Литвек - электронная библиотека >> Джон Стэйнбек >> Роман и др. >> Гронкі гневу

Джон Стэйнбек Гронкі гневу

Раздзел першы

На чырвоныя землі і частку шэрых зямель Аклахомы апошнія дажджы падалі мякка і не размылі сухую, патрэсканую глебу. Плугі ўдоўж і ўпоперак прайшліся па канаўках — слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалі трава і бур'ян, і пад зялёным покрывам пачалі знікаць шэрыя і цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба зрабілася бялёсым, і аблокі, што ўсю вясну віселі кучкамі высока ў небе, паступова расталі. З дня ў дзень сонца апякала гарачымі промнямі падрослую кукурузу, і па краях зялёных расткоў пачалі праступаць карычневыя беражкі. Хмары наплывалі і хутка знікалі, а неўзабаве і зусім перасталі збірацца. Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер і ўжо не перакідвалася на новыя ўчасткі. Паверхня зямлі запяклася ў тонкую цвёрдую скарынку, і па меры таго як выцвітала неба, выцвітала і зямля — чырвоная ружавела, а шэрая выгарала да белізны.

У размывах, што засталіся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухімі струменьчыкамі. Шмыгаючы па іх, суслікі і мурашкаеды абрыналі маленькія лавіны пяску. Дзень за днём жорстка паліла сонца, і лісце маладой кукурузы траціла пруткасць і прамізну — спярша ліст крыху прагінаўся пасярэдзіне, потым падоўжная жылка яго слабела і ён панікаў долу. У чэрвені сонца пачало пячы шалёна. Карычневыя палоскі па краях кукурузных лістоў шырэлі, падбіраліся да галоўнай жылкі. Пустазелле зморшчылася, яго бадыліны паніклі верхавінкамі да каранёў. Паветра зрабілася празрыстае, неба зусім зліняла, зямля таксама з кожным днём усё больш блякла.

На дарогах, — там, дзе па іх хадзілі работнікі, дзе зямлю крышылі колы павозак і рассякалі конскія капыты, скарынка запечанай гразі ператваралася ў пыл. Усё, што рухалася па гэтых дарогах, падымала яго ў паветра — пешаход узнімаў верхні пласт пылу сабе па пояс, фургон віхурыў пыл на вышыню агароджы, за аўтамашынай ён клубіўся воблакам і потым доўга не асядаў на зямлю.

Калі чэрвень ужо напалову прайшоў, з Тэхаса і Мексіканскага заліва насунуліся вялікія хмары — цяжкія, навальнічныя. Людзі на палях задзіралі ўгору галовы, уцягвалі носам паветра і выстаўлялі насліненыя пальцы, каб праверыць, ці ёсць вецер. Коні трывожна пераступалі з нагі на нагу. Чорныя хмары крыху апырснулі зямлю і імкліва паплылі далей, у іншыя краі. Пасля іх неба засталося такое ж бледнае, сонца па-ранейшаму моцна пякло. Дажджавыя кроплі прабілі ў пыле маленькія ямкі, сям-там абмылі кукурузнае лісце — і толькі.

Услед за хмарамі павеяў мяккі ветрык, ён гнаў іх на поўнач і лёгка пагойдваў падвялы кіяшнік. Мінуў дзень, і вецер набраў сілы, але дзьмуў роўна, без парываў. Пыл падняўся з дарог у паветра і апускаўся на пустазелле, што расло ўзбоч палёў, і ўскрай іх на кукурузу. Потым вецер падзьмуў моцна і рэзка, накінуўся на ўжо засохлую глебу. Мала-памалу неба пацямнела ад вірлівага пылу, а вецер усё шастаў па зямлі, крышыў яе і зносіў з сабой. Неўзабаве ён яшчэ больш разгуляўся. Сухая скарынка зямлі пад яго напорам лопнула, і над палямі падняўся густы пыл, які цягнуўся шэрымі, касматымі, як дым з коміна, пасмамі. Кукуруза змагалася з ветрам, шапочучы сухім лісцем. Тонкі пыл не асядаў на зямлю, а высока ўзнімаўся і знікаў у пацямнелым небе.

