Литвек - электронная библиотека >> Алена Масла >> Детская проза >> Таямніца закінутай хаты >> страница 20
Наведвальнікі сказалі пра свой выбар у прытулку.

— За табой прыйшлі твае мама і тата,— жадаючы дзяўчынцы дабра, падманулі дарослыя.

Ад слоў, пра якія марылася ўсё жыццё, у дзяўчынкі абарвалася душа. Прыціснуўшы да сэрца жалейку, стаіўшы дыханне, яна пайшла да жаданых, родных, вымаленых у Бога людзей.


...Цяпер у дзяўчынкі ўсё было сваё: пакой у вялікім доме, мноства прыгожых сукенак і безліч цацак. Пра гэта маглі толькі марыць дзеці з прытулку.

Але чамусьці дзяўчынка тужыла мацней, чым раней.

Яе душа сціскалася, а сэрца плакала, калі яе прыбіралі, як ляльку, і хваліліся знаёмым:

— Вось якая прыгожая ў нас дачушка!

Чуткі пра незвычайную прыгажосць дзяўчынкі разнесліся па свеце, і паглядзець на яе прыязджалі людзі здалёк.

Дзяўчынка была як водблеск сонейка на роснай траве. Але такая туга жыла ў яе вачах, што ніхто не мог глянуць у іх не сумеўшыся.

— Яна прыгожая, але такая сумная! Можа, яе крыўдзяць бацькі? — пачалі шаптацца людзі.

Адкуль ім было ведаць, аб чым тужыць дзіця!.. У яе з’явіліся мама і тата, але гукі, якімі поўнілася душа, адмаўляліся выліцца ў музыку.

Названыя ж бацькі задорвалі дзяўчынку цацкамі, падарожжамі, самымі дарагімі ўборамі. І, не дабіўшыся весялосці сваёй прыёмнай дачушкі, пачалі папікаць яе:

— Няўдзячная! Чаго, скажы, ты не маеш? Мала ў каго ёсць дзесятая доля твайго дабрабыту, а ты ўсё сумуеш. Скажы, што табе трэба?

— Вашай любові,— выдыхнула дзяўчынка, але сваім адказам яшчэ больш угнявіла бацькоў: яны верылі, што сытае жыццё — і ёсць любоў.

— Досыць марнаваць час за ігрой на жалейцы! — быў іх прысуд.— Пара заняцца якой-небудзь вартай справай!

І ў дзяўчынкі аднялі жалейку.

Пасля паклікалі цырульніка, каб пастрыг ёй залатыя косы — вырашылі, што ў пансіянаце, куды намерыліся аддаць яе на вучобу назаўтра ж, некаму будзе даглядаць іх.

Дзяўчынка моўчкі выслухала прысуд дарослых. Яна падняла на іх свае чыстыя вочы і глянула ў самае сэрца сваім бацькам.

І сэрцы іх выдалі праўду, сказалі, што прыёмныя бацькі — не сапраўдныя мама і тата. Сапраўдныя бацькі ніколі не пастрыглі б косы, якімі любаваліся нават Анёлы ў Даліне Шчасця. І не адабралі б у яе жалейку.

У чаканні раніцы дзяўчынка села ля акна і стала бяздумна глядзець у ноч: заўтра для яе пачнецца новае, пазбаўленае сэнсу жыццё. Сэрца яе знямела, а з душы пайшла музыка.

Было так балюча, што боль не адчуваўся: абыякавасць скавала і рухі, і памкненні душы.

З неба падалі зоркі, распускаючыся на рачной гладзі белымі лілеямі — але гэта ўжо не кранала яе сэрца.

Цвыркуны спявалі калыханку Зямлі — але яна не чула іх замілаванага гоману...

Чаканне мамы і таты, прага сустрэчы з імі была марнай...


Туга па бацьках змянілася сумам па далёкай, нябачнай, некалі пакінутай Даліне Шчасця...

Месяц на небе не вытрываў маўклівай дзіцячай роспачы. Ён наблізіўся да акна, ля якога сядзела дзяўчынка:

— Сядай мне на ражок, мілае дзіця. Душа твая ўсё такая ж чыстая і лёгкая. Мы імгненна даімчым у Даліну Шчасця!..

На гэты раз дзяўчынка не стала пярэчыць. Яна села на ражок месяца і абвіла яго рукамі.

Месяц паплыў над соннымі гарадамі, якія разам з дазнанай у пытаннях бяспекі паліцыяй і магутнымі ўзброенымі войскамі бераглі начны спакой на Зямлі.

Не ведалі яны, што спакой аддаляецца ад Зямлі разам з маленькай дзяўчынкай, заснуўшай на серпіку месяца.

Так і не адумаліся, не вярнуліся яе мама і тата. Так і не давялося сыграць ёй музыку, якая памірыла б усіх людзей на Зямлі.

...Высока-высока за воблакамі, там, дзе пачынаецца мяжа неба з Далінай Шчасця, дзяўчынку чакаў Анёл. Некалі зіхоткія яго крылы ад гора сталі чорнымі, як ноч. Асцярожна, каб не патрывожыць, ён зняў з ражка месяца дзіця. Пасля дастаў залатыя нажнічкі і састрыг з неба яго зорачку...

Гора Зямлі! Так паранілі сэрцайка дзіцяці людзі, што нават гаючае паветра Даліны не можа вылечыць яго. Не бегае басанож па мяккім мурагу Даліны Шчасця золатавалосая дзяўчынка. Спіць яна ў калысцы з сонечных промняў.

Смуткуюць Анёлы. Бо, пакуль спіць дзяўчынка, спіць разам з ёй і чароўная музыка. Не скора цяпер пачуе яе Зямля. А без яе не аціхнуць на планеце войны, не адтаюць чалавечыя сэрцы...

Ёсць толькі адзін спосаб абудзіць дзіця, вярнуць зямлі музыку збавення. Магчыма, мой дарагі, што абуджэнне золатавалосай дзяўчынкі залежыць і ад цябе.

Ты ж некалі вырасцеш, станеш дарослым. І ў тваё жыццё і жыццё чалавека, абранага табой, пастукаецца адпраўленае небам на свет Божы дзіця. Любі яго і помні, што шанаваць даверанае табе Богам жыццё — найпершы абавязак. Колькі людзей на Зямлі ўспомніць пра гэта — столькі анёлкаў на небе ўсміхнецца.

І калі не застанецца ні аднаго сумнага, тады і прачнецца золатавалосая дзяўчынка.

Дадуць ёй у рукі чароўную жалейку. І па месяцовай дарожцы — а можа, на нітачках дажджу ці на крылах ветру — спусціцца яна на планету, дзе жывеш ты, дзе будуць жыць твае дзеткі. Яна будзе іграць, а музыка збавення расквітнее ў кожным сэрцы кветкай дабрыні. І тады Далінай Шчасця стане ўся Зямля. Во калі ўжо можна будзе нагуляцца са звярамі, наплавацца з рыбамі, налётацца з птушкамі! У Даліне ж Шчасця ўсё жывое сябруе і ніколі не крыўдзіць адно аднаго.

Помні пра гэта. І няхай, калі ты вырасцеш, ніколі з-за цябе не льюць слёз дзеткі.