Литвек - электронная библиотека >> Надзея Статкевіч >> Историческая проза >> Папялішча

Надзея Статкевіч Папялішча

Раман

Уступ

Дзень быў настолькі спякотны, што вуліцы Менска апусцелі і толькі ўвечары зноў павінны былі ажыць, напоўніцца звычайным бразгатам і гоманам. Такое надвор’е трывала ўжо другі тыдзень. Яшчэ не так даўно здавалася, што і марыць няварта было пра доўгачаканы дождж, але хмары, якія цяпер зганяў сюды бадзяга-вецер, пасля поўдня абяцалі выратаванне.

Адзінокая фурманка пад’ехала да будынка Менскай гімназіі і спынілася ля брам. Коні ленавата стрыглі вушамі ды адмахваліся хвастом ад надакучлівых аваднёў. Чалавек, які сядзеў у ёй, цярпліва чакаў, пакуль адчыніліся дзверы гімназіі, і на ганку з’явіўся юнак. Убачыўшы бацьку, ён замахаў рукамі і кінуўся з прыступак да яго. Мужчына прыгарнуў сына да сябе і доўга не адпускаў.

Старэйшы Офенберг быў моцнага целаскладу і даволі высокі. Яго валасы ўжо кранула сівое павуцінне, але ў чорных вачах яшчэ не згас агеньчык, што сведчыў пра моцную прагу да жыцця. Апрануты ён быў сціпла, як жыхар правінцыі, але ахайна. Ян быў вельмі падобны да бацькі. Пра такое звычайна гавораць: "Усе кропачкі пабраў". У яго быў той жа колер вачэй, русыя валасы і лёгкая смуглявасць скуры, толькі вось позірк іншы: дзікаваты, асцярожны і дапытлівы, як у ляснога кацяня.

Фурманка павольна пацягнулася ў накірунку Барысаўскага тракту, Ян жа зірнуў на небасхіл і сказаў бацьку:

— Загадай вазніцы паганяць: дождж хутка пачнецца. Пасля ўздыхнуў і дадаў:

— Ох, каб і ў нас ім трохі палі памачыла! Як там у Клічаве? Усё добра?

Бацька кіўнуў і чамусьці заўсміхаўся.

Ян засмуціўся.

— Я нешта не так сказаў?

— Наадварот, я рады, што ты не забыўся на хатнюю навуку. Добрым гаспадаром будзеш.

— Такое не забываецца.

— Але ж Стэфан з два тыдні, як прыехаў дахаты, але пра гаспадарку ў мяне нічога і не спытаў. Важдаецца са сваімі чарцяжамі дзень і ноч, а іншае яго не цікавіць.

Ян засмяяўся:

— А памятаеш, як аднойчы павёз нас у Асіповічы, каб паказаць чыгунку? Вось з таго моманту вочы ў яго толькі гэтым і гараць. Цяпер інжынерам хоча быць, у Інстытут пры Імператары паступаць рыхтуецца. Гаварыў тое?

— Гаварыў.

— Ну ці ж гэта дрэнна?

Бацька схіліў галаву.

— Я справу Стэфану хацеў перадаць, ды, напэўна, ты будзеш працягваць маю працу.

Ян змяніўся.

— Я планую заняцца медыцынай, бацька.

Цэзара здзівілі словы сына. Ён ведаў пра захапленне юнака, але ніколі не думаў, што той возьмецца за гэта сур’ёзна. Ян жа нават і не збіраўся тлумачыць. Ён загадаў вазніцы спыніць каля кніжнай лаўкі, выскачыў і падышоў да шыльды. Да яго падскочыў юнак у форме гімназіста і незадаволена буркнуў на вуха:

— Офенберг, каб цябе распёрла! Колькі можна прымушаць сябе чакаць? Кіраўнік гуртка называецца! У цябе што здарылася?

— Я з’язджаю дахаты.

— У Клічаў?

— Так.

— А як жа гурток?

— Шмат хто з нашых раз’язджаецца, так што пакуль прапаную адпачываць. Спадзяюся, за некалькі месяцаў запал не пройдзе?

Тут да кнігарні падышлі два жандары. Юнакі пераглянуліся.

— Ужо год з часу замаху прайшоў, а гэтыя ўсё шныраюць. Брыдота! Ты, дарэчы, назву гуртка з хлопцамі абмеркаваў?

Ян нічога не адказаў, а ўзяў дубец і на пыльным гасцінцы напісаў словы "Kotko samoksztatceniowe".

Гімназіст прачытаў і кіўнуў у знак згоды.

— Мне падабаецца. Якраз тое, пра што і гаварылі на апошняй сходцы. Тады да сустрэчы.

— Бывай.

Ян ужо накіраваўся да фурманкі, калі раптам таварыш падбег да яго, схапіў за рукаў і шапнуў:

— Слухай, даўно хацеў спытаць. Я тут уведаў… Табе Нікадзім Офенберг кім даводзіцца?

— Дзядзькам.

— Ён пасля апошняга паўстання ў Сібір высланы, і частку маёнтка ў вас пасля спісалі, так?

— Адкуль ведаеш?

— Я і не такое ведаю. Гэта так, удакладніць хацеў. Ты, мабыць, праз яго такім стаў. Адвага, Офенберг, або мёд п’е, або кайданы трэ, га?

Ён больш нічога не стаў выпытваць і пайшоў прэч. Ян вярнуўся да фурманкі, зноў усеўся насупраць бацькі і сустрэў яго дапытлівы позірк.

— Хто гэта быў?

— Мой сябра.

— Та-а-к, а чаму ж не пазнаёміў?

— Прабач, ён спяшаўся. Ты ўжо быў у Завішаў?

Цэзар пранікліва паглядзеў сыну ў вочы.

— Хочаш змяніць тэму размовы? Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш.

Ян спахмурнеў.

— Не, проста пытаю.

— А ты ведаеш, што Іван непакоіцца за цябе? Ён падазрае, што ты ўдзельнічаеш у студэнцкіх хваляваннях.

— Яму падалося.

Бацька адмоўна пакруціў галавой.

— Не думаю. Ён разумнейшы за нас абодвух і больш асцярожны, але я перашкаджаць не буду. Ты мужчына і сам выбіраеш свой шлях… Між іншым, дзе твае рэчы?

— Стэфану аддаў. Пакінуў толькі падручнікі.

Ён наўмысна спыніўся, паглядзеў на бацьку і працягваў:

— Ты летась абяцаў, што распавядзеш пра гісторыю роду. Я хацеў бы нарэшце пачуць усю праўду.

Бацька памаўчаў хвіліну, пасля зняў з пальца правай рукі сыкгнет і падаў Яну. Юнак пакруціў яго ў руцэ і вярнуў.

— Ведаеш, што значыць слова сыкгнет?

— Пярсцёнак з радавой пячаткай.

— Так. Вось на гэтым — легенда роду Офенбергаў. Слова "офенберг" па-нямецку значыць "адкрытая гара". На срэбным полі нашага герба іх дзве, і яны ўказваюць на мясцовасць паходжання. Ты пра гэта павінен ведаць.

— Курляндыя.

— Менавіта. Наш продак, Іван Эбегард Фрэдэрык Юрый фон Офенберг, меў маёнтак Дайневічы ў Браслаўскім павеце. Па тэстаменту ён перайшоў да сыноў Дамініка і Сцяпана.

— Сцяпан пасля пераехаў у Рэчыцу і заняў пасаду скарбніка з падтрымкі свайго сябра менскага ваяводы Крыштапа Завішы.

— Правільна.

— Але чаму?

— Час быў такі… Палякі называюць яго "хатняй вайной". Пасля яе застало ся папялішча на месцы Вялікага Княства Літоўскага.

Ён задумаўся і зноў паўтарыў:

— Канфляграта…

— Раскажы.

Цэзар зрабіў паўзу і працягваў:

— Даўно гэта было. Хоць і моцнай была наша краіна, але падмурак быў з гнілля. Кароль, быццам лялька ў руках хітрага акцёра, танчыў на сцэне Рэчы Паспалітай, а магнаты і шляхта грызлі адзін аднаму горлы. Журботная, бы ў самотнай роспачы, чулася на прасторах краю песня жалейкі. Ты ведаеш гісторыю мінулага стагоддзя?

Ян кіўнуў і адказаў:

— Дзяржава тапілася ў бязладдзі…

Частка І

1739 г.

Дзверы сянец адчыніліся, і туды ўвалілася ў мокрым ад снегу кажушку малое дзяўчо. Яно паволі пасунулася ў хату, дзе завіхаліся маці з бабуляй, і прабубнела:

— Матулечка, усё зрабіла! Калі?

— Пачакай, доню. Вунь ідзі да дзеда на печ пагрэйся. Мы мо хутка ўправімся.

Малая скінула лапці і пачала караскацца на печ. Там яна заўважыла
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Влада Ольховская - Нецарская охота - читать в ЛитвекБестселлер - Максим Валерьевич Батырев (Комбат) - 45 татуировок менеджера. Правила российского руководителя - читать в ЛитвекБестселлер - Нассим Николас Талеб - Антихрупкость. Как извлечь выгоду из хаоса - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Гэлбрейт - Зов кукушки - читать в ЛитвекБестселлер - Джо Диспенза - Сила подсознания, или Как изменить жизнь за 4 недели - читать в ЛитвекБестселлер - Бен Элтон - Два брата - читать в ЛитвекБестселлер - Наринэ Юрьевна Абгарян - Люди, которые всегда со мной - читать в ЛитвекБестселлер - Светлана Александровна Алексиевич - У войны — не женское лицо… - читать в Литвек