А вецер усё мацнеў, шмыгаў пад камяні, выдзьмуваў усё — і салому, і леташняе лісце, і камячкі зямлі, адзначаючы імі свой шлях. Паветра і неба зусім пазмрачнелі, сонца, што прабівалася скрозь морак, здавалася чырванаватым. Ад пылу пяршыла ў горле. Ноччу вецер зусім раз'ятрыўся, спрытна прабіраўся між каранёў кукурузы, якая адбівалася ад яго аслабелым лісцем, пакуль ён не вырваў яе з зямлі, і тады сцябліны стомлена паваліліся набок, вяршынямі паказваючы кірунак ветру.

Пачало світаць, але не разаднела. У шэрым небе выплыла сонца — мутна-чырвоны круг, які свяціўся сутонлівым, кволым святлом; да вечара сутонне паступова зноў перайшло ў змрок, а над паваленым кіяшнікам завываў і плакаў вецер.

Людзі сядзелі ў дамах, а калі даводзілася выходзіць, яны закрывалі нос хусцінкай і надзявалі акуляры, каб не засыпала вочы пылам.

Зноў настала ноч, апраметная цемра, бо зоркі не прабіваліся скрозь заслону пылу, а святло з вокнаў толькі крыху разбаўляла цемрадзь каля самага жытла. Пыл перамяшаўся з паветрам, і ў гэтай завісі з пылу і паветра было пароўну і таго, і другога. Дамы былі зачыненыя наглуха, дзвярныя і аконныя шчыліны заканапачаныя анучамі, але пыл непрыкметна пранікаў у памяшканне і тонкі, быццам кветкавы пылок, клаўся на сталы, на посуд. Людзі счышчалі яго з плячэй. Вузенькія палоскі пылу прымятала да парогаў.

Сярод ночы вецер пакінуў гэты край, наступіла цішыня. Змешанае з пылам паветра прыглушала гукі нават больш, чым туман. Лежачы ў ложках, людзі пачулі, што вецер сціх, — яны прачнуліся, калі шум яго замёр удалечыні. Яны ляжалі, напружана ўслухоўваючыся ў цішыню. Неўзабаве заспявалі пеўні, але галасы іх гучалі глуха, і людзі нервова заварушыліся ў ложках, нецярпліва чакаючы раніцы. Яны ведалі, што тонкі пыл асядзе не хутка. Раніцой ён туманам вісеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю і наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусціўся на кукурузу, асеў кучкамі на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахі, траву, абсыпаў дрэвы.

Людзі выходзілі з дамоў і, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешліва прыкрывалі чым-небудзь нос. Дзеці таксама выбягалі на двор, але не насіліся з крыкам па ім, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылі каля агароджаў і пазіралі на звялую кукурузу, якая хутка сохла і Толькі дзе-нідзе вызірала зелянінай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалі, амаль не адыходзячы ад агароджаў. І жанчыны выходзілі з дамоў і стаялі каля мужоў, стараючыся вызнаць, ці хопіць сілы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядаліся да іх твараў — кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе. Дзеці стаялі побач, выводзячы пальцамі босых ног узоры на пыле, і таксама стараліся чуццём выведаць, ці хопіць сілы ў гэтых мужчын і жанчын. Дзеці кідалі косыя позіркі на дарослых і асцярожна чыркалі па пыле нагамі. Коні падыходзілі да вадапойных карытаў і, матаючы мордамі, разганялі налёт пылу на паверхні вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць і ўступіла месца злосці, лютасці і ўпартасці. І тады жанчыны зразумелі, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталіся ў іх: што ж цяпер рабіць? Мужчыны адказвалі: самі не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, і дзеці таксама зразумелі — не так страшна. Жанчыны і дзеці цвёрда ведалі: няма такой