Литвек - электронная библиотека >> Васіль Хомчанка >> Современная проза >> Звон над зямлёй >> страница 3
будзіць Васілёк, а сам падаўся на выпетраную ўпоперак палос сцяжынку, потым подбегам пашыбаваў туды, дзе ў срэбным мроіве жаўцела пясчаная гара, а пры ёй сінела Беседзь.

«Баба Настачка не пускае мяне аднаго, баіцца, што ўтаплюся,— думаў ён.— А я не палезу ў рэчку, нават там, дзе мелка. Я толькі на гару ўзбяруся».

Пратэпаў Васілёк праз усё бульбяное поле, сасцяжыўся на шлях, туды, дзе выраіліся купаю бярозы. Дрэвы нібыта спалі, лісцікі не   варушыліся,   і   цені   ад  іх  ляжалі  кружочкамі на затканай падарожнікам і трыпутнікам дарозе. Пагладзіў Васілёк цёплую бяросту, пакратаў раны-насечкі — вясной з іх капаў бярозавік, і Васілёк прыбягаў сюды піць яго праз саломінку,— пастаяў яшчэ крыху і пайшоў бліжэй да Гарадзішчы.

Дарога — вузкая травяная стужка з тупкімі каляінамі — вілася па полю ўлева-ўпра-ва, рассоўваючы ў бакі то палосы бульбы, то жыта. Дарозе было горача, і яна падціскалася сваімі краямі ў цень. Па гэтых краях Васілёк і стараўся ступаць, там было халадней нагам. Жыта шумела ціхім пошумам, звінела птушкамі і трашчала цвыркункамі, між сцяблін свіцілася празрыстая зялёная цішыня. Ідучы, хлопчык раз-пораз падскокваў, каб убачыць гару. Ішлося лёгка — ці ж цяжка яму несці на плячах свае шэсць гадоў. А каласы, што хіліліся над дарогай, пяшчотна казыталі твар і пахлі, як свежы бохан хлеба. Неўзабаве Васілька абступіла задужа высокае жыта, і цяпер як ні падскокваў Васілёк,  нічога вакол не мог убачыць.

Раптам да яго даляцеў стук колаў. Хлопчык спыніўся, збочыў у жыта. Праз колькі хвілін ён убачыў над жытам зялёную дугу, затым конскую гнядую галаву, якая рухалася да Васілька. Мяккі ляскат колаў і тупат капытоў узмацніўся, і неўзабаве перад самым Васільком фыркнула конская храпа і спынілася. Чалавек, што сядзеў на калёсах, звесіўшы босыя ногі, здзіўлена разглядаючы Васілька, спытаў:

—  Ты чаго тут?

—  Іду.

—  Куды?

На Гарадзішча.

Чалавек   усміхнуўся,   паляпаў   па  білах.

—  Сядай, падвязу.

Васілёк узлез на калёсы, умасціўся на разасланай, не зляжалай траве.

—  Ты Васілёк?

—  Ага. Адкуль, дзядзька, мяне ведаеш?

—  Бабу тваю ведаю, Настассю Акіндзеўну. Яна маіх дзяцей бабіла.

Дзядзька сморгнуў за лейцы — конь з упрэлай спіной крануў з месца нецярплівым трушком, уцякаючы ад назойлівых сляпнёў і мух, што віселі над ім. А дзядзька махаў вераўчанай пугай, не так падганяючы гнядога, як зганяючы з яго розную заедзь. Быў ён не стары, амаль такога веку, як Васількоў бацька, з кароткімі рыжаватымі вусамі і шчэццю на барадзе. На ім белая расхрыстаная кашуля, картуновыя чорныя штаны, закасаныя па калена, пальцы на правай руцэ жоўтыя, закураныя тытунёвым дымам.

Конь трусіў жвава, яго шырокі гладкі крыж, як перавернуты дном човен, калыхаўся ўпоравень з каласамі жыта. На калёсах Васільку сядзелася мякка, утульна, бачылася з іх далёка: сяло з напаўразбураным касцёлам, на круглым даху якога ў гняздзе стаяў бусел, густы ліловы лес, куча вербаў і бяроз на могілках, школа... Дзядзька тоненькім камарыным галаском цягнуў нейкую песеньку. Часам канцы восяў чаплялі жыта, з шорхатам падміналі сцябліны, і яны, зламаныя, адмечаныя чорнымі дзёгцевымі рыскамі, тут жа віслі на зямлю. Заміраны спакой лунаў і рухаўся разам з Васільком сярод жытнёвага прасцягу, агортваючы хлопчыкаву душу і цела. Ён адчуваў, што набліжаецца да нечага шчымліва-радаснага, шчаслівага, якое ён стрэне ўпершыню ў жыцці. I раптам гэта самае, што ён павінен сустрэць, што ён цяпер чакаў, абвясціла пра сябе ціхенькім звонам:

«Дзінь! Бом!»

Васільку здалося, што варухнулася гара.

—  Дзядзька, звон!

Дзядзька прыклаў да вуха далонь, павярнуўся то ў адзін, то ў другі бок, прыслухаўся.

—  Жаваранкі,— упэўнена сказаў ён.

—  Не, не жаваранкі. Яны так: цілінь, цілінь, цілінь. А гэта — бом! Чуеш? Пад гарой звініць, во!

Дзядзька апусціў руку і нічога не сказаў. Яны ўжо пад'язджалі да гары. Бок яе, што старчаком узвышаўся над Беседдзю, быў спярэшчаны пячоркамі-гнёздамі. Стрыжы з цвіканнем ляталі каля гары, чыркалі крыльцамі па вадзе. Густая апаяска з дубняку і ляшчэўніку акружала гару па нізу, а вышэй на схіле, аж да самай макаўкі, жаўцелі пясчаныя праплешыны. Дзядзька спыніў каня, злез з калёс. Стоячы спіной да Васілька, пазіраў на верх гары і прыслухоўваўся.

—  Праўда твая, Васілёк. Званы звіняць. I я колісь залазіў вунь туды, прыпадаў вухам да зямлі і чуў звон.

Ён узяў Васілька пад пахі, паставіў на зямлю. Васільковы ногі ўлезлі ў пясок па костачкі, і так стаяў ён, нібы ў цёплай вадзе.

—  А адкуль званы пад зямлёй? — спытаў Васілёк.

—  Даўняя гэта гісторыя, мой хлопчык,— ён паклаў руку на галаву Васілька, задумаўся, а потым, як бы гаворачы сам з сабою, працягваў: — Даўным-даўно,   калі   не   было на свеце ні тваёй бабы, ні яе дзеда, ні дзедавага дзеда, жылі на гэтай гары людзі. Гара была тады і шырэй, і вышэй, акружаў яе вал земляны і дубовая сцяна. На самай вяршыні гары стаяла белая цэркаўка з сярэбранымі званамі і залатымі крыжамі. Званы так прыгожа звінелі, што ўсё жывое і нежывое замірала, слухаючы іх.

Аднойчы ў наш край уварваліся орды паганцаў. Мужна змагаліся з ордамі рускія людзі, ды сілы былі няроўныя. Падышлі паганцы і да Беседзі. Убачыў іх хан Гарадзішчанскую цэркаўку і ажно закалаціўся ад зайздрасці, што ў яго ханстве не было такой прыгажосці. Загадаў ён гарадзішчанцаў у палон пабраць, а царкву перавезці ў сваё ханства. Дзень і ноч біліся нашы людзі з паганскім войскам. А калі не ўтрымалі земляныя валы і запалалі дубовыя сцены, гарадзішчанцы схаваліся ў царкву. Падступіўся хан да царквы, а ўзяць не можа. Не здаваліся гарадзішчанцы. Тады люты хан загадаў спаліць царкву разам з людзьмі. Абклалі яе голлем, саломай і падпалілі. Шуганула полымя... I тут адбыўся цуд — цэркаўка раптам разам з людзьмі пачала асядаць у зямлю. А як зусім апусцілася, сышлася над ёй зямля, і як бы не было тут царквы. 3 той пары і звіняць званы пад зямлёю.

—  I   людзі   там? — спалохаўся   Васілёк.

—  I людзі.  Вось яны і падаюць галасы.

—  У званы звоняць,— дапоўніў Васі-лёк.— А гэта праўда ці казка?

Дзядзька пагладзіў Васілька па льняной галаве, узлез на калёсы і тузануў за лейцы.

—  Добрая казка заўсёды праўдзівая. Апошнія   яго    словы    ўпалі   на   дарогу, і конь растаптаў іх капытамі. Порстка зрушаныя калёсы пакаціліся да броду, уехалі ў ваду па самыя восі, узбруіўшы каля сябе белыя віхорчыкі. Пераехаўшы на другі бераг, дзядзька спыніў каня і падышоў да жанчыны, што пасвіла карову. Нешта сказаўшы ёй на вуха, паказаў пугай у бок гары і паехаў далей. Хоць Васілёк і не чуў, але зразумеў, што гаварыў дзядзька той жанчыне: «Глядзі, цётачка, каб хлопчык у рэчку не