Литвек - электронная библиотека >> Кацярына Мядзведзева >> Старинная литература >> Шкляны, алавяны, драўляны >> страница 3
дзень садоўнік саджаў яго: з мяшка адразу ў ямку і засыпаў зямлёй, каб не патрапіў ніводны сонечны прамень. Праз дзень з’явіліся парасткі, а праз тыдзень па ўсім садзе і лесе да самай Глухой сцяны раслі высачэзныя, магутныя дрэвы з чорнай карой і прыгожым залатым лісцем. Дрэвы маглі размаўляць між сабой. А яшчэ яны забівалі. Забівалі ўсіх, хто пранікаў за Глухую сцяну і хацеў дабрацца да замка. Усё гэта Бурштыне распавёў Чэс, хоць яна не асабліва яму верыла.


***

Дзень нараджэння прабабулі адзначылі, як заўсёды, вельмі весела. Прабабуля сустракала гасцей у белым вярблюджым шалі, які прывёз з далёкіх краін прадзядуля. Кацяня, якое падарылі мама і тата, рудое і пушыстае, бегала пад сталом і шамацела абгортачнай паперай.

— Хаця б яму не было тут самотна, — сказала прабабуля. — Завяду яму сяброўку, напэўна.

— Навошта наогул трымаць у хаце жывёлу? — незадаволена прамовіла Вераніка. Яна не любіла котак, таму што ад іх на яе прыгожых чорных сукенках заставалася поўсць.

Ванда абрала момант, калі ўсе моўчкі жавалі за сталом, і гучна спыталася:

— Мама, распавядзі мне пра Якабіну!

Адразу стала яшчэ цішэй. Хтосьці выпусціў відэлец, які бразнуў па талерцы, і наступіла глыбокая цішыня. Усе дарослыя глядзелі на Ванду так, нібы яна сказала ці зрабіла штосьці непрыстойнае.

— Якабіна — гэта. — пачала мама і замоўкла, паглядзела на бабулю, а бабуля закрыла рот рукой і паглядзела на прабабулю.

— Хто такая Якабіна? — неўразумела спытаў Віктар.

— Адкуль ты ўзяла гэтае імя? — ласкава спытала прабабуля.

— З фатаграфіі, — ціха сказала Ванда. — Гэта была маміна сяброўка? Яна што, памерла ці з’ехала?

— Так, мы не бачылі Якабіну ўжо шмат гадоў, — сказала прабабуля.

Ванда хацела спытаць, куды з’ехала Якабіна, але тут унеслі торт — велізарны, казачна прыгожы, салодкі, духмяны, сталі яго рэзаць, падалі чай, і Ванда са здзіўленнем знайшла ў сваім кавалку торта — манетку.

— Манетка! У мяне! — закрычала яна.

— Загадвай жаданне, — сказала мама, а Коцік здзіўлена выклікнуў:

— І ў мяне таксама манетка!

— І ў мяне, — сказала бабуля.

— Што ты загадаў? — спытала Ванда шэптам.

— Сустрэць дзяўчынку, падобную да Якабіны. А ты?

— Каб у мяне з’явілася сястра. Бабуля, а ты што загадала?

Бабуля ўздыхнула.

— Я загадала тое, што ніколі не спраўдзіцца.

— Мы таксама, — сказаў Коцік.

Прабабуля паглядзела на іх і загадкава ўсміхнулася.


***

Лісахвост распушыў ярка-чырвоныя кветкі, багаткі выставілі калючкі, наровячы ўхапіцца за сукенку, ружовыя варонкі кветак амарыліса паварочваліся ўслед, нібы назіраючы. Лілеі струменілі горкі водар, ад аканітаў кружылася галава. Бурштына падумала, што садоўнік адмыслова разводзіць у садзе толькі атрутныя расліны ды кветкі з непрыемным водарам. Дзесьці недалёка соп сабака. Сонца ўжо зайшло, раз сабак спусцілі з ланцуга. Чэс кажа, што днём іх трымаюць у склепе без вокнаў — знарок, каб сабакі навучыліся бачыць у цемры.

Кусты алеандру расхінуліся, і перад Бурштынай з’явіўся Чэс.

— Гуляеш, прынцэса? — спытаў ён. — Хочаш збегчы?

— Куды? Ураган знішчыў усю зямлю, выратавалася толькі наша каралеўства, акружанае высокімі непраходнымі горамі. Куды бегчы?

— Ты сапраўды такая наіўная? — здзівіўся Чэс. — Верыш казкам татыкараля. Але скажы, калі ўсе загінулі ва ўрагане, каму тады патрэбна залатая парча з тваіх валасоў? Куды яе вязуць па начах?

— Я не жадаю цябе слухаць! — Бурштына адвярнулася і хутка пайшла ў глыбіню саду па дарожцы з чырвоных марскіх каменьчыкаў. Чэс пайшоў за ёй. Ён любіў дражніць яе, ставіць у тупік, прымушаў пакутліва думаць над тым, што адны словы не сыходзяцца з другімі, а дзве праўды быць не можа.

— Калі ўсё знішчыў ураган, адкуль да нас прывозяць віно, вустрыцы, чырвонае дрэва, жэмчуг і шаўковую тканіну? — спытаў Чэс, заступаючы ёй дарогу. — Ты хоць раз выходзіла за зялёную садовую брамку, да чорных дрэў, туды, дзе брэшуць сабакі?

— Не. Я і так ведаю, што там: Глухая сцяна, горы, а за імі пустэча, мёртвая зямля.

— Усё не так, колькі разоў табе паўтараць! Гэта звычайная каменная сцяна, абтыканая аскепкамі шкла. А за сцяной цягнецца далей наша каралеўства. Зялёная трава, рамонкі, раўчукі. Дрэвы, якія не засланяюць сонца. А яшчэ далей — мяжа, і пачынаюцца іншыя землі, далёкія краіны, караблі і палацы, даліны і азёры.

— Ты быў там?

— Я падыходзіў да Глухой сцяны. Яна абкружае замак і сад, суцэльная, вышэй чалавечага росту, і ў ёй усяго адны вароты, іх ахоўвае велізарны гарнізон. Прапускаюць толькі купцоў, у якіх ёсць асабісты дазвол караля з яго пячаткай.

— Але для чаго гэта сцяна?

— Каб ніхто не ўвайшоў у замак. І каб ніхто не выйшаў. Ёсць у замку штосьці — ці хтосьці — каго кароль вельмі баіцца страціць.

— Хтосьці? — паўтарыла Бурштына. — Я? З-за маіх залатых валасоў?

— Не, усё складаней. У цябе есць яшчэ нейкая таямніца, пра якую ты сама не ведаеш, а ведае кароль, і, можа, каралева.

Ужо сцямнела. Чэс і Бурштына ішлі па дарожцы з чырвоных каменьчыкаў.

— Пойдзем да зялёнай брамкі, — прапанаваў Чэс. — Я пакажу табе Навакольны лес.

— Не. Чуеш, гадзіннік прабіў дзесяць. Мне час вяртацца.

— Скажы, цябе праўда замыкаюць на ключ уначы?

— Так.

— І выпускае раніцай сам кароль?

— Так.

— І табе не здаецца гэта дзіўным? — Чэс паціснуў плячамі. — Я б узвар’яваўся.

— Не ведаю, — сказала Бурштына. — Я не задумвалася аб гэтым.

— Ты наогул не думаеш, жывеш як у сне, робіш усё, што скажуць.

— А чаму цябе гэта так хвалюе?

Чэс ізноў паціснуў плячамі і сышоў. Бурштына агледзелася. Да яе па дарожцы ішоў каралеўскі сабакар. У чорным капелюшы і высокіх, да калень, ботах, з пугай на поясе. У руцэ ён трымаў ліхтар.

— Час вячэраць, прынцэса.

Заўсёды раней Бурштына пакорліва ішла ў замак. Ёй і не хацелася заставацца знадворку цёмным волкім вечарам, адной у велізарным садзе. Але ж яна магла гэтага захацець?

— Я прыйду пазней, — сказала яна. — Ідзі.

— Вас чакаюць, — з націскам паўтарыў ён, гледзячы на яе абыякавымі вачамі.

— Я жадаю яшчэ пабыць тут, адна, — сказала яна і падумала: няўжо ён будзе настойваць? Ён слуга, а яна прынцэса,