ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Ли Дуглас Брэкетт - Исчезновение венериан - читать в Литвек width=Бестселлер - Аллен Карр - Легкий способ бросить пить - читать в Литвек width=Бестселлер - Вадим Зеланд - Пространство вариантов - читать в Литвек width=Бестселлер - Мария Васильевна Семенова - Знамение пути - читать в Литвек width=Бестселлер - Элизабет Гилберт - Есть, молиться, любить - читать в Литвек width=Бестселлер - Андрей Валентинович Жвалевский - Время всегда хорошее - читать в Литвек width=Бестселлер - Розамунда Пилчер - В канун Рождества - читать в Литвек width=Бестселлер - Джон Перкинс - Исповедь экономического убийцы - читать в Литвек width=
Литвек - электронная библиотека >> Віктар Карамазаў >> Современная проза >> Прыліпала

Віктар Карамазаў Прыліпала

Сярожка выскачыў са сцюдзёна-пякучай вады, але позняе сонца, сеўшы на пушчу, амаль зусім не грэла яго, як не грэла ўжо лясную рэчку і спаласаваны доўгімі ценямі поплаў. Адно свяціла, што раздзьмуханы вугаль, і ў гэтым познім святле танклявы хлопчык ззяў, быццам свежаачышчаная моркаўка.

У пушчу я прыехаў ранішнім аўтобусам і ледзьве ступіў на двор мясцовага егера дзядзькі Юзіка, як з бульбоўніку выскачыў вось гэты шустры ваяка. Ён наставіў на мяне свой аўтамат, але я адразу ўгледзеў, што ствол стрэльбы з сланечніку, а круглы, матузом падвязаны магазін — з выдзеўбанай напалавіну кацелкі. Захапіўшы блазноту ў палон, я тут жа ўчыніў першы допыт:

— Як зваць, прызнавайся!

— Сярожкам... Гі-гі-гі...

Цяпер мы шыбуем з рэчкі не вуліцай, як ходзяць усе больш-менш сур'ёзныя вяскоўцы, а напрасткі: спачатку зялёным звілістым берагам, затым — логам і, паўз жэрдзе загарадзі, выспелена-хмельнымі гародамі. Сярожка не мітусіцца, як там, на рацэ, басанож шлапаціць па астылай зямлі побач са мной і сакоча безупынку:

— А верыце, улетку я дома толькі начую. Мама карову падоіць, дык я нахапаюся сырадою з хлебам і як шасну на ўвесь дзень... Дацямна.

— Не абедаючы?

— Гі-гі, я самапасам. Летам усяго поўна. Яблык, гуркоў, ягад. Напяку рыбы за рэчкай. Яе толькі аб травічку патрэш, шубку злупіш, яна тады ой смачная!..

— Відаць, і свавольнік жа ты, Сярожка?

— А там вунь, бачыце, два баракі. Там жылі мінскія студэнткі. Практыку праходзілі. Бывала, як с-сыпануць на рэчку ўвечары...

— Так ужо і сыпануць.

— Во, чэснае слова! — на ўвесь гарод крычыць Сярожка, стоячы на сваім.— Спытайце ў майго бацькі. Вёска з хатаў выйдзе і рагоча. Аж падае. А яны хоць бы хны...

— Можа, яны не чуюць?

— А можа. Баракі ж вунь дзе, далекавата.

— Ты, відаць, вельмі любіш пушчу? — пытаюся я, і ён, неяк адразу наліўшыся яшчэ большай пяшчотай, нечакана абдымае мяне танклявай, але, адчуваецца, моцнай рукой, нібы кацянё трэцца шчакою аб мой каструбаваты пінжак, і ад гэтай раптоўнай даверлівасці маленькага чалавечага сэрца робіцца неяк не па сабе.

— Няўжо ж не люблю,— ціха прызнаецца ён.— Я б цэлыя дні сядзеў у лесе. Ці ля вальераў, дзе алені жывуць і зубры. У нас добра, калі турыстаў мала. А панаедуць з гарадоў, тады бывае спачатку цікава, а пасля — хоць уцякай. Нагледзішся на іх. Такія ўсе модныя, вясёлыя... Тады думаецца, што ў горадзе... ну, неяк вельмі цікава, весела...

Сярожка ўздыхае. Па ўсім відаць, што яго разважанні даўно вынашаныя, шчырая дзіцячая туга па далёкіх, загадкавых гарадах азорана ружовасцю і блакітам зманлівай невядомасці, а голас трымціць, быццам у жаваранка. Я зверху апускаю руку ў залатыя яго касмылі, і руцэ мякка, цёпла, што ў летняй вадзе.

— Табе не холадна босаму?

— Не, я прывычны.

Ля хаты ён першы ўскоквае на жэрдкі загарадзі, і я асцярожна, каб не падраць штаны аб вострае сучча, па тых самых жэрдках лезу следам за ім. На двары ляжыць прывезеная з пушчы атава — цэлую машыну, мусіць, згрузілі,— і, можа, гэта яна, атава, пахне сырадоем і мятай. Ужо ў сенцах мы выціраем ногі, а ўвайшоўшы ў хату, бачым, што акрамя Сярожкі, уся сям'я ў поўным зборы: напэўна, чакае нас да стала на вячэру.

Неўзабаве на стале з'яўляецца вялікая эмаліраваная міска з белай гарачай бульбай. Старэйшы з хлопцаў, Жэнька, нясе на стол гарлач з малаком, а сярэдні, Валодзя, старанна, аж сапе, наразае мяккі хлеб. Сярожка бяжыць у суседні пакой і валачэ адтуль новае крэсла; у жоўтыя лапікі, як восень за вокнамі. Ён усаджвае мяне на крэсла, а сам мосціцца побач, на ложку. Усе, хто тут, за сталом, разам з сухім і строгім на твар дзядзькам Юзікам і пакладзіста-ціхай, раздабрэлай Еўдакіяй Рыгораўнай, не зводзяць вачэй са свайго чубатага чыжыка, які сур'ёзна, не зважаючы на іншых, праз зубы цэдзіць малако з вялікага фарфоравага кубка. Мне здаецца, што ўсе тут хочуць сказаць яму нешта, ды не гавораць, усё роўна як саромеюцца каго: можа, Сярожку, а можа, мяне. Нарэшце падае голас маці:

— Ну і прывязлівы ты, сынок. Чалавек не паспеў агледзецца, а ты прыліп, як смала да рук.

— Ну што вы, Еўдакія Рыгораўна,— спрабую я ратаваць Сярожку і нашы з ім добрыя адносіны, але Валодзеў рот, быццам дзюба вялікай птушкі, задзірыста разяўляецца... I я змаўкаю.

— Нездарма ў школе прыліпалам завуць.

— Ну, ты...— пакрыўджана зморшчыўшы нос і ўвесь свой рабенькі, што чыжыкава яйка, тварык, ледзь не праз слёзы вішчыць на Валодзю Сярожка, ваяўніча прыўзнімаючыся над сталом.

— Цішэй вы, хлопцы! — строга супакойвае бацька, а маці, зусім з іншым падыходам, шэпча малодшаму:

— Баравічкі на стол не паставілі. Збегай, сынуля.

I Сярожка, тут жа забыўшыся на крыўду, зрываецца з ложка і бяжыць на кухню. Там ляскае посудам, шамаціць паперай, хляпае дзверцамі пасудніка і неўзабаве аберуч валачэ на стол літровы слоік. Маці нажом здзірае са слоіка прысохлую накрыўку, адклейвае ад верхніх грыбоў залітую алеем марлю, і першыя баравічкі, малюпасенькія, крамяна-жоўтыя, плывуць са слоіка ў Сярожкаву талерку. Да пахаў сырадою, свежай бульбы, жытняга хлеба далучаюцца пахі лаўровага лісту, гваздзікі, перцу, і ўжо Валодзя, глыбакадумна ўцягваючы носам вострую грыбную духмянасць, з замілаванай усмешкай цікуе з-пад прыгожых чорных броваў на брата і зусім іншымі, як раней, словамі далікатна кранае яго душу:

— Добрых грыбоў сёлета і не было. Сухмень стаяла. Адзін Сярожка немаведама дзе панавыпорваў іх.

— Дзе-дзе, пад мохам,— ганарыста кідае малы і, загробшы ў слоіку вялікай драўлянай лыжкай баравічкі, падкладае іх мне.

— Там нават моху няма, дзе ты збіраў,— кажа бацька, сухімі вуснамі цягнучыся да лыжкі з грыбам.— Гэтыя ж ты з Ясікавай курцінкі прынёс. З бярэзніку.

— I ў Ясікавай браў,— дзелавіта пагаджаецца Сяргей.

Гаворка за сталом паступова гасне, адно смачнае чаўканне чутно з усіх бакоў. У прачыненае акно чуваць рэдкія галасы вячэрняй вуліцы: пратарабанілі драбіны, разы тры хліпнула і замоўкла чыёсьці малое, пратупаў па жвіры верхавы конь, скураным сядлом прапеўшы пад седаком, разы два, як ля свайго акна, рыкнула чужая карова.

— Чаму Ясікава? — быццам самога сябе перапытаў, пажаваўшы, дзядзька Юзік.— Алянёнак быў у нас такі, Ясік. Гады два, як знайшлі яго ў трэцім квартале. Не, ужо тры леты будзе. Ляжаў, нагу зламаўшы. На матацыкле прывезлі яго дамоў, нагу ў лубок паставілі. Сярожка вачэй не зводзіў. I нічога, акрыяў. Нага зраслася, вырас наш Ясік. За час хваробы так да людзей прывязаўся... Можа б, тады, пасля папраўкі, і завёў яго ў лес, ды Сяргей у слёзы. Ат, думаю, хай сабе гадуецца, пракормім. Ніхто не думаў, што пачне Ясік біцца, як падрасце. Свайго, бывала, не кране, а чужога — так і глядзі,