Литвек - электронная библиотека >> Іван Чыгрынаў >> Советская проза >> Плач перапёлкі >> страница 3
гэтая не стала прычынай для двухжыльных братоў, і ўжо недзе пад восень на беразе Кулігаеўкі задымілі коміны хат, перавезеных з Верамеек. Праз год у Кулігаеўцы хат паболела — стала шэсць. У Мамонаўку тым часам пераехалі з Верамеек Даніла Райцаў і Васіль Храмянкоў. Здаецца, год ці два ў Верамейках пацвельваліся з навасёлаў, але не доўга: вельмі хутка абжыліся там былыя верамейкаўскія мужыкі — і хаты ўжо ў іх былі не саломаю крыты, а гонтай. Сідар, малодшы з братоў Раўнягіных, грамату з Мінска атрымаў як культурны гаспадар. Калі паўсюды ствараліся калгасы, мамонаўцы і кулігаеўцы таксама вырашылі арганізавацца ў арцель. Але праз некалькі год у раённым цэнтры нечага палічылі, што пятнаццаць гаспадарак — гэта яшчэ не калгас, і прапанавалі мамонаўцам і кулігаеўцам далучыцца да Верамеек. Затое па-ранейшаму туды з вялікай ахвотай наведвалася рознае начальства: там табе і лазня з венікам — кожны гаспадар меў сваю, і рыба — возера непадалёку, і дзічына — лес побач. Можа, таму і не бурылі пасёлкаў, не звозілі назад у Верамейкі.

Да Кулігаеўкі было кіламетра паўтара, і Зазыба дабраўся хутка, нават не думаў, што на такое здатны пры хваробе. За павароткам, адкуль выступалі стрэхі кулігаеўскіх хат, яго перастрэў Сідар Раўнягін. Высокі і пляшывы, Сідар ступіў на сцежку з альхоўніку, парукаўся і сказаў:

— А мы думалі, што па цябе давядзецца ехаць.

Зазыба ўскінуў вочы, спытаў:

— Што ў цябе там?

— Пабачыш сам. — Сідар усміхнуўся і, цяжка стаўляючы раматусныя ногі, павёў Зазыбу ў пасёлак.

«Можа, Чубар заве? — падумаў нечага Зазыба. — Але чаму тады такая патаемнасць?» Зазыбу не хацелася зноў лаяцца з Чубарам: урэшце, нельга ўсё зводзіць да неразумнай мудрасці — абы месяц свяціў, а зоркі — як хочуць. Аднак непакоіўся ён дарэмна. Каля Сідаравай хаты, пад дубамі-сталеткамі стаяў грузавік, у якім нерухома, як вылепленыя з воску, сядзелі на лаўках чырвонаармейцы, трымаючы паміж каленяў вінтоўкі з прымкнёнымі штыкамі. У хаце Зазыбу чакалі сакратар райкома партыі Пракоп Маштакоў і незнаёмы вайсковец з дзвюма шпаламі на пятліцах. Маштакоў адразу падняўся з-за стала, на якім да гэтага разглядаў карту, падаўся насустрач. А Зазыба ад неспадзяванай сустрэчы ажно затрымаўся ў парозе, і пакуль Маштакоў нёс праз хату сваё атлусцелае, нягнуткае ў паясніцы цела, паспеў заўважыць, што той за паўгода, якія яны не бачыліся, вельмі змяніўся. Можа, вінавата была паўвайсковая форма — зялёная дыяