ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Петр Валентинович Талантов - 0,05. Доказательная медицина от магии до поисков бессмертия - читать в ЛитвекБестселлер - Дэвид Бернс (David D Burns) - Терапия настроения. Клинически доказанный способ победить депрессию без таблеток - читать в ЛитвекБестселлер - Олег Юрьевич Тиньков - Бизнес без MBA - читать в ЛитвекБестселлер - Татьяна Владимировна Мужицкая - Теория невероятности - читать в ЛитвекБестселлер - Стефан Анхем - Жертва без лица - читать в ЛитвекБестселлер - Андреас Грубер - Сказка о смерти - читать в ЛитвекБестселлер - Сью Джонсон - Обними меня крепче. 7 диалогов для любви на всю жизнь - читать в ЛитвекБестселлер - Шамиль Аляутдинов - Триллионер думает - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Сельма Лагерлеф и др. >> Роман и др. >> Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Герберт Уэлс. "Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка" Сельма Лагерлёф. "Пярсцёнак Лёвеншольдаў"

 Уэлс Г. Вайна сусветаў: Раман / Г. Уэлс. Чалавек-невідзімка: Раман. Пярсцёнак Лёвеншольдаў: Для ст. шк. узросту / С. Лагерлёф; Да зб. у цэлым: Маст. Л. I. Мележ. — Мн.: Юнацтва, 1997.— 366 с. — (Школьная бібліятэка).

Гербэрт Уэлс Вайна сусветаў

Кніга першая Прыбыццё марсіянаў

І. Напярэдадні вайны

У апошнія гады дзевятнаццатага стагоддзя ніхто не паверыў бы, што за ўсімі падзеямі на Зямлі пільна і ўважліва сочаць істоты больш развітыя, чым чалавек, хоць яны такія ж смертныя, як і ён; што ў той час, як людзі займаліся сваімі справамі, іх даследавалі і вывучалі, мабыць, гэтак жа поўна і ўсебакова, як чалавек пад мікраскопам вывучае эфемерныя стварэнні, якія кішаць і размнажаюцца ў кроплі вады. З бясконцай самазадаволенасцю мітусіліся людзі на ўсім зямным шары, занятыя сваімі дробязнымі справамі, упэўненыя ў сваёй уладзе над матэрыяй. Магчыма, інфузорыя пад мікраскопам паводзіць сябе гэтаксама. Ніхто нават не здагадваўся, што больш старыя кропкі сусвету — крыніца небяспекі для роду людскога; нават думка пра якое-небудзь жыццё на іх здавалася неверагоднай і крамольнай. Міжвольна ўспамінаюцца тагачасныя агульнапрынятыя погляды. Дапускалася найбольш рэальнае: на Марсе жывуць іншыя людзі, магчыма, менш развітыя, чым мы, але, ва ўсякім выпадку, яны гатовы па-сяброўску сустрэць нас як найбольш цывілізаваных гасцей, якія нясуць асвету. Між тым праз бездань прасторы на Зямлю прагна і зайздросна глядзелі істоты з высокаразвітым, халодным і абыякавым інтэлектам; яны пераўзыходзілі нас настолькі, наколькі мы пераўзыходзім вымерлых жывёлаў, і выпрацоўвалі дакладныя, варожыя для нас планы. Пачатак дваццатых гадоў разбурыў нашы ілюзіі.

Планета Марс — наўрад ці трэба напамінаць чытачу — верціцца вакол Сонца ў сярэднім на адлегласці 140 мільёнаў міляў і атрымлівае ад яго ўдвая менш цяпла і святла, чым мы. Калі верыць гіпотэзе пра туманнасць, то Марс старэйшы за Зямлю; жыццё на яго паверхні павінна было паявіцца задоўга да таго, як Зямля перастала быць расплаўленай. Маса яго ў сем разоў меншая за зямную, таму ён павінен значна хутчэй астыць да тэмпературы, пры якой магло зарадзіцца жыццё. На Марсе ёсць паветра, вада і ўсё неабходнае для падтрымання жыцця.

Але чалавек настолькі славалюбівы і так аслеплены сваёй фанабэрыстасцю, што ніхто з пісьменнікаў да самага канца дзевятнаццатага стагоддзя нават не выказваў і думкі пра тое, што на гэтай планеце могуць жыць разумныя істоты, якія, магчыма, нават апярэдзілі ў сваім развіцці людзей. А так як Марс старэйшы за Зямлю, мае паверхню, роўную чацвёртай частцы зямной, і далей размешчаны ад Сонца, то ніхто і не падумаў, што жыццё на Марсе не толькі пачалося раней, але ўжо набліжаецца да канца.

Непазбежнае ахаладжэнне, якое калі-небудзь ахопіць і нашу планету, у нашага суседа, несумненна, адбылося ўжо даўно. Хоць мы амаль нічога не ведаем аб умовах жыцця на Марсе, нам усё ж вядома, што нават у яго экватарыяльным поясе сярэднедзённая тэмпература не вышэйшая, чым у нас самай халоднай зімой. Яго атмасфера намнога больш разрэджаная, чым зямная, а акіяны паменшыліся і займаюць толькі трэць яго паверхні; з прычыны павольнага кругазвароту пораў году каля яго полюсаў згрувашчваюцца велізарныя ледзяныя масы і затым, адтайваючы, перыядычна затапляюць яго ўмераныя паясы. Апошняя стадыя апусташэння планеты, для нас яшчэ бясконца далёкая, стала надзённай праблемай насельнікаў Марса. Неадкладная патрэба прымушала іх розум працаваць больш напружана, іх тэхніка ўдасканальвалася, чарсцвелі сэрцы. І, гледзячы ў сусветную прастору, узброеныя такімі інструментамі і ведамі, пра якія мы толькі можам марыць, яны бачылі непадалёк ад сябе, на адлегласці якіх-небудзь 35 міляў у напрамку да Сонца, ранішнюю зорку надзеі — нашу цёплую планету, зялёную ад расліннасці і шэрую ад вады, з туманнай атмасферай, якая красамоўна сведчыць аб урадлівасці, з мігаючымі праз воблачную павалоку шырокімі прасторамі населеных мацерыкоў і цеснымі, запоўненымі флатыліямі суднаў, марамі.

Мы, людзі, істоты, насельнікі Зямлі, павінны былі здавацца ім такімі ж нікчэмнымі і прымітыўнымі, як нам — малпы і лемуры. Розумам чалавек спасцігае: жыццё — гэта няспынная барацьба за існаванне, і на Марсе, відаць, думаюць гэтаксама. Іх жыццё пачало ўжо астываць, а на Зямлі — усё яшчэ кіпіць, але гэта жыццё нейкіх ніжэйшых стварэнняў. Заваяваць новы свет, бліжэй да Сонца, — вось іх адзінае выратаванне ад пагібелі, якая насоўваецца няўхільна.

Перш чым судзіць іх вельмі строга, мы павінны ўспомніць, як няшчадна знішчалі людзі не толькі жывёлін, але і да сябе падобных прадстаўнікоў ніжэйшых рас. Жыхары Тасманіі, напрыклад, былі забітыя да апошняга за пяцьдзесят гадоў крывавай вайны, распачатай імігрантамі з Эўропы. Хіба мы самі ўжо такія прыхільнікі міласэрнасці, што можам абурацца марсіянамі, якія дзейнічалі ў тым жа духу?

Марсіяне, відавочна, разлічылі свой спуск з неверагоднай дакладнасцю — іх матэматычныя пазнанні, мяркуючы па ўсім, значна пераўзыходзяць нашыя — і выканалі свае задумкі выключна ўзгоднена. Калі б нашы прыборы былі больш дасканалыя, то мы маглі б заўважыць небяспечную навалу яшчэ задоўга да канца дзевятваццатага стагоддзя. Такія вучоныя, як Скіяпарэлі, назіралі за чырвонай планетай (цікава, між іншым, што на працягу многіх вякоў Марс лічыўся зоркай вайны), але ім не ўдавалася выясніць прычыну перыядычнага паяўлення на ёй плямаў, якія яны добра заносілі на карты. А ўсе гэтыя гады марсіяне, відаць, рыхтаваліся.

У час супрацьстаяння, у 1894 годзе, на асветленай частцы планеты было відаць моцнае святло, заўважанае спачатку абсерваторыяй у Ліке, затым Ператэнам у Ніцы і іншымі назіральнікамі. Англійскія чытачы ўпершыню даведаліся пра гэта з часопіса «Нэйчар» ад 2 жніўня. Думаю, што гэта з'ява азначала адліўку ў глыбокай шахце гіганцкай пушкі, з якой марсіяне абстрэльвалі Зямлю. Дзіўныя відовішчы, да гэтага часу, між іншым, не растлумачаныя, наглядаліся бліз месца ўспышкі ў час двух апошніх супрацьстаянняў.

Бура ўзнялася над намі шэсць гадоў назад. Калі Марс наблізіўся да супрацьстаяння, Лавель з Явы паведаміў астраномам па тэлефоне аб каласальным выбуху расплаўленага газу на планеце. Гэта адбылося дванаццатага жніўня апоўначы, калі з тэрміновай дапамогай спектраскопа ён убачыў расплаўленую масу газаў, галоўным чынам вадароду, якая са страшэннай хуткасцю рухалася да Зямлі. Гэты агнявы паток стаў нябачным каля чвэрці першай гадзіны. Лавель параўнаў яго з каласальнай