Литвек - электронная библиотека >> Надзея Статкевіч >> Историческая проза >> Папялішча >> страница 2
старога, які

сапеў пад вуркатанне коткі. Дзяўчына падсела да яе, схапіла хвост небаракі і моцна сціснула, ды так, што тая з лямантам саскочыла долу. Дзед прачнуўся, і Зуліся, як заўсёды, сваім дзіцячым паўкрыкам, папрасіла расказаць ёй казку.

— Вось жэўжык, а спаць калі буду? — прабурчаў дзед.

Але малая не сунімалася:

— Дзеду, а хто сёння прыйдзе? Мамка казала, што дзядкі.

— Дзяды, — выправіў стары. — Продкі нашыя прыйдуць. Твая матка з бабуляй сёння гатуюць вячэру, каб сустрэць іх і пачаставаць.

— Калі ж прыйдуць? — перапыніла Зуліся.

— Крыху пазней. Пойдзем, нас маці кліча.

Дзяўчынка шпарка саскочыла на падлогу і ўселася на лаву, а дзед патупаў у сенцы і адчыніў дзверы.

— Святыя дзяды, ідзіце сюды! — клікаў ён кагосьці з цемры.

Малая ж усё паглядала ў бок стала, дзе так смачна пахлі бліны з мёдам. Дачакаўшыся, калі дзед сядзе першы, Зуліся ўладкавалася і хуценька ўзяла адзін, але адчула яго позірк і страпянулася: "Во даўбешка, забылася пра канон! Дзед жа гаварыў з яго пачынаць вячэру! Вось ён зараз дасць за гэта лыжкай па лбе!"

Стары паківаў галавой і паставіў лучыну, прыпаленую ў печы, у келіх з зернем. Уся гэтая святочнасць захапіла дзяўчынку. Яна зачаравана сачыла за дзедавымі рухамі і словамі. Не пыталася ўжо, чаму ён зачэрпвае лыжкай з кожнай міскі і кладзе пасярод стала, чаму туды ж ілье гарэлку, і пры гэтым гарыць лучына. Увесь час стары ўспамінаў памерлых продкаў, гаварыў з імі, раіўся. Бабуля і маці слухалі, што ён казаў, часам самі прасілі даведацца ў продкаў пра будучы ўраджай ці падсабіць з надвор’ем улетку. Спачатку малая слухала ўважліва, але потым, забыўшыся на ўсё, пачала са смакам есці бліны. Даведаўшыся, што ежа пасярод стала продкам, малы зух лыжкай зачарпнула кашы і вываліла ў кучу:

— Я таксама хачу пачаставаць дзядоў!

Наеўшыся, дзяўчынка саскочыла з лавы, падзякавала і пашыбавала да палацяў. Змораная, Зуліся ўскочыла туды і праз некалькі хвілінак ужо сапела носікам. Не чула яна, як котка шмыгнула на печ, зачапіўшы дзедавы лапці, і рыпнулі дзверы, ці то ад ветру, ці то ад таго, што, як і абяцаў стары, у хату завіталі Дзяды. Паступова святло ад лучыны згасла, а вугельчыкі ў печы пачалі смылець.

На двары ў гэты час разгулялася завіруха. Дзве постаці ішлі па замеценым ёй гасцінцы ў бок вёскі. Ад холаду меншы з падарожнікаў ужо не адчуваў лытак і механічна апускаў ногі ў гурбы. Здавалася, што яшчэ не выняў нагу з такога мяккага, але халоднага сумёта, а злы вецер з крышталікамі лёду ўжо паспеў яго зацярушыць. Нарэшце яны дакандыбалі да хаты на ўскрайку, і старэйшы пастукаў у дзверы. Спачатку ціха, а потым усё гучней і гучней ён ляпаў змерзлай далонню, пачакаў і пачаў грукаць ізноў.

Да дзвярэй падышоў хтосьці і, трошкі памарудзіўшы, адшчапіў крук. Яны са скрыпам расчыніліся, і чалавек убачыў старога, які стаяў на ганку з віламі ў руках.

— Хто ты? — спытаў ён. — І што табе трэба?

— Упусці нас, дзед. Наша фурманка зламалася, і больш ісці мы не можам, — прагучаў уладны голас.

Стары пачухаў патыліцу.

— Адкуль мне ведаць, хто ты такі. Шмат цяпер па нашай зямлі ўсякіх немцаў ходзіць.

— Пачакай, халоп, пакажу і нямчура, і ляха! Ды гары яно гарам, толькі вазьмі хлопчыка, ён нічога кепскага не зробіць, — настойваў чужынец.

— Я не халоп! — раззлаваўся стары Тарас.

— Тады пусці нас, братэньку! — умольваў чалавек.

Было відаць, што ён вельмі непакоіцца за малога, бо той ледзь трымаўся на нагах. Чалавек злаваўся, крычаў на гаспадара, які ніяк не хацеў іх упусціць. Але калі стары паглядзеў на малечу, то прыгадаў сваю Зулісю і расчыніў дзверы:

— Уваходзьце.

Яны зайшлі ў сенцы. Там пахла пылам і капустай, якая была складзена тут у куце, бо ў склепе яе ў такое надвор’е захоўваць было нельга. Насупраць дзвярэй стаяў мех з яблыкамі, накрыты грубай ільняной коўдрай. Усялякія чыгуны, збаны і збаночкі, цэбры і ражка мясціліся на лаўках. Там жа стаялі вялікая ступа і жарнавы, на сцяне віселі лазовыя лапці, кошыкі і сушаныя травы.

Хлопчык так змёрз, што не мог расшпіліць кажух і вінавата лыпаў чорненькімі бліскучымі вачыма, спрабуючы сцягнуць з рук мокрыя, аблепленыя снегам і кавалачкамі лёду рукавіцы. Мужчына спрытна пачаў завіхацца каля яго, не звяртаючы ўвагу на зледзянелыя пальцы. Ён узяў рукі малечы, дзьмух на іх і расціраў ва ўласных вялізных мядзведжых далонях.

— Можаш яго занесці на печ і сам застацца там, а я пайду спаць на палаці, — са спачуваннем сказаў дзед, зірнуўшы на хлопчыка.

Чужынец усміхнуўся, узяў у ахапак малога і панёс да печы. Там ён асцярожна паклаў яго на дзяружку, нагрэтую ад камянёў, памацаў лоб, каб не было хоць жару ў малечы, і шапнуў:

— Спі, Феліцыян, спі. Цяпер Зюзя не дастане нас.

Малы не чуў гэтых слоў. Стаміўшыся ад цяжкага падарожжа, хлопчык адразу заснуў. Шляхціц жа яшчэ доўга варочаўся і ўздрыгваў.

Вецер суняўся, і на двары ціха падаў снег. Светлае вакенца было адзіным маяком у наваколлі, але і агеньчык знік, калі дзед пагасіў лучыну. Змрок ахутаў абшар.

* * *
Зуліся салодка пазяхнула і расплюшчыла вочы. У хаце было цёпла ад натопленай печы, а смачны пах варанай капусты прыемна казытаў нос. Дзяўчынка счула хаду маці, якая спяшалася хутчэй управіцца, каб потым не выходзіць на марознае паветра, і нечы незнаёмы голас. Ён зацікавіў малую, і тая, на дыбачках, каб не нарабіць грукату і не спужаць незнаёмца, вызірнула з-за сцяны. Незнаёмец сядзеў за сталом. Перад ім стаяла капуста ў алавянай талерцы, мяса, хлеб і келіх з медавухай. Госць жа з апетытам згрызаў з косткі мяса і паспяваў яшчэ ўстаўляць слаўцо-другое ў размову з гаспадаром, які плёў кошык.

— Ух і смачная ў вас медавуха! — крэкнуў Офенберг. — А вяндліна сама ў роце тае!

— Частуйцеся, — адказала Адарка.

— Я б еў і еў, гаспадынька! Ды з вялікай яды няма вялікае наўды: не забагацееш, ды запузееш.

— А ты паскачы, братка, а пасля зноў пачастуйся! — пакпіў стары.

— Ужо я табе братка, а з вечара яшчэ гаварыў, што нямчур, — рагатаў чужынец, — я ж тутэйшы, толькі прыехалі мы сюды здалёк. От, стары пень, неўзлюбіў мяне!

— Не крыўдуй. Не разбярэш жа ў поцемках, — апраўдваўся дзед.

— Не, пачакай, не мані, — паківаў галавой чужынец. — Вось праўду скажы: каб я яшчэ слова якое ляпнуў, пагасцяваў бы паміж вачэй тымі вілкамі? Ух, стары чорт! Ух, каб ты імі рыбу на тым свеце лавіў!

— Святыя бацечкі, ці я наўмысна?

— А то не! За тое цябе пан Езус на нябёсах яшчэ пажурыць ды медавухі не дасць.

— Ну прабач. Давай абдымемся!

— Давай!

Дзед саскочыў са слончыка і адкінуў кошык, а госць споўз з лавы, ледзь не зачапіўшы чыгун, і абодва пачалі божыцца, што