Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Хадановіч >> Поэзия >> Дэжа вю: перавыбранае

Андрэй Хадановіч Перавыбранае Вершы з пяці кніг


З кнігі “Старыя вершы” (2003)


Ноч у мытні пры старым замку
Сам насам са швэдрам, што кінуты ў кут,
сам насам са страчаным часам,
сам насам з уласнай прысутнасцю тут,
са столькім, што ўжо не сам насам, –
знадворку, бо замак замкнуты стары,
на пекную гледзячы зорку
(знадворку адносна ўсяго, што ўнутры, –
так блізка, што ўжо не знадворку),
нарэшце стамлюся ад словаў, чужы
у некалі скончанай спрэчцы,
нарэшце спынюся на самай мяжы –
так позна, што ўжо не нарэшце.

Выбар
я абіраю вольнасць
як абіраюць бульбу
атожылак пінскай
пасля панямонскай
нарэшце чарнобыльскай
шляхты
(што сынку дапамаглі табе
гэтыя ш-ш-ш-ляхі?)
які атруціўшы атрамант
амаль не зважае на лямант
бо покуль не момант
скуголіць раўці турбавацца
праз нейкія там бел-чырвона-
белыя плямы на мапе
згвалчанай колісь Еўропы

Падшпарак-Пачварак
Я завуся Падшпарак-Пачварак,
бо паводжу сябе вельмі дрэнна.
Я аматар падступак і сварак;
не чытайце маралі – дарэмна!
Каб дабро пацярпела фіяска,
я гатовы пайсці на злачынства…
Ах, спадар буржуін, калі ласка,
запішыце мяне ў буржуінства!
Адчуваю нашмат сябе ўтульней,
як залажу ў чужыя кішэні.
Пагуляць у дарослыя гульні
запрашаю – прымі запрашэнне!
Я юнак-падсвінак, юны злодзей.
Спадары, пашкадуйце дзяцінства:
я з маленства жыву на балоце –
запішыце мяне ў буржуінства!
Я страшэнна хачу бочку сочыва,
я страшэнна хачу кошык печыва,
а маё сэксуальнае рэчыва
ўсё чакае чагосьці жаночага!
Вам прадамся за смачную булку
(толькі страўнік – крыніца адзінства!),
палітычнага дайце прытулку –
запішыце мяне ў буржуінства!

З лістоў Івана Жахлівага да Н.К. Крупскай
Богу роўным станецца той смяротны,
Што будан сямейны з табой раздзеліць,
Раявацьме поруч з такою порсткай,
Палкай кабетай!
Твой пяшчотны голас пачуе зблізку,
Любы твар убачыць у сне й наяве,
Лёгкае дыханне па кроплі вып’е
Ў цёмных прысадах!
Навярзе на вушка нясціплых рэчаў,
А пасля занурыць у пацалунках:
Пацалуеш раз, а юрлівым вуснам
Хочацца болей…
Дай яму спазнаць і дабра, і ліха,
Дай яму сарваць незямное веды
З дрэва каталогаў тваёй машыны
З назваю “Apple”!..
Мушу скончыць ліст: пару пільных справаў
Маю вырашаць, а найперш – павешу
Ўсіх стральцоў. Чакаю твайго адказу.
Ваня Жахлівы.
1 крэсавіка 598 (?) да н.э., выспа Віскас

Львоў
Юрку Прахаську
Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панеслі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.
Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і пасвіць начныя відзежы
на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.
Назіраць, як у шпацырах вечар праводзяць львавяне,
па спякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.
Усміхацца разумнаю ўсмешкай крылатага блазна
жабраку, што пры цэрквах на вечных жабрачых правах.
А калі заманецца агледзець усё падрабязна –
і самога сябе нечакана знайсці далавах.
Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Са шматлікіх святыняў аддаць перавагу касцёлу –
пасля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.
Ля муроў Бернардынаў піць піва з вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане наваколле стрывожаны спіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны змей, самагубна ўзлятаючы ўвыш…
Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няздзейсненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце…
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.

З кнігі “Лісты з-пад коўдры” (2004)


Лісты з-пад коўдры
праз акно месяцовы поўраз
апускаецца па крывой
я не бачу
залез пад коўдру з
галавой
навісаюць словы хадульна
расстаўляюць пасткі пасты
а пад коўдрай цёпла і ўтульна
і нястрашна пісаць лісты
будзе рады палкоўнік маркес
і астатнія пацаны
асцярожна ступае накрас
клышаногі й трохі п’яны
не кампутарныя крамзолі
а жывое рукі сляды
хай баляць на пальцах мазолі
не бяды
бо нашто электронная пошта
калі проста так не ў пару
немавед пра што і навошта
немавед каму гавару

Калыханка для маладога літаратара
Кукалка, каўшанка, хрызаліда,
лялечны зародак вышыні!
Досыць гідкіх фарбаў краявіду,
іншага няхай грызе агіда!
Супакойся, мілы, адпачні!
Спі, дзіцятка, птушкі ўжо паснулі,
зоры ў неба па ваду пайшлі.
Кукавадла вусцішнай зязюлі,
люлі-люлі, прыляцелі кулі…
Стала ціха на усёй зямлі.
Засынай, загорнуты ў анучы.
Пасталееш хутка ў барацьбе.
Спі, выратавальнік наш прыйдучы:
у абладзе фюрэра і дучэ
спадзяемся толькі на цябе!
Некалі ў варожым наваколлі
возьмешся з расою за кассё
беларускай мовы, і ніколі
не забудзеш, што вучыў у школе:
геній у адказнасці за ўсё!
Зведаеш, што значыць акавіта,
і спазнаеш