Литвек - электронная библиотека >> Южык Міхась >> Старинная литература >> Марыянеткі і лялькаводы

Міхась Южык





МАРЫЯНЕТКІ І ЛЯЛЬКАВОДЫ

раман

“Яшчэ трохі, і свет ужо не пабачыць Мяне;


а вы пабачыце Мяне, бо Я жыву,


і вы будзеце жыць” (Іаана 14 : 19).


1

— Не! Ну гэта ж няможна болей цярпець! — ускрыкнуў галоўны рэжысёр, ён жа дырэктар драмтэатра “Кіцеж” Аркадзь Бабаеўскі. — Я спыняю! Чуеце, я спыняю гэты агідны фарс! Перапынак!

Ён ускочыў са свайго крэсла, павярнуўся да акцёраў спінай і жвава рушыў да выхаду з залы. Але раптам, нібы падстрэлены, спыніўся, павярнуўся да сцэны і кінуў:

— Пугач, чакаю вас праз пяць хвілін у сваім кабінеце. — І пайшоў, ужо не азіраючыся.

Акцёры пачалі гаманліва разыходзіцца па грымёрных, а памянёны Пугач, малады чалавек гадоў трыццаці ў вопратцы старасвецкага лёкая, панурыўшы голаў, паплёўся ў бок службовых памяшканняў.

Неўзабаве ў кабінеце галоўнага адбыўся наступны дыялог.

— Скажыце, Пугач, — гаварыў чырванатвары таўстун Бабаеўскі, разваліўшыся ў мяккім крэсле. — Скажыце па праўдзе… Вам што, надакучыла ў мяне працаваць? — І з непрыхаванай нелюбоўю ўтаропіўся на свайго падначаленага.

Тут варта зрабіць некаторыя паясненні. З усёй трупы толькі да Сяргея Пугача звяртаўся Аркадзь Рыгоравіч на “вы”. Гэты афіцыйны зварот як бы трымаў яго на належнай дыстанцыі ад нялюбага акцёра, ганарлівы характар якога раздражняў Бабаеўскага з першых жа дзён іх супрацоўніцтва. Калісьці, гады тры таму, галоўны на рэпетыцыі моцна накрычаў на Пугача, аблаяў, і той прылюдна асадзіў яго, папрасіўшы выбіраць словы і называць яго на “вы”. З тае пары Бабаеўскі, які быў запанібрата амаль з усімі акцёрамі, знарочыста, напаказ звяртаўся да хлопца на “вы” і пры гэтым зрабіўся непамерна патрабавальным і прыдзірлівым да Сяргеевых службовых абавязкаў. Пугач стаў іграць у яго малазначныя, непрэстыжныя і нават абразлівыя ролі.

Вось і зараз смешна выглядала гэтая пара: мажны самаўпэўнены Бабаеўскі ў крэсле і нехлямяжы ў мудрагелістай старадаўняй вопратцы, хударлявы, быццам недакормлены Пугач. Праўда, зазначым, што да роляў другога-трэцяга плана Сяргей дайшоў збольшага па сваёй віне, з’явіўшыся колькі разоў на рэпетыцыі п’яным, а аднойчы сарваў і спектакль. Пасля гэтага здарэння тры месяцы ён знаходзіўся па-за штатам, а затым быў пастаўлены Бабаеўскім на ролю маўклівага слугі Івана. Гібеў ён на такіх іванах і па сённяшні дзень.

Пугач ужо з год прыкладаў каласальныя намаганні, каб знайсці сабе месца ў іншым тэатры, бо разумеў, што жыцця яму тут не будзе. Але ў сталічныя трупы было не прапіхнуцца, у правінцыю ж з’язджаць не хацелася. Ён са студэнцкіх гадоў быў напалоханы апавяданнямі рускіх класікаў аб нядолі правінцыйных акцёраў. Аднак надзеі не губляў, не спыняў пошукаў месца пад сонцам, а пакуль мусіў трываць здзекі Бабаеўскага, якога цярпець ненавідзеў.

— Дык я слухаю вас, — з’едліва пазіраў знізу ўверх Аркадзь Рыгоравіч на чалавека ў лёкайскай вопратцы. — Чаму вы не жадаеце выконваць вашыя службовыя абавязкі?

— Чаму… жадаю… — прабурчаў спадылба Сяргей, цярэбячы фалды каптана.

— Слухайце, Пугач, — раздражнёна зморшчыўся рэжысёр, — вы нармальны чалавек, ці не?

— А што такое? — насупіўся падначалены.

— А тое “такое”, што я вас звольню да дзёўбанай маці, калі яшчэ хоць раз палезеце за рамкі дадзенай вам ролі! Якога ражна вы ў трэцяй дзеі шпацыравалі на заднім плане з разумным тварам, а пасля ўселіся на крэсла і пастуквалі абцасамі?!

Акцёр прамаўчаў.

— Ці не вам заўчора было сказана стаяць слупам…. Чуеце, слу-пам на заднім плане і не торгацца, не парушаць цішыню, бо ў гэты момант доўжыцца паўза ў ключавым маналогу галоўнай гераіні. — (Галоўную гераіню іграла трыццацігадовая Танька Зарэмба, сужыцелька Бабаеўскага.)

— Дык навошта ж чалавек на заднім плане, калі ён стаіць слупам?

— Маў-чаць! — гаркнуў галоўны, прыўскочыўшы з крэсла. — Не разважаць! — Ён скамячыў на стале нейкую паперыну і злосна вытарашчыўся на Пугача.

Той дзёрзка (так здалося рэжысёру) паглядзеў на начальніка.

— Работа артыста — таксама творчасць… — заўважыў ён.

Пасля гэтых слоў Бабаеўскі адчуў, што кроў хлынула ў галаву, і не на жарт спужаўся, што яго разаб’е паралюш. Нядаўна ўрач, яго добры знаёмец, з прычыны паўнакроўя папярэджваў яго аб наступствах. Канешне, Аркадзь Рыгоравіч ненавідзеў гэтага сугнея Пугача, але ж не на шкоду свайму бясцэннаму здароўю!

Ён неяк абмяк, апусціўся ў крэсла і асцярожна, каб не спарадзіць голасам павелічэнне ціску ў мазгавых сасудах, ціха і абыякава прамовіў:

— Ідзіце, Пугач… Гэта апошняе вам маё папярэджанне.

Сяргей, з ледзь улоўнай крывой усмешкай, павярнуўся і патупаў у сваім нехлямяжым каптане лёкая да выхаду. Нават са спіны ён здаваўся Бабаеўскаму занадта ганарлівым і непакорлівым.

“У, мардасіна! — зноў прачнуўся не дарэшты ўтаймаваны гнеў, але рэжысёр спахапіўся і пачаў сябе ўлагоджваць: — Спакойна, толькі спакойна…” — Ён прыклаў пальцы да соннай артэрыі і баязліва прыслухоўваўся да сардэчных тактаў, што пакрысе радзелі і прыходзілі да нормы.

Яшчэ не хапала яму траціць нервы на такія пусцяковіны! У свае пяцьдзесят год ён толькі і адчуў смак жыцця, калі нарэшце кінуў агорклую састарэлую жонку і сышоўся з маладой белацелай Таняй Зарэмбай. Таму здароўе цяпер вой як спатрэбіцца! Тым больш што сышоў з сям’і Аркадзь Рыгоравіч нядобра, са скандалам. І не ў жонцы тут справа: з гэтай псіхапаткай ён даўно, ужо гадоў дзесяць, як на нажах. А апошнія два гады дык хоць зусім дамоў не прыходзь — так замучыла дробязнымі прыдзіркамі, рэўнасцю. Як жанчына яна даўно яму нецікавая. А ён творчы чалавек, між іншым! Яму патрэбны імпэт, бадзёрасць, страсць, калі ўжо на тое пайшло. А іначай які ён да халеры рэжысёр! І вось тут падвярнулася Зарэмба са сваім пышным бюстам… У-ух! Прайшоў год іхняй сувязі, а пры адной згадцы пра гэтую частку цела вар’яцее ён, пяцідзесяцігадовы галава сямейства, нібы юнак у пару палавога выспявання. Канешне, здраджваў ён жонцы і раней, здраджваў заўсёды. Не тое каб вельмі часта, але былі такія перыяды жыцця, уласцівыя кожнай творчай асобе, калі ну нішто не вяселіць, не вабіць, усё астабрыдла. Гэты настрой, гэты назапашаны стрэс рэжысёра, а затым і кіраўніка тэатра ён здымаў не рыбалкай і не гарэлкай — жанчынамі. Балазе ахвочых хапала, толькі дай знак! Але рабіў гэта Аркадзь Рыгоравіч без усякіх прыкмет кахання, любові, паважаючы толькі цялесны аспект. Таму

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Юрий Осипович Домбровский - Хранитель древностей - читать в ЛитвекБестселлер - Элияху Моше Голдратт - Цель-2. Дело не в везении  - читать в ЛитвекБестселлер - Дэниел Гоулман - Эмоциональный интеллект - читать в ЛитвекБестселлер - Джейн Энн Кренц - Разозленные - читать в ЛитвекБестселлер - Михаил Юрьевич Елизаров - Библиотекарь - читать в ЛитвекБестселлер - Владимир Владимирович Познер - Прощание с иллюзиями - читать в ЛитвекБестселлер - Дмитрий Сергеевич Лихачев - Воспоминания - читать в ЛитвекБестселлер - Борис Акунин - Аристономия - читать в Литвек