Литвек - электронная библиотека >> Райнэр Марыя Рыльке >> Лирика >> Санеты Арфею >> страница 3
У НАС? ЯГО ВЯЛІКІ БОЛЬ СЦЯРПЕЦЬ
I ВЕЛІЧ РАДАСЦІ — НЕ МАЕМ СІЛ.
I ВЫРЫВАЕМСЯ З ЯГО ЗУСІМ; —
МЫ Ж — ТОЛЬКІ РОТ.
А ТОЙ ВЯЛІКІ УДАР —
САРДЭЧНЫ НАШ УЗЛОМВАЕ СПАЧЫН —
I МЫ КРЫЧЫМ...
ТАДЫ МЫ — СУТНАСЦЬ, НОВЫ ТВОР I ТВАР.
ШОНЭК, ВЕРАСЕНЬ 1923

Напісана пані Агнес Рэнальд для больш шчырага

і сардэчнага ўспрыняцця ёю гэтай кнігі.

Райнэр Марыя Рыльке


З кнігі «АХВЯРЫ ЛАРАМ[1]» (1895)

НАРОДНЫ НАПЕЎ


Сэрцам тужу,
слухаю і знемагаю:
песня багемскага краю
томіць душу.
Чуецца мне
голас дзіцячы на полі —
ён не змаўкае ніколі,
нават у сне.
Дзе б ты ні меў
потым прытулак на свеце —
вечна ўспамінам звінецьме
гэты напеў.

З кнігі «УВЯНЧАНЫ МАРАМІ» (1896)

I ЯК ДА ЦЯБЕ КАХАННЕ ПРЫЙШЛО... (З цыкла «Кахаць»)


I як да цябе каханне прыйшло?
Як замець пялёсткаў, як з цемры святло
як боль малітоўны? Сказала:
Адкрыла каханне ў нябёсах акно,
і, крылы згарнуўшы, упала яно
мне ў сэрца і закрасавала...

З кнігі «ЧАСАСЛОЎ[2]» (1899, 1901, 1903)

«КНІГА ПАЛОМНІЦТВА» (1901)

***


...Я той, паслужлівы твой послух,
хто на каленях гасіць свой парыў —
дзіця тваіх стваральных спраў узнёслых
і той, хто сам цябе сабой стварыў.
Я — голас ціхае каморы,
глухі да марнасці людской,
ты — хваля ўспененая ў моры
усеабдымнасці. Я — твой.
Няма ж нічога. Зрэдку ледзь
з вады ўздымаюцца атолы
ды, як маўчанне, слабкі, кволы
ўзлёт скрыпак, немыя анёлы
і той, няўзрушлівы, як цвердзь,
заступнік рэчы і жывёлы,
што ўсім дае жыццё і смерць.
Ці ж ты — Усё, а я — Часціна,
што вечна скардзіцца павінна
і выстаўляць свой горкі плач?
Бадай што я — Усё, Прычына,
а ты — Часціна, мой Слухач.
Няўжо ўспрымаеш ты з-за мура
яшчэ чыесьці галасы?
Кіпенне буры? Я ж ёсць бура! —
табе шумяць мае лясы.
Ці голас песенькі самотны
мяне даслухаць не дае —
і песня ж — я, адзін, гаротны,
паслухай споведзь-жаль яе.
Я той, хто завідна ў адчаі
заве цябе — адкрыцца мне,
а прыйдзе ноч і затачае
мяне ў маёй глухой турме,
дзе я, адрынуты нябога,
адзін у цемрадзі нары,
дзе рэчы побыту людскога
стаяць, нібы манастыры,
што сталі мне замест астрога.
Тут мне якраз патрэбен ты,
двайнік пакут маіх святы,
спагаднік болю і нядолі —
як хлеб, патрэбен мне тады.
Не бачыш, божа, ты ніколі,
што ўсе паслушнікі твае,
старцы, дзяўчаткі і малыя,
калі ім волі не стае,
не спяць, бяспраўныя, нямыя,
як вязні ў камеры апошняй,
то ходзяць тупа, то ляжаць,
іх рукі бледныя дрыжаць,
як ганчакі перад пагоняй,—
так смерць жывою сілай б'е.
А перад імі трупы, ямы,
былое яваю ўстае,
ды знакі веснік падае
у чорнай мантыі ля брамы,
хоць ноч яшчэ ўздыхае глуха,
яшчэ не чуе золку вуха,
яшчэ і певень не пяе.
Ноч — дом вялікі. I дарма
той вязень б’ецца, як сляпы:
за мурам зноў-такі ж каморы,
і сутарэнні, і скляпы,
тупыя ходы, калідоры —
а брамы ў свет нідзе няма.
I кожная ж — такая ноч:
жывуць у ёй, не зводзяць воч,
цябе шукаючы, мой бог,— іх процьма.
Старцоў ты чуеш тых, якія,
у цемры торкаючы кіем,
сыходзяць з лесвіц чорных залаў —
яны відушчыя і ўпоцьмах?..
Ці чуеш горыч іхніх псалмаў?
Павінен, мусіш чуць, як іх калені
таўкуць бяздушнае каменне,
бо плачуць жа, бо плачуць...

Санеты Арфею. Иллюстрация № 2 Санеты Арфею. Иллюстрация № 3

«КНІГА ГАЛЕЧЫ I СМЕРЦІ» (1903)

***


Мой бог, да кожнага прыходзь і сцвердзі
яго ў жыцці, у тым жыцці, дзе ёсць
Любоў. I Сэнс. I Боль. I слодыч Смерці.

***


А беднасць ёсць вялікі светач глыбіні...

***


Галетнік беспрытульны ты і ўбогі,
як камень без гнязда, без месца ты,
як пракажоны йдзеш наўзбоч дарогі
з трашчоткаю, мінаеш гарады.
Ты — нібы золкі продзімень з паўночы,
скалелы выпладзень нягод людскіх,
каму агораны рызман сірочы —
замена мантый самых дарагіх.
Ты — плод слабенькі ў лопе, трапяткі.
Ён ледзьве дыхае, калі ў прычыне
ад страху сцёгны сціснуцца дзяўчыне,
каб першыя суняць жыцця штуршкі.
Ты бедны, як вясенні дождж рахманы,
што мірна лье на дахі гарадоў,
як мара вязня пра сусвет жаданы
у беспрасветным цемрыве муроў.
Як хворы той, што шчасцем апантаны,
калі яго павернуць; як расліны,
што сумна квецяцца ля каляіны;
ты бедны, быццам у слязах далонь...
Сабака валацужны і нясыты,
ці птах, што стыне без дупла ў мароз,
ці звер, у сетках лоўчых недабіты,
лаўцом нядбалым кінуты, забыты,—
з іх доляй ці зраўняецца твой лёс?
Бадзяг з начлежак лёс які ўжо чорны,
а твой чарнейшы, ён — бы змрок труны:
хай не млыны яны, хай толькі жорны,
а хлеб надзённы змелюць і яны.
Юдольнік беспрытульны, беспрытомны,
жабрак без твару, цень