Литвек - электронная библиотека >> Дэшыэл Хэмет и др. >> Классическая проза >> Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне >> страница 2
першаснай, настолькі часта назіралася ў людзей з інтэлектам, блізкім да ідыятызму, і гэта неаднойчы заўважалася літаратарамі, што пішуць на тэмы маралі. Паміж вынаходлівасцю і здольнасцю да аналізу існуе куды большая розніца, чым паміж здольнасцямі да фантазій і ўяўленняў, але па сваім характары розніца абсалютна тая ж. Сапраўды, нельга не заўважыць, што вынаходлівыя людзі заўсёды схільныя да фантазіі, але толькі тыя, якія на самай справе здольныя да ўяўлення, непазбежна аказваюцца аналітыкамі.

Далейшы расказ прапануецца чытачу нейкім чынам як прыклад да выказаных вышэй меркаванняў.

Жывучы ў Парыжы на працягу вясны і часткі лета 18.. года, я пазнаёміўся з нейкім месье С. Агюстам Дзюпэнам. Быў ён зусім яшчэ малады, паходзіў з шляхетнага, сапраўды знакамітага роду, але ў выніку самых розных неспрыяльных падзей апынуўся ў такой галечы, што страціў прыродную энергію, ні да чога ў гэтым свеце не імкнуўся і нават не спрабаваў вярнуць былое багацце. З ласкі крэдытораў у яго засталася невялічкая частка радавой спадчыны, на прыбыткі ад якой ён здолеў дзякуючы вялікай ашчаднасці забяспечваць сябе самым неабходным для жыцця, не звяртаючы ўвагі на нешта іншае. Кнігі — гэта адзіная раскоша, якую ён сабе дазволіў, а ў Парыжы яна даволі дасягальная.

Упершыню мы сустрэліся ў непрыкметнай бібліятэцы на вуліцы Манмартр, дзе дзякуючы выпадку — мы абодва шукалі адну і тую ж кнігу, вельмі рэдкае і адметнае выданне, — выявілася агульнасць нашых інтарэсаў. Потым мы сустракаліся зноў і зноў. Мяне глыбока зацікавіў кароткі, але грунтоўны экскурс у гісторыю яго роду, які ён зрабіў з усёй шчырасцю, на якую здольны француз, калі гаворка заходзіць пра сваю асобу.

Мяне ўразіла яго начытанасць, але больш за ўсё нястрымная палкасць і свежасць уяўлення. Шукаючы ў Парыжы тое, што моцна вабіла мяне ў той час, я разумеў, што кампанія гэтага чалавека ўяўляе для мяне неацэнную каштоўнасць, і адкрыта сказаў яму пра гэта. Урэшце было вырашана, што на той час, пакуль я буду ў Парыжы, мы будзем жыць разам, і так як мае жыццёвыя абставіны былі ў нейкай ступені не такія цяжкія, то я з яго згоды ўзяў на сябе выдаткі, звязаныя з наймам і абсталяваннем дома. Гэта быў асабняк у стылі адпаведным нашаму з ім характару рамантычнай меланхоліі, пашкоджаны часам і своеасаблівы па сваёй архітэктуры, у зацішным і адасобленым кутку Сен-Жэрменскага прадмесця. У ім ужо даўно не жылі гаспадары праз нейкія там забабоны, якімі мы не цікавіліся, і таму ён паступова прыходзіў у заняпад.

Калі б лад нашага жыцця стаў вядомы свету, нас бы абавязкова палічылі вар'ятамі — хоць, відаць, і бясшкоднымі. Наша адасобленасць была поўная. Нікога ў сваім доме мы не прымалі. Месца нашага жыхарства старанна трымалася ў тайне ад маіх былых кампаньёнаў, а Дзюпэн ужо даўно не цікавіўся Парыжам, ды і Парыж не ўспамінаў пра яго. Мы існавалі толькі для сябе.

Адно фантазійнае дзівацтва майго прыяцеля — бо як яшчэ гэта назваць? — улюбёнасць у ноч, і я пакорна пагадзіўся з гэтым bizarrerie[3], як і з усімі астатнімі, цалкам падпарадкаваўшыся яго няўпынным капрызам.

Царыца-ноч не магла заставацца з намі ўвесь час, але мы навучыліся імітаваць яе прысутнасць. Раніцай, з першым святлом, мы зачынялі тоўстыя аканіцы старога дома, запальвалі пару вельмі духмяных свечак, здатных толькі на цьмянае святло. У іх святле мы поўнілі сэрцы мроямі — чыталі, пісалі, дзяліліся думкамі, пакуль звон гадзінніка не абвяшчаў надыходу сапраўднай цемры. Тады мы выпраўляліся з дому, ідучы поплеч, працягвалі пачатыя ўдзень размовы альбо бязмэтна шпацыравалі ўдоўж і ўпоперак па вялікім горадзе да позняй ночы, шукаючы сярод мільгаючых агнёў і ценяў тую бясконцую душэўную ўзбуджанасць, якая вынікае з ціхага назірання.

У такія моманты я міжволі заўважаў (хоць, ведаючы яго схільнасць да фантазій, я прадбачыў гэта) своеасаблівыя здольнасці Дзюпэна і захапляўся імі. Ён, відаць, таксама са шчырым захапленнем карыстаўся імі — калі нават не дэманстраваў іх — і не вагаючыся прызнаваўся, што робіць гэта з задавальненнем. Ён хваліўся мне, ціха пасмейваючыся, што калі для іншых чалавечая душа была за глухой сцяной, то ён мог зазірнуць у большасць душ праз шырока расчыненыя для яго вокны, і звычайна суправаджаў такія заявы ашаламляльнымі доказамі глыбокага ведання маёй душы. У такія моманты ён быў халодны і аддалены, вочы яго рабіліся непранікальныя, а голас, сакавіты тэнар, пераходзіў у дыскант, і ў ім можна было адчуць нават раздражнёнасць, калі б не выразная дыкцыя і наўмысная няспешнасць у словах. Назіраючы за ім у такія моманты, я часта задумваўся над старадаўняй філасофскай тэорыяй аб дваістасці душы, і ў галаву прыходзіла забаўляльная думка пра двух Дзюпэнаў: адзін нешта ствараў, а другі разбураў створанае на кавалкі.

Прачытаўшы ўсё гэта, не падумайце, што я збіраюся расказаць вам у падрабязнасцях нейкую таямнічую гісторыю альбо апісаць нейкі рамантычны эпізод. Тыя асаблівасці прыяцеля-француза, пра якія я вам паведаміў, былі ўсяго толькі вынікам узбуджанасці ці, можа, хваравітасці розуму. Але характар яго заўваг у тыя моманты, пра якія тут ідзе гаворка, лепш за ўсё праілюструе адзін прыклад.

Аднойчы ўвечары мы гулялі па доўгай бруднай вуліцы непадалёк ад Пале-Раяль. Кожны з нас, відаць, быў заняты сваімі думкамі, і на працягу чвэрці гадзіны ніхто не сказаў ні слова. І тут раптам цішыню перарвалі наступныя словы Дзюпэна:

— Ён недаростак, гэта праўда, і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар'етэ».

— Ну, вядома, так, — адказаў я машынальна, спачатку не звярнуўшы ўвагі (настолькі быў заняты думкамі) на тое, што гэтыя словы вельмі дзіўна супалі з маімі разважаннямі. Праз нейкі момант я апамятаўся, і маё здзіўленне было бязмежным.

— Дзюпэн, — сказаў я сур'ёзна, — гэта вышэй майго разумення. Шчыра кажучы, я вельмі ўражаны і ледзь веру сваім вушам. Як гэта ты здагадаўся, што я думаю пра… — тут я спыніўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.

— …пра Шантыі, — сказаў ён. — Чаму ты змоўк? Ты падумаў, што яго мізэрная постаць не падыходзіць да трагедыйных роляў.

Менавіта пра гэта я і разважаў. Шантыі, quondam[4] шавец з вуліцы Сен-Дэні, які да вар'яцтва захапіўся тэатрам, паспрабаваў сыграць ролю Ксеркса ў аднайменнай трагедыі Крэбіёна, вельмі стараўся, але ў выніку атрымаў знішчальныя водгукі.

— Растлумач напрамілы Бог, — усклікнуў я, — свой метад, калі ён існуе, праз які ты толькі што зазірнуў мне ў душу. — Па праўдзе кажучы, я імкнуўся знешне быць спакойным, хаваючы такім чынам ахапіўшую мяне збянтэжанасць.

— Гэта гандляр садавінай навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах