Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Современная проза >> Адзін лапаць, адзін чунь >> страница 10
так здалося толькі напачатку; нагам адразу ж стала цёпла, нават горача, і млява было пад каленямі. Ён ведаў, што гэта не ад прастуды, і таму не баяўся босы ступаць на падлогу. Пашукаў і знайшоў ля прыпечка старыя валёнкі, надзеў іх на босую нагу, знайшоў і апрануў стары свой кажух, парваны пад пахамі, і, падумаўшы, асцярожна і ціха пайшоў на тую палавіну хаты, дзе спала дачка з Іванкам. Тут ён агледзеўся. I тут панаваў шэры прыцемак, але святлейшы, чым у бакоўцы; святлей мільгаліся на вокнах цені, і было нават відно, як на дварэ, мутнавата пабліскваючы ў няпэўным месячным святле, самотна сеяліся, пырхалі дробныя сняжынкі.

Ля дзвярэй, на дашчанай перагародцы, ён убачыў тое, дзеля чаго прыйшоў: там вісела Іванкава світа. Ён прыгнуўся і, стаўшы на кукішкі, пачаў абмацваць у свіце кішэні. Рука адчула нешта доўгае і цвёрдае — ён узрадаваўся: наган малы яшчэ не паспеў схаваць. Кішэня была дзіравая, і рукаятка нагана асела за падкладку. Ён асцярожна, прытрымліваючы світку рукой, дастаў наган і, нібы баючыся некага, каб не згледзеў, прыціснуў яго да кажуха і так, прыгнуўшыся, выйшаў. Вярнуўся ў сваю бакоўку і з патаемнай кішэні ватоўкі дастаў патрон... Не забыць бы перахаваць і яго.

На ганку яго працяла холадам, ён на імгненне заплюшчыў вочы, стараючыся адолець дрыготку, унутрана напружваючыся, супраціўляючыся холаду і прывыкаючы да яго. Цела паступова расслаблялася, скразнякі аціхалі пад поламі кажуха, холад пачынаў прыемна студзіць грудзі. Праходзіла млявасць. Востры, здаровы марозны пах кружыў галаву. Скакалі, веяліся, мутнавата выблісквалі перад вачамі сняжынкі, і яму пачулася раптам, як моцна, па-роднаму блізка і цёпла запахла саломай. Танчэй і казытлівей пахла мякінай, свежа і густа чуўся пах гліны, пах прамерзлага току: ён бачыў яго выразна, карычнева-цёмны, загладжаны ток, прыбіты цапамі і пранікамі, увесь у лусачках-ямачках, што пакінула пасля сябе духмянае, цвёрдае зерне. Ён ведаў, што ўсё гэта толькі здавалася яму: пахі неадчэпна і востра мроіліся яму апошні час.

Ён зірнуў на неба. Дробныя шэрыя хмаркі беглі па ім, з-пад хмарак выслізгваўся, гойдаўся, бы на хвалях, жаўтлявы месяц. Па дахах, па гурбах нячутна снавалі цені, залягалі то празрысцей, то глушэй, і калі ўсё наўкол глушэла, сцішвалася, таямнічым, прывідным рабілася месячнае святло — было вусцішна.

Была ноч, і ён сярод ночы, перад ноччу быў адзін.

Зноў выбліснуў месяц і расхінулася далеч. Заіскрыліся, пасвятлелі гурбы, прывідна-светлая палоска пацягнулася праз поле ў лес, над якім імгліста, сутонліва зыбалася неба. Нешта нараджалася і не магло нарадзіцца там; здавалася, адтуль ішлі ўсе цені, здавалася, месяц выводзіў іх адтуль. I зноў пачало глушэць, пачала сціскацца і ападаць далеч. З-пад лесу ішоў цень, і яшчэ нехта ці нешта ішло за ім. Дзеду Міхалку зрабілася цяжка дыхаць. Рука адчула, успомніла пра Іванкаў наган. Ён падняў яго над галавой, размахнуўся і далёка кінуў за плот у гурбу...

Ён стаяў і чакаў. Змрок насоўваўся на дахі, на гурбы, засцілаў сабой поле. У галаве ў дзеда Міхалкі шумела, і больш за ўсё яго не так палохаў, як раздражняў, здаваўся нясцерпна прыкрым гэты шум — ён перашкаджаў засяродзіцца, сабрацца з думкамі ці, можа, нават з адной, апошняй думкай, а яна ж павінна была, абавязкова павінна была быць і самай галоўнай і самай патрэбнай яму...

Невядома праз колькі часу пачало віднець, і ён схамянуўся. На сінюю прагаліну ў хмарах выплываў месяц. Роўна і светла ахінала наваколле цішыня. Пад блакітнай смугой тонка празрысцелі гурбы.

Страху не было. Ён ведаў, сёння ці заўтра — гэтага не мінеш.

11

Ноч. Ноч. Ноч.

Над вёскай, над усім светам стаіць ноч. Спіць бабуля, спіць Іванкава маці. Спіць Іванка. Ніхто не ведае, што сніцца яму. Пад ложкам, абкручаныя аборамі, ляжаць новыя чуні. Прачнецца заўтра Іванка, і першая ягоная думка будзе пра іх. Узрадуецца тады Іванка. Добра заўтра будзе Іванку. Добра будзе яму.

Ну, то няхай!..