Литвек - электронная библиотека >> Іван Навуменка >> Классическая проза >> Вайна каля Цітавай копанкі >> страница 2
вучобу хлопца ўзнагародзілі кнігай «Містэр Цвісцер». Гэта была цудоўная кніга, і Яша ёю вельмі ганарыўся. Такія кнігі ў іхнім класе далі толькі дваім: яму і Лізе.

Яшу вельмі хацелася паказаць каму-небудзь школьны падарунак. Хваліцца кнігай рудому Алёшу ён не асмельваўся. Сам Алёша вучыўся не дужа добра і, вядома, не мог ухваліць Яшавай прэміі. Ён яшчэ мог і парваць кнігу.

Яша пайшоў з кнігай да дзеда Атрахіма. Дзед жыў цераз вуліцу, насупраць іхняга двара. У калгас ён не ўступіў і лічыўся аднаасобнікам.

Паедзем, унучак, сеяць грэчку, — сказаў дзед. — Я забараную, а ты пасля папасвіш каня на поплаве.

Яша ахвотна згадзіўся. Наконт дзедавага каня ў яго былі свае планы. Яшу хацелася праскакаць верхам на кані па вуліцы, каб яго ўбачыла настаўніца Марыя Рыгораўна ці Ліза. Пра гэта хлопец марыў усю зіму. Ён уяўляў сабе, як здзівяцца Ліза і настаўніца, калі ўбачаць, што Яша, ані не баючыся, імчыцца як вецер на кані.

Яшавай прэміі дзед Атрахім ніколькі не ўзрадаваўся. Ён узяў кнігу, пакруціў яе ў руках і, аддаючы Яшу, падазрона спытаў:

— Ты, можа, у гэтыя канцамолы запісаўся? Можа, начэпіш на шыю чырвоную хустку і будзеш гарланіць, што Бога няма? А то завошта табе далі б гэтую кнігу?..

Дзед сам чытаць не ўмеў, і Яша яго лёгка супакоіў, што кніга не бязбожная.

— Я добра вучыўся, і мне далі кнігу як падарунак, — сказаў ён.

— Якое цяпер вучэнне, — сумна ківаючы галавой, прамовіў дзед Атрахім. — Чаму вас цяпер вучаць? Бацькоў не слухацца, Бога не паважаць. Свет цяпер такі пайшоў...

Дзед Атрахім не прызнаваў новых парадкаў. Асабліва крыўдаваў дзед за Бога. Ён не мог пагадзідца з тым, што Яшу вучаць не хадзіць у царкву і не верыць папу.

— Не слухай, унучак, гэтых супастатаў, — гаварыў дзед, — без Бога ў душы чалавек, як быдла. Ён тады нічога не баіцца і не шануе.

Перад Вялікаднем дзед вадзіў Яшу на споведзь. У царкве было многа людзей, яны спявалі, плакалі, станавіліся на калені. Дзед падвёў Яшу да папа. Поп накрыў Яшаву галаву бліскучай хусткай.

— Грэшан, — адказаў Яша, як навучыў яго дзед, і пацалаваў крыж.

Пасля гэтага поп даў яму лыжачку салодкага прычасця.

— Дай яшчэ, — папрасіў Яша, але дзед спалохана пацягнуў яго за крысо.

Яшава споведзь не абышлася без вынікаў. У царкве ў тую ноч была дзяўчынка, якая вучылася разам з Яшам. Яна таксама спавядалася, але гэта не перашкодзіла ёй расказаць пра ўсе настаўніцы Марыі Рыгораўне. Назаўтра на школьнай лінейцы назвалі Яшава прозвішча. Ён выйшаў на тры крокі наперад з шарэнгі, што выстраілася ў доўгім школьным калідоры.

— Ён цалаваўся з папом, — паказваючы пальцам на Яшу, грымеў на ўвесь калідор дзяжурны, вучань сёмага класа. — Ён забыў, што рэлігія — опіум народа...

Уся школа глядзела на Яшу, і яму было вельмі сорамна. Ён тады ледзь не заплакаў.

Яша пасля гэтага, можа б, і не хадзіў да дзеда Атрахіма, але дзед умеў прыгожа расказваць казкі і іграў на скрыпцы. Ён заўсёды частаваў Яшу чым-небудзь смачным. I яшчэ ў дзеда было шмат мікалаеўскіх і керанскіх грошай.

— За гэта можна было, унучак, купіць цэлую хату, — скардзіўся дзед, даючы Яшу прыгожую паперку, якая некалі значыла цэлых сто рублёў.

— Дык чаму ж вы, дзеду, не купілі?

— А хто ж яго, унучак, ведаў, што настане гэтакі час.

Яша дзівіўся. Дзедава хата была старая, складзеная з паточаных шашалем асінавых бярвенняў. Калі дзед на свае грошы мог купіць добрую хату, то чаму ж ён не купіў?..

Дзед не шкадаваў хлопцу розных пачастункаў, але Яшава маці яго не вельмі хваліла.

— Скнара стары, — гаварыла яна. — З-пад сябе падабраў бы. Я ў голад прадала ўвесь свой пасаг, а ён пуда бульбы не пазычыў. I каб не было. Няма ў яго Бога ў душы..

Пра Бога гаварылі і дзед, і маці, але па-рознаму. Выходзіла, што ў кожнага ёсць свой уласны Бог. Дзедаў Бог быў грозны, ён быў супроць калгаса, камсамольцаў, новых парадкаў. Бог, якога звала ў сведкі маці, павінен быў пакараць дзеда за яго скупасць, за тое, што ён не спачувае людзям. Ва ўсім гэтым было цяжка разабрацца. Дзед часта расказваў Яшу пра страшны суд, які настане вельмі хутка. На гэтым судзе Бог спытае кожнага, хто як жыў, як шанаваў Бога.

Яша аднойчы пацікавіўся:

— А ты, дзед, баішся страшнага суду?

— Усе мы грэшныя, унучак...

— А чаму ты не даў бульбы, як у нас не было? Бог жа пра гэта ведае.

Дзед зазлаваў і спыніў гаворку. Пра свае грахі ён гаварыў менш ахвотна, чым пра чужыя.

Сёння Яша не хацеў спрачацца з дзедам з-за Бога. Яго цікавіў конь. На дзедавым буланчыку хлопец не раз імчаў наўскач так, што аж дух займала. Але гэта было яшчэ тады, калі Яша не хадзіў у школу. Цяпер Яша жадаў прамчацца на кані, як Чапаеў, каб аж пыл курэў з-пад конскіх капытоў.

Пасля таго як дзед забаранаваў загончык пад грэчку, Яша павёў пасвіць буланага. Конь быў рахманы і лёгка даваўся ў рукі. Хлопец ірваў траву, і конь ахвотна выбіраў яе цёплымі губамі з Яшавых рук. Буланы пасвіўся да абеду. А ў абед Яша на ўсім скаку праляцеў па вуліцы Першамайцы, дзе жылі Ліза і настаўніца Марыя Рыгораўна. Але яны не бачылі Яшы. На вуліцы ў гэты час не было нікога, хто б мог пазайздросціць хлопцу. Дзень прайшоў наогул не так, як хацелася Яшу.

Пад вечар ён пайшоў да Тарабанаў. Шырокі, як майдан, выган, які пачынаўся адАлёшавага двара, шумеў, нібы цыганскі кірмаш. Усе хлопцы былі ўзборы. Ладзілася нешта цікавае. Яшу вуліца сустрэла насцярожана.

— Выдатнік, — з'едліва прамовіў Алёша і зняважліва цыркнуў слінай праз зубы. — Цэлы год да настаўніцы падлізваўся.

— Я не падлізваўся, — апраўдваўся Яша. — У мяне проста добрыя адзнакі.

— Не загаворвай зубы, ведаем мы такіх. За што ж табе прэмію далі?

Усе цягнуліся за рудым Алёшам, і гаварыць тут што-небудзь у сваю абарону было проста бескарысна.

Гаворка спынілася. Відаць, хлопцы надумалі нейкую справу і не адважваліся пачынаць яе пры Яшу.

— Добра, мы цябе праверым, — сказаў нарэшце Алёша. — Збегай дадому і прынясі хлеба. Будзеш забаўляць Салвэсевага Рудзьку. А мы палезем у сад па смалу.

Яша ахвотна згадзіўся. З Рудзькам ён дружыў, і не было нічога цяжкага забаўляць яго хоць цэлую гадзіну, пакуль хлопцы ў Салвэсевым садзе будуць абдзіраць вішнёвую смалу.

— Глядзі ж пільнуй сабаку! — строга наказаў Тарабан. — Калі хоць раз гаўкне, то будзеш ведаць...

Яша паклікаў з Салвэсевага двара Рудзьку і пачаў яго забаўляць на выгане. Рудзька быў добры сабака, і Яшу ён разумеў. За дружбу ён плаціў шчырай сабачай дружбай. Рудзька клаўся на спіну, потым падскокваў, стараючыся дастаць сваім чырвоным языком Яшаў нос. Ён абавязкова хацеў аддзякаваць за небагаты пачастунак. Яшу было трошкі ніякавата перад Рудзькам за тое, што ён яго ашуквае. Сабака ж не ведаў, што хлопцы ў гэты час