- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (9) »
Алена Масла Вандроўка з божымі кароўкамі
Сіла хлеба нябеснага
Салодкае жыццё
Знаёмцеся: божыя кароўкі Ірыска і Хлебны Мякіш. Пра сябровак можна сказаць, што жывуць яны салодкім жыццём. Мяркуйце самі. У Ірыскі імя – цукерачнае, хатка – з цукерак: падмурак зладжаны з батончыкаў, сцены – з цаглінак-ірысак, дах крыты шакаладам, а вокны шклёныя ледзянцамі! Мэбля ў хатцы – з карамелек, а падушкі і пуфікі для сядзення – з мяккіх жалацінак. Хлебны Мякіш мае хатку з бісквітнага цеста, размаляваную рознакаляровымі глазурамі і пакрытую марцыпанамі. Не думайце, што сяброўкі – лайдачкі і толькі тым занятыя, што пестуюцца сярод гэтай раскошы. Насамрэч незвычайныя імя і хаткі божыя кароўкі маюць з-за сваёй работы: з неба на зямлю яны носяць цукеркі і хлеб. Вам не верыцца! А ўспомніце, колькі разоў самі спявалі:Божая кароўка,
Паляці на неба,
Там твае дзетачкі
Ядуць цукерачкі.
Сама паясі –
І нам прынясі!
Божая кароўка,
Паляці на неба,
Там анёлачкі жывуць,
Табе хлебца дадуць
У палоне шэрых туманоў
Пра адну з вандровак божых каровак я і раскажу. Было гэта ў той год, калі зімой не выпаў снег і мароз не замарозіў рэчкі. Сонейка таксама не выглядвала ўсю зіму. Пасля яго не было вясной. Затым лета пачалося без сонейка. Уся зямля патанала ў густым шэрым тумане. Шкоднікаў – розных благіх мікробаў і лічынак — без марозу і сонца, ад якіх яны гінуць, на зямлі распладзілася як ніколі. Адной толькі тлі развялося процьма! Была яна надзвычай пражэрлівая, і маладзенькая лістота гінула, не паспеўшы ўзяць клёку. Божыя кароўкі шчыравалі, але тля старалася таксама, яе было намнога больш, таму дрэвы і кусты хутка сталі нагадваць абгладаныя венікі. Усё адно божыя кароўкі не здаваліся і ваявалі са шкоднікамі з усіх сіл. Благім надвор’ем дзеці сядзелі ў хатах і ніхто не звяртаўся да божых каровак з просьбай злётаць на неба. Нарэшце недзе ў сярэдзіне лета папрасіў злётаць па хлеб нейкі хлопчык з дома на ўскрайку горада. Хлебны Мякіш адразу ж пусцілася ў дарогу. Ірыска засталася дома. Разам з астатнімі божымі кароўкамі дзень пры дні яна нішчыла тлю і чакала вяртання сяброўкі. Але час ішоў, дзесяць разоў можна было абярнуцца туды і назад, а сяброўкі ўсё не было. Хвалявалася за яе не толькі Ірыска. Усе сваякі і суседзі чакалі Хлебны Мякіш. Пакуль што маўчалі пра горшае, але не-не, ды ўздыхалі ўпотай: ці не здарылася што благое з адважнай вандроўніцай у дарозе? Каб не ўпасці ў адчай самой і падтрымаць сяброў, Ірыска штовечар ладзіла застоллі. Абрусамі, пашытымі з пялёсткаў кветак, накрывала стол, запарвала зёлкі ў гарбатнічку, па талерках раскладала разнастайныя ласункі. Госці збіраліся, частаваліся, шчыра дзяквалі Ірысцы за хвіліны радасці, але доўга не бавіліся – спяшаліся зноў на работу. А пасля цукеркі ў Ірыскі скончыліся. Яна ж даўно за цукеркамі не лётала. Прыпасы, якімі былі набітыя шматлікія кладовачкі, без аднаўлення расталі хутка. Канешне, для сяброў Ірыска без шкадавання магла разабраць і сваю салодкую хатку – новая некалі адбудуецца! Але тады для ўсіх стане відавочным, як безнадзейна зацягнулася шэрае надвор’е. Сапсуецца настрой, прападзе баявы дух – і тады ўжо не будзе ў божых каровак надзеі на перамогу над тлёй! Таму Ірыска трымалася што ёсць моцы. Як сышлі прыпасы, стала разбіраць і падаваць на стол мэблю з карамелек, пуфікі з жалацінак. Гэта для старонняга вока пакуль што заўважным не было. А калі ўсё салодкае начынне з хаткі было ўрэшце з’едзена, Ірыска задумала дастаць ледзянцы з вокнаў. Сваякам бы сказала, што гэта – новая сістэма вентыляцыі, і яны б паверылі.Вяртанне Хлебнага Мякіша
Толькі яна ўзялася за справу, як раптам пачула даўгачаканае: — Прывітанне, сябровачка! Хлебны Мякіш, змучаная, перапэцканая ў нешта чорнае – ажно кропачак на крылцах не відаць, але – жывая! – стаяла на парозе. І трымала торбачкі, поўныя хлеба. Ірыска кінулася да сяброўкі з прывітаннямі, сабралася клікаць сваякоў і сяброў… Але Хлебны Мякіш па-змоўніцку глянула на яе, прыклала да вуснаў лапку, што азначала:”Маўчок!” Папрасіла: — Нельга губляць ні хвілінкі. Толькі ў лазеньку абмыцца – і ляцім са мной! У дарозе раскажу падрабязнасці. Лазенька ў божай кароўкі заўсёды напагатове, бо любіць, каб крылцы блішчэлі і ўсе сем кропак вырзна былі бачныя. Таму ў скручаны лісток з вечара збірае яна свежую расу. Да лістка прымацавана тоненькая павуцінка.- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (9) »