Литвек - электронная библиотека >> Алесь Савіцкі >> Детские стихи >> Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка

АЛЕСЬ САВІЦКІ РАДАСЦІ І НЯГОДЫ ЗАЛАЦІСТАГА КАРАСІКА БУБЛІКА

ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ

Ласкавае і духмянае імя — Бублік — залацісты карасік атрымаў у дзень свайго нараджэння.

Сажалка, дзе ён упершыню ўбачыў свет, мела, на першы погляд, загадкавую назву — Руды блінец. Аднак, калі глядзець на яе з пагорка, які парос маладым сасняком, сажалка і сапраўды нагадвае аграмадны блінец з няроўнымі, нібы падпечанымі на агні, закрайкамі. Некаторыя завуць яе Рудой балацінай. Але назва гэта ўжываецца рэдка і сапраўднасці мала адпавядае: сажалка вялікая і месцамі дужа глыбокая, маецца ў ёй тры доўгія, не падобныя адна на адну, затокі.

З усходу Руды блінец атуляе бярозавы гай, з-за якога ўранні выплывае сонца. Штораз, калі яно нібы гушкаецца на бярозавых шатах, вада каля берагоў робіцца рудаватая, потым жаўтлявым колерам бярэцца сярэдзіна. Мажліва, гэтая акалічнасць таксама мела дачыненне да назвы сажалкі. Але да сапраўдных вытокаў назвы пакуль што ніхто не дакапаўся, і не чуваць, каб хто-небудзь збіраўся тое зрабіць.

З таго боку, дзе пагорак з маладымі сасонкамі, да самай вады падступаюць густы вербалоз і чаромха. Вясною тут асабліва прыгожа, залівіста спяваюць салоўкі. За чаромхавае голле ўвечары хаваецца сонца, вялізнае і агнявое. Чаромха і гнуткі вербалоз дугою завісаюць над самай вузкай і глыбокай затокай, якая мае назву прыгожую і зваблівую —Чаромхавая, альбо Белая затока. Прынамсі, больш справядліва было б даць ёй назву Шчупаковая, бо ў гэтай затоцы — самай жахлівай для карасёў! — жыве зялёна-жоўты шчупак Зубаты.

Імя гэтага жахлівага драпежніка ахутана яшчэ большай таямніцаю, чымся назва сажалкі. Адкуль, якім чынам ён трапіў у Руды блінец, аніхто не ведае дакладна. Адны кажуць, што нейкая качка ажно з Бярэзіны занесла на сваіх крылах у сажалку ікрынку, з якой і вырасла гэтае бязлітаснае да карасёў страшыдла. Другія сцвярджаюць, што нейкі рыбак вяртаўся дахаты з Доўгага возера, спыніўся каля сажалкі і выпадкова абярнуў вядзерца, з якога і шуснуў у сажалку шчупак. Трэція нібыта недзе чыталі, што Белая затока калісьці была ручаінаю і па ёй у вясновую паводку малады Зубаты прабіўся ў сажалку з Мінскага мора, дзе шчупакоў здаўна процьма жыве.

Якая тут пагудка бліжэй да праўды, цяжка сказаць. Але ўсім вядома: Белая затока — месца гіблае, карасю туды лепей і не паказвацца, бо той, хто жоўта-зялёнага шчупака аднойчы сустрэне, на другую сустрэчу можа не разлічваць. Бязлітасны і каварны, гэты драпежнік заўсёды глынае карася жыўцом, не распытваючы, якога той роду і племені. Праўда, пазалетась адзін карась здолеў выслізнуць са шчупаковай пашчы і ўцячы. Але ў далейшым шчасліўчык гэтак заганарыўся сваім спрытам і ўвішнасцю, што зусім страціў пільнасць і сярод белага дня трапіў у дзюралевы бітончык, які падшыванцы закідвалі ў сажалку на тоўстай вяроўчыне.

З поўдня да сажалкі падступае дарога, якая пазначана белымі слупкамі, па ёй часта праносяцца малыя і вялікія машыны, з гучным трэтарам мільгаюць матацыклы. У дождж з дарогі гоніць жвір, і ён выслаў берагі затокі, якія акаймаваны густой асакою. Гэты куток сажалкі лічыцца самым няўтульным: тут заўсёды смярдзіць газалінавым чадам, вугалем, абпаленымі на агні бляшанкамі, струхлелымі анучамі.

Гэты, самы няўтульны, куток сажалкі мае зусім нечаканую назву — Хлебная затока. На гразкім, добра прагрэтым сонцам мелкаводдзі карасі амаль штодня знаходзяць мяккае хлебнае крышыва, духмяныя кавалачкі сыру, добра ўвараныя, прапахлыя мясам і маслам крупы, камякі белазатага цеста, ад якога патыхае дзівосным пахам смятаны і алею. Часцяком кавалачкі цеста пахлі анісавымі кроплямі, ад якіх у роце доўга трымаецца саладжавы водар. Але галоўная прывабнасць гэтай затокі ў тым, што сюды, на мелкаводдзе, ніколі не заплывае Зубаты.

Насупраць хлебнага мелкаводдзя, на паўночным беразе сажалкі, выгінаецца Крывая затока. Бераг тут зыбкі, затравелы, сюды, пасля моцных дажджоў, можна выплываць і раскашаваць сярод зялёнай травы. На жаль, рабіць гэта можна толькі ўночы, бо ўдзень тут гаспадараць тоўстыя і дужа хітрыя шэрыя вароны. Яны залазяць у ваду па самае пуза і нерухома стаяць гадзінамі. Але варта карасіку наблізіцца, як варона тут жа хапае яго сваёй моцнай доўгай дзюбаю і нясе да чорных карчоў, што вытыркаюцца з вады каля густой і шчыльнай сцяны чароту. Варона выдзёўбвае ў сваёй ахвяры вочы, выдзірае вантробы і кідае. Шмат карасёвай малечы загінула такім чынам, і таму слава пра Крывую затоку ідзе нядобрая.

Ад шэрай вароны, праўда, можна ўратавацца. Галоўнае тут адно: блізка да яе не падплываць, трымацца, дзе глыбей. Глыбокай вады варона пабойваецца. Гэта не Зубаты, які любіць глыбіню і пабойваецца мелкаводдзя.

Сажалка, такім чынам, мае мясціны небяспечныя. Але ж мясцін, якія спрыяюць радаснаму жыццю, намнога больш. Тым не менш, тое жыццё азмрочваюць вуды рыбакоў, бязлітасныя сеткі, ядучая вадзіца з бутэлек, якія рыбакі кідаюць у сажалку. Карацей кажучы, карасёў у Рудым блінцы робіцца ўсё меней і меней. Таму кожнага новага жыхара тут сустракаюць радасна.

У дзень нараджэння залацістага карасіка свяціла сонца. Ад яго вясёлага прыветнага цяпла і святла здаваліся залачонымі водарасці, што спавілі карані чароту і аеру, мяккі глей і аблепленыя ракавінкамі камяні, што трохкутнікам ляжаць на дне сажалкі непадалёк ад зарослага асакой берага. Залачонай выдавала нават празрыстая абалонка ікрынкі, якая нейкі час была карасіку ўтульным дамком.

— Нейкае дзіўнае дзіця ў нас з табой, карасіха,— сказаў бацька.— Ты шэрая, я нават белаваты каля плаўнікоў. А ён быццам залачоны.

Карасіха зарадавалася:

— Не дзіўна, дарагі мой карась. I не залачоны, а залацісты. Па колеру — бублік. О-ой, гэта ж яму і імя знайшлося. Бублік! Ты толькі прыгледзься, сапраўды, падобны на бублік. Ты згодны, каб было гэтае імя? Бацька насупіўся:

— Я не супраць. Але мяне трывожыць колер. З чаго гэта Бублік залацісты? Яшчэ не хапала, каб ён быў чорны!

Маці Бубліка сказала:

— Я чула, што калі жанчына доўга глядзіць на чалавека з чорнай скурай, дык дзіця ў яе можа нарадзіцца таксама чорнае.

— Мы карасі. У нас гэткае не можа здарыцца. I наш карасік не чорны, а залацісты. З чаго?

— Памятаеш, вясною ты часцяком сварыўся, што я плаваю па самай паверхні, падстаўляючы сонцу спіну. Можа, таму наш карасік і нарадзіўся залацісты?

Бацьку Бубліка апанаваў цяжкі одум. Гэта заўсёды з ім здаралася, калі карасіха пачынала расказваць пра свае звычкі. Звычкі былі і добрыя, і благія. З благімі звычкамі карась змагаўся рашуча і дамогся добрых вынікаў. Карасіха ўжо не падмалёўвае губы чырвонай глінай, што да вяселля рабіла па дваццаць разоў