Литвек - электронная библиотека >> Андрэй Казакевіч и др. >> История: прочее и др. >> Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму >> страница 91
пытаньнем для беларускай апазыцыі на бліжэйшыя некалькі гадоў будзе выбар паміж дысыдэнцтвам і працягам спробаў удзельнічаць у палітычным жыцьці. Магчыма, цягам некалькіх наступных гадоў у Беларусі застанецца месца толькі для апазыцыі дысыдэнцкіх інтэлектуалаў, якія, прызнаючы сваю бездапаможнасьць, сыйдуць у сьвет „антыпалітыкі”, самаўстрымоўваючыся ад канфрантацыі з уладай і канструюючы паралельную, тайную, амаль падпольную жыцьцёвую прастору для ідэяў індывідуальнай свабоды і інтэлектуальнага плюралізму, магчыма, чакаючы, калі зьмены здарацца самі сабою. Аднак чаканьне можа быць вельмі доўгім. Кіраўніку дзяржавы яшчэ далёка нават да пэнсіі, прызначэньне пераемніка (нават сярод сыноў) неверагоднае цягам бліжэйшых пятнаццаці — дваццаці гадоў, надзея на элітныя ці вонкавыя варыянты палітычнай трансфармацыі даволі хісткая.

Пераход жа да вулічнай барацьбы сёньня проста немагчымы. Адлегласьць Чыжоўкі ды Малінаўкі ад Кастрычніцкай плошчы вызначаецца зусім не кілямэтрамі ці хвілінамі праезду на аўтобусе — яна мерыцца страхам і зьняверанасьцю ў саму магчымасьць зьменаў. Стаўшы ў позу „хай гара ідзе да Магамэта”, мы мала каго дачакаемся — як было і некалькі гадоў таму, калі хадзіць на мітынгі было нашмат менш небясьпечна. Чарговы пэрформанс з эксклюзіўным правам на інтэрпрэтацыю ў БТ загоніць беларусаў глыбей у страх і зьняверанасьць. Кадры „слабой” апазыцыі, што ня мае падтрымкі ў насельніцтва, папоўняцца яшчэ сотнямі мэтраў кінаплёнкі. Вулічны супраціў заўважаць хіба што за мяжой — і то ня ўсе. У сьвеце досыць дыктатураў, дзе прыхільнікі дэмакратыі змагаюцца сапраўды ў нечалавечых умовах.

Таму дарма што схема „югаслаўскага варыянту” ў Беларусі не спрацоўвае, а спробы яго імітацыі толькі пагаршаюць становішча апазыцыі, апошняя амаль асуджаная на працяг спробаў выбарчай барацьбы. Ёй давядзецца (наколькі гэта магчыма) займацца сызыфавай выбарчай працай, проста каб зьняпраўдзіць чуткі аб сваёй сьмерці. Магчыма, адзін раз камень можна будзе і дапхаць да гары — калі і не праз выбары, то шмат у чым дзякуючы ім. Сёньня, аднак, цяжка прадказаць, калі гэта адбудзецца. Дзясяткі паліталягічных тэорыяў могуць даць пэўнае ўяўленьне аб тых працэсах і чыньніках, што прывядуць да палітычных зьменаў у Беларусі, аднак яны апавядаюць хіба аб магчымых сцэнарах. У рэальнасьці Беларусь чакае доўгі пэрыяд палітычнага застою, калі не летаргіі.


Спасылкі
1. Тут і далей прыводзяцца дадзеныя НІСЭПД.