Литвек - электронная библиотека >> Янка Мавр >> Советская проза >> Дзяўчына-маці

Янка МАЎР


ДЗЯЎЧЫНА-МАЦІ


Раман (урывак)


З любоўю да дзяцей і кніг


11 мая 2018 года споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра — Івана Міхайлавіча Фёдарава — вядомага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Яго творчая спадчына мнагазначная і разнастайная: аповесці, апавяданні, першы дзіцячы раман, фельетоны, публіцыстычныя творы. Янка Маўр — пачынальнік прыгодніцкага і фантастычнага жанраў у беларускай літаратуры.

У 1934 годзе на ўсебеларускім конкурсе на лепшую кнігу для дзяцей яго аповесць «ТВТ» была адзначана першай прэміяй. У гэты час у Расіі, ва Украіне таксама пачалі больш звяртаць увагі на дзіцячую літаратуру.

«Тады і нашы дарослыя пісьменнікі, — пісаў Янка Маўр, — часцей сталі пісаць для дзяцей, і літаратурная грамадскасць адзначала гэта як з’яву дадатную; творы гэтыя абгаворваліся, улічваліся, папулярызаваліся. На жаль, гэта не датычылася прафесіянальных дзіцячых пісьменнікаў. Паміж іншым, нікому не магло прыйсці ў галаву, каб дзіцячы пісьменнік мог мець, скажам, такое самае снабжэнне, як дарослы, пры аднолькавым літаратурным багажы». Да дзіцячай літаратуры Янка Маўр ставіўся вельмі сур’ёзна, бо менавіта ў дзяцінстве фарміруецца любоў да кнігі і літаратуры. Аднак, статус дзіцячых пісьменнікаў і тых, хто пісаў для дарослых, быў зусім розны.

«У гэтым сэнсе, — пісаў Я. Маўр, — цікавым быў мой прыезд у Маскву ў 1943 годзе. Сакратар ЦК БССР Гарбуноў сустрэў мяне славамі: «Наш дзіцячы карыфей прыехаў». Сказаны былі гэтыя словы жартаўліва, але без насмешкі. У сталоўцы пісьменнікаў «карыфея» запісалі ў лік пачынаючых. З беларускіх пісьменнікаў у гэтай катэгорыі быў толькі адзін Краўчанка. Што абед для нас быў трохі горшы — не бяда. Больш непрыемным было сустракацца са сваімі рускімі, украінскімі, літоўскімі калегамі, гутарыць з імі за сталом, але абедаць з імі не мець права. Пры гэтым я ведаў, што ўсе гэтыя мае калегі і стаж мелі меншы за мой і напісалі менш як я. У гэты час у мяне зарадзілася думка перакваліфікавацца на дарослага пісьменніка. На новагоднім банкеце (на 46 год) я нават «афіцыйна» абвясціў аб гэтым».

Гэтыя словы падаюцца з тонкім маўраўскім гумарам, і, сапраўды, Янка Маўр напісаў некалькі апавяданняў для дарослых, але гэта былі апавяданні аб дзецях, у лёс якіх увайшла вайна. Сярод іх — апавяданне «Завошта», у аснову якога пакладзены сапраўдны факт — гібель жонкі і сына Міхася Лынькова, драматычнае і хвалюючае апавяданне «Максімка» і іншыя.

Ваеннай тэме прысвечана і значная частка ненадрукаванай спадчыны пісьменніка. Незавершаным і неапублікаваным застаўся твор «Дзяўчына-маці» (1946—1947), рукапіс якога знаходзіццаў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. У гэтым творы, адзначала Эсфір Гурэвіч, найбольш выявілася здольнасць Янкі Маўра як псіхолага, ён змог паказаць рух пачуцця дзяўчыны, яго дыялектыку, калі агульначалавечае пачуццё становіцца сваім, балюча асабістым, выпакутаваным, кроўна-мацярынскім. На жаль, гэты твор быў адкладзены, відаць у сувязі з той вялікай працай Янкі Маўра па падрыхтоўцы да выдання славутай кнігі «Ніколі не забудзем». Прапануем сёння гэты твор нашым чытачам.


Марыя МІЦКЕВІЧ, унучка Янкі Маўра.


І


На дварэ бразнулі варотцы. Маці і дачка ўздрыгануліся. Чаго — самі не ведалі. Дагэтуль іх ніхто не трывожыў, і небяспекі яны не бачылі. Але такі ўжо час.

— Паглядзі, Ліза, хто там...

Дачка кінулася да вакенца, што выходзіла на двор. Праз восеньскі туман ледзь вызначаўся спарахнелы плот з голай вішняй, чарнеўся бульбянік на маленькім гародчыку, а хата суседа Максіма зусім расплылася ў імгле.

Ля вакна мільганула галава дзяўчыны ў чорнай шапачцы.

— Дзяўчына? Да каго? — здзівілася маці.

— Можа, да Варапаіхі, а можа, і да нас, — спакойна адказала Ліза.

— Хто ж такі можа ісці да нас? — пачала меркаваць маці. — А да Варапаіхі, здаецца, ніякая дзяўчына не ходзіць.

Тым часам у сенцах пачуліся крокі, затым стук у дзверы — і дзяўчына ўвайшла ў пакой.

— Маня?! — усхапілася Ліза і кінулася абдымаць госцю. — Якім чынам?

— У мяне ёсць да цябе справа, — сказала дзяўчына такім тонам, што Ліза адразу спахмурнела.

— Хадзем тады ў мой куток, — сказала яна.

Куток гэты быў за перагародкай, якая нават не даходзіла да столі. У ім маглі змясціцца толькі ложак, маленькі стол, крэсла ды яшчэ скрыня. Як і належыць дзявочаму кутку, ён быў чысценька прыбраны і ўпрыгожаны па густу і мажлівасцях гаспадыні: два вазончыкі з кветкамі, стаячае люстэрка, каробачкі, стосік кніжак, у тым ліку некалькі падручнікаў для ІХ класа. На сценах, з падранымі блакітнымі шпалерамі, некалькі партрэтаў, фотаздымкаў і ілюстраваных паштовак. Звычайна такі прытулак маюць адзіныя, любімыя дочкі ў сціплых сем’ях.

Відаць было, што Ліза — вучаніца старэйшага класа сярэдняй школы. Яна была невысокага росту, але з развітай акруглёнай фігурай. Светлыя валасы, блакітныя вочы, белы мяккі твар ды яшчэ светлае плацце рабілі яе ўсю нейкай светлай, сонечнай. Прыдзірлівае вока магло б заўважыць, што носік яе мог і крыху большым быць, а рот крыху меншым, што было б лепш, каб твар яе быў больш авальным, але звычайны чулы чалавек гэтага не заўважыў бы. Ён проста сказаў бы, што прад ім прыгожая і надзвычай мілая дзяўчына гадоў сямнаццаці. Ён яшчэ заўважыў бы, што яна адначасова здаецца і вясёлай, і сур’ёзнай, а як гэта выходзіць — пэўна не мог бы растлумачыць. Не бярэмся і мы.

Яе сяброўка больш высокая і строгая, здавалася старэйшай за яе, хоць яны вучыліся ў адным класе. Відаць было, што яна ўсхваляваная, устрывожаная. Сцішыўшы голас, сказала:

— Ведаеш, я бачыла Рэню.

— Дзе? Як? — зацікавілася Ліза.

— Там... У гэта... Я ішла па вуліцы — і раптам чую: «Маня!». Гляджу — за дротам яна, і з дзіцём на руках. Я азірнулася — немца не відаць. Падышла. А яна са слязьмі кажа: «Мне засталося жыць можа якія гадзіны... Але страш­ней за самую лютую смерць — ведаць, што загіне яно, маё нявіннае дзіця... Каб хто выратаваў, узяў яго... Падумай, Маня!» Я скамянела і не ведаю, што казаць. У нас у хаце поўна дзяцей. Сама ведаеш, як мы жывем... Што скажуць бацькі?... Слёзы пакаціліся ў мяне з вачэй, а я не магу нічога сказаць. А тут немец павярнуўся і ідзе да нас. Тады яна кажа: «Я разумею цябе... Скажы Лізе. Яна для мяне самы блізкі чалавек. Можа заўтра не будзе позна... Заўтра, тут, у гэты час...»

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Мичио Каку - Физика невозможного - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс С. А. Кори - Пробуждение Левиафана - читать в ЛитвекБестселлер - Мэрфи Джон Дж - Технический анализ фьючерсных рынков: Теория и практика - читать в ЛитвекБестселлер - Александра Черчень - Счастливый брак по-драконьи. Поймать пламя - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Анатольевич Ширвиндт - Проходные дворы биографии - читать в ЛитвекБестселлер - Брайан Трейси - Выйди из зоны комфорта. Измени свою жизнь. 21 метод повышения личной эффективности - читать в ЛитвекБестселлер - Влада Ольховская - Нецарская охота - читать в ЛитвекБестселлер - Максим Валерьевич Батырев (Комбат) - 45 татуировок менеджера. Правила российского руководителя - читать в Литвек