкі самародных металаў — золата, жалеза, медзі, якія сваім бляскам або колерам прыцягвалі яго ўвагу. Спачатку чалавек гэтыя знаходкі лічыў толькі незвычайнымі камянямі i апрацоўваў ix такім жа спосабам, як крэмень,— шляхам абіўкі. Але вядома, што тая ж самая самародная медзь не разбіваецца так лёгка, як крэмень, i ад яе нельга адкалоць тонкія i вострыя адшчэпы i пласцінкі. Таму абіўка толькі змяняла форму знойдзенага кавалка металу i фактычна з'яўлялася першапачатковым прымітыўным халодным каваннем. Так, напрыклад, эскімосы яшчэ ў мінулым стагоддзі з сабранай самароднай медзі выкоўвалі наканечнікі стрэлаў, дзідаў, нажы.

Так апрацоўвалі першыя металы ўсе народы. Вядома, што да з'яўлення ў Амерыцы еўрапейцаў там усе медныя вырабы былі каваныя. Toe ж самае было і ў старажытным Егіпце, Месапатаміі, Індыі, Кітаі.

Апрацоўваючы самародны метал i карыстаючыся меднымі вырабамі, чалавек усё больш пазнаваў уласцівасці гэтага «каменя». Прымаючы пад увагу, што ў чалавечым жыцці пастаянна прысутнічаў агонь, у рэшце рэшт павінна было адбыцца «сутыкненне» медзі або меднай руды з агнём. Дзякуючы гэтаму чалавек заўважыў, што медзь плавіцца, а з меднай руды «выцякае» чысты метал. Такое магло здарыцца, напрыклад, калі медныя рэчы выпадкова траплялі ў агонь або з кавалкаў меднай руды складалі аснову агнішча.

Аднак i навучыўшыся выплаўляць медзь з руды, для апрацоўкі атрыманых зліткаў па-ранейшаму ўжывалі той жа стары спосаб халоднага кавання i толькі пазней прыйшлі да найбольш дасканалага метаду — адліўкі рэчаў з расплаўленай медзі ў адпаведных формах.

У Заходняй Еўропе паклады медзі былі вядомы на тэрыторыі Чэхаславакіі, Венгрыі, Румыніі, Аўстрыі, Іспаніі, Італіі, Англіі; у нашай краіне — на Каўказе, Урале, у Прыкарпацці. Шмат медзі мелася i на іншых кантынентах. Напрыклад, у Паўночнай Амерыцы на паверхні зямлі сустракаліся кавалкі самароднай медзі вагой да 260 кг.

У познім неаліце (неаліт — новы каменны век), калі першабытны чалавек выбраў лепшыя запасы крэменю на паверхні, ён перайшоў да шахтавай распрацоўкі крэменяносных радовішчаў крэйды ў зямной глыбіні. Так i ў новую эпоху, у бронзавым веку, сабраўшы ў вядомых мясцінах самародную медзь i медную руду,