Литвек - электронная библиотека >> Аляксандр Блок >> Поэзия >> Дванаццаць >> страница 2
самота
Сэрца сціснула ў ціскі? …
— Эх, сябры мае, браточкі!...
Гэту дзеўку я кахаў…
Не адну хмельную ночку
З гэтай дзеўкай скаратаў…
З-за гарэзнасці бядовай
У палаючых вачах,
З-за радзімачкі пунсовай
Каля правага пляча.
Загубіў я, бесталковы,
Загубіў я згарача…ах!
— Ну, разнюніўся, разліўся…
Ці-ж не баба ты, Пятро!
Хочаш, Богу памаліся!
Хочаш вывернуць нутро?
— Гэй, Пятруха, схамяніся!
— Над сабой трымай кантроль!
— Час настаў цяпер інакшы —
Не для гора і тугі,
Трэба скончыць справу нашу
Нам, таварыш, дарагі! —
І Пятро свой бег спыняе,
Суцішае ён шагі…
Ён галоўку ўзнімае,
Ён ізноў павесялеў…
Эх, эх!
Пагуляць цяпер не грэх!
Сёння ты, буржуй, не спі —
Дзверы крукам зашчапі!
Склепы-сховы адчыняй,
Ды галоту сустракай!

8.
Ох, ты, гора горкае!
Доля нудная,
Сумная!
Я часіну тут
Правяду, правяду…
Я патыліцу
Пачашу, пачашу…
Я гарбузікі
Пагрызу, пагрызу…
Я ўжо ножычкам
Паласну, паласну!
Ты ляці, буржуй, зязюлькаю!
Вып’ю кроў я
За любоў маю,
Чорнабровую…
“Упокой, Господі, душу рабы твоея”…
Нудна!

9.
Не чутна шуму гарадскога,
Над неўскай вежай цішыня,
І больш няма гарадавога —
Гуляйце, хлопцы, без віна!
Стаіць буржуй на раздарожжы,
Схаваў у каўнер ссінелы нос.
А побач з ім спіну наёжыў
Сабака, падтуліўшы хвост.
Буржуй, як цюцька, стаў, галодны
І да зямлі нібы прырос.
І свет стары, як пёс бязродны,
Стаіць за ім, паджаўшы хвост.

10.
Загуляла завіруха,
Ой, ой, завіруха!..
Усё пад белай пацярухай
Захавалася кругом!
Снег узвіваецца слупом,
Рассыпаецца наўслонь.
— Ох, мяцель якая, Спасе!
— Гэй, Пятруха, не хістайся!
— Ад бяды цябе, мо’упас
Залаты іканастас?
Несвядомы ты, ты дзе там —
Сам падумай лепш пра гэта!
Хіба рук крывёй не спляміў
Цераз Кацькіна каханне?
— Шаг трымай рэвалюцыйны, —
Вораг шлях нам не зачыніць!
Упярод, упярод!
Рабочы народ!

11.
І ідуць без імені святога,
Усе дванаццаць — удаль.
Да ўсяго гатовы,
Ніпачым ім жаль…
Іх вінтоўкі гневам веюць
На варожыя сляды…
У завулкі, дзе завеі,
Дзе ўзлятае снег, як дым,
Дзе не вырвецца з сувеяў
Ні стары, ні малады. —
У вочы б’е
Чырвоны сцяг.
Раздаецца:
Мерны шаг.
Смерць снуе
Варожы шлях —
І пыліць завея ў вочы
Дні і ночы
напралёт…
Упярод, упярод,
Рабочы народ.

12.
…Удаль ідуць усеўладным шагам.
— На дарозе хто там устаў?
Гэта — вецер з чырвань-сцягам
Разгуляўся, зашугаў.
На шляху — сумёт халодны.
— Хто там? — Ноч і мітульга. —
Толькі ззаду пёс галодны,
Нібы злодзей, закульгаў.
— Адвяжыся, шалудзівы,
Я штыхом паласкачу!
Свет стары — брахун паршывы,
Адыдзі — пакалачу!
… скаліць зубы — воўк галодны, —
Хвост паджаў — не адстае —
Той сабака — злы, бязродны…
— Адгукнуліся, хто йдзе?
Хто махнуў чырвоным сцягам?
Цемра гэткая кругом!
Хто там ходзіць белым шагам?
Хто схаваўся за вуглом?
— Усё роўна пераможам,
Лепш здавайся мне жыўцом!
— Чуеш, горай стацца можа!
Гэй, выходзь, страляць пачнём!
Трах-тах-тах! — і толькі рэха
Адгукаецца — гу-гу!...
Ды завея доўгім смехам
Заліваецца ў снягу…
Трах-тах-тах! …
Трах-тах-тах! …
Так ідуць усеўладным шагам —
Ззаду — пёс, галодны пёс…
На чале з крывавым сцягам,
Праз завеі снежны гул,
Абаронены ад куль,
Над завейным крокам кволым,
Перлам белым снежных столак
У вяночку з белых роз —
На чале — Ісус Хрыстос.