Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Современная проза и др. >> Сузіральнік


Андрэй ФЕДАРЭНКА


СУЗІРАЛЬНІК


Апавяданне


На тратуары цені ад дамоў, таму ідзеш, як па веліканскай шахматнай дошцы, з цёмнага квадрата ў светлы, ды яшчэ стараешся не наступіць на хвост голубу, які ўпарта бяжыць паперадзе, абмінаючы расчаўленыя іржава-аранжавыя рабінавыя ягады. Самі дрэўцы, некалі падрэзаныя і цяпер карлікавыя, з куксамі замест вершалін, растуць на газоне за метр ад праезджай часткі, і пад імі то нагінаецца ракам, то прысядае ў траве на кукішкі мужчына з цэлафанавым пакетам і засяроджана чыркае нешта сцізорыкам. Чародка школьнікаў перабегла вуліцу; у аднаго загіпсаваная па самыя пальцы правая рука — вісіць, падвязаная да шыі (як ён будзе пісаць? а мо ляўша?). Тарахцяць па тратуары газонакасілкі, штук шэсць цугам; у прычэпах флегматычныя касцы ў салатавых зеленбудаўскіх камізэльках, і малы гадоў чатырох застыў і не зводзіць з працэсіі круглых ад захаплення вачэй. «Мама, што гэта?!» — «Драндулеткі, — адказвае маці: — Хадзем», — але сын не можа адарвацца ад машынак і па складах паўтарае, укладваючы ў новае слова іншы, чым маці, сэнс: «Дран-ду-лет-кі», — у яго гучыць рамантычна, амаль як му­зыка. На рагу вуліцы, пад ліпамі, каля безыменнай крамкі чакаюць паратунку — васьмі раніцы — гаротнікі (не ўсе, значыць, паселі ў машыны і паехалі ў офісы), рыхтык як чакалі яго 10, 20, 30, і больш гадоў назад, хіба што тыя, даўнія, былі весялейшыя, расказвалі анекдоты, штораз прыкурвалі, бо танныя цыгарэты тухлі ледзь не пасля кожнай зацяжкі, і абавязкова знаходзіўся жартаўнік, які жаласліва канькаў, шморгаючы ручку дзвярэй: «Адчыні-і-це вароты ў царства-а нябеснае!» — а гэтыя, цяперашнія — маўклівыя, заклапочаныя, топчуцца ці сядзяць на нізкай агароджы кожны сам па сабе, унурыўшыся ў тэлефоны.

Даходжу да метро, дзе Pizzafoot, пах кавы і гарачых бліноў, музыка, сонца, столікі з попелкамі... Адсюль, з высокага месца, добра бачныя шкляныя дахі кунцаўскіх парнікоў. Неба адбіваецца ў іх, робячы сінімі, і аддалёк гэта так падобна на кавалачак мора! — поўная ілюзія якогась курорта, тым больш на мне шорты, майка, лёгкі абутак, ды і людзі вакол адзетыя па-летняму; адчуванне, нібы ідзеш паўднёвай раніцай на пляж, а мора павольна падымаецца табе насустрач, менавіта падымаецца — ад жоўтага берага да гарызонту.

Праз вуліцу на базарчыку гандлююць сырой і варанай кукурузай, апенькамі, грушамі, яблыкамі, памідорамі, вінаградам, персікамі, дынямі... Каля жоўтай бочкі з надпісам «Квас» два маладыя хлопцы ў шортах, з татуіроўкамі на загарэлых нагах і руках, прадаюць: адзін грэцкія арэхі, другі — слівы-венгеркі. «А вось яшчэ анекдот: дактары ўскрылі параненага Матаролу, а там усярэдзіне...» — далей не чую, спыняюся закурыць перад невялікай круглай клумбай. На ёй сярод хрызантэмак, настурцый, чарнабрыўцаў — усюдыісныя садовыя рамонкі (сімвал вясковай, ды і гарадской, беларускай восені), інакш — касмеі, белыя, ружовыя, пурпурныя, цёмна-чырвоныя, з касматымі, дробненькімі, як кроп, лісткамі. Над кветкамі завіслі дзве капусніцы і, трапечучы крыльцамі, сінхронна перамяшчаюцца ўверх-уніз і ўправа-ўлева.

Назад іду другім бокам вуліцы, каб захапіць кавалак лесапарку і поля.

Зварочваю на выкладзеную каляровымі пліткамі дарожку. Абапал абляпіхавыя дрэўцы ў суседстве з падстрыжанымі кустамі дэкаратыўнай шыпшыны. Дарожка вядзе паўз дзіцячы сад. У двары шчабятанне, гоман гномаў, два хлопчыкі, адзін з аўтаматам, другі з пісталетам, прыліплі да драцяной сеткі плоціка і пазіраюць на вуліцу. Святое маленства! Што ў гэтых мілых галоўках? Пра што яны могуць думаць, аб чым гаварыць? «Нато ласшылаецца на васток...» — чую, праходзячы побач.

Дарожка ўпадае ў ціхую, зялёную, амаль местачковую вуліцу. Наперадзе маладая мама з каляскай-двойкай заняла ледзь не ўсю шырыню тратуара, а на яе з-пад вінаграднага куста ўважліва пазірае рабая кошка — важная, гордая ад таго, што вось і яна вывела дзяцей на людзі. Кацяняты — чатыры пярэстыя пухнатыя камячкі, ап’янелыя ад цяпла і свабоды, дурэюць, хаваюцца ад маткі і адно ад аднаго пад шырокімі, з белымі плямамі птушынага памёту вінаграднымі лістамі, спрабуюць караскацца па тонкай лазе, якая дасягае трэцяга паверха, захінаючы ценем ніжнія вокны і балконы.

Пры ўваходзе ў лесапарк, на сцежцы, выстраіліся ў шарэнгу, як вучні на ўроку фізкультуры, чалавек восем аматараў, дакладней — аматарак скандынаўскай хадзьбы: рознага ўзросту, старыя і маладыя жанчыны са сваімі палкамі і заплечнікамі; нізка кланяюцца на ўсход, хорам цягнуць: «Здравствуй, солнышко! Здравствуй, день красный!» — а непадалёку на лаўцы ў халадку сядзіць худзенькая дзяўчына ў светлай сукеначцы, рукі на каленях, у пальцах павадок-рулетка, глядзіць перад сабой не міргаючы, па шчоках цякуць слёзы, яна не выцірае іх, і каля ног скотчтэр’ер з бародкаю і кручком хваста, не ведаючы, чым гаспадыні памагчы, ліжа ёй красоўкі.

Справа зялёнай сцяной лес. Злева да самай кальцавой — поле са скошанай і адрослай па другім, трэцім разе травой. Тут асабліва заўважаецца, што пачатак верасня падобны на пачатак лета. Якое разнаквецце! які жоўта-бела-сіне-чырвона-ружовы ўзор на зялёным дыване!

Жоўтыя гузічкі-гронкі дзікай арабіны — піжмы, такога ж ко­леру дзікі гарошак, і святаяннік, і жоўтазель, і чыстацел; белы дзятлаўнік з трайчастымі лісткамі; буйныя ружова-ліловыя (ці, як у Ластоўскага, лільёвыя, што і праўда падкрэслівае выцвіласць, паліняласць) кветкі канюшыны; дзядоўнік-татарын (Хаджы-Мурат) — тоўсценькі ствол, пурпурныя кветкі-хохлікі на канцы калючых шарыкаў; лапушысты, падобны на конскі шчавель хрэн; дробныя брудна-белыя суквецці серпарэзніку, цвіценне якога дакладна супадае з жнівом (колькі разоў ён спыняў мне, пакалечанаму, кроў!); нарэшце, палявы ўюнок з кветкамі-званочкамі — павітуха, што любіць расці на чыгуначным палатне, сярод камення на адхонах, асабліва на запасных пуцях, дзе пішчом лезе з-пад сатлелых у зямлі шпалаў і спавівае паржавелыя рэйкі...

І па простай асацыяцыі з рэйкамі і шпаламі так захочацца раптам апынуцца ў цягніку, каб ехаць, ехаць — няважна куды: абы перастук колаў, тамбур з пахам цыгарэтнага дыму, вугальнага гару і прыбіральні, начныя агні за вакном, станцыі з пустымі перонамі, з цёмнымі абрысамі пірамідальных таполяў; і галоўнае — абсалютнае веданне, што неўзабаве так яно і будзе, хаця б таму, што жыву ж я, а пакуль чалавек жыве, з ім можа здарыцца ўсё, у тым ліку і добрае.

«...О-ой, дзе тая смерць, чаго яна не йдзе, — пазяхнуўшы, кажа Тацяна, мая стрыечная сястра. Яна сядзіць у двары на нізкай лавачцы, выцягнуўшы ногі ў хатніх тапцях, склаўшы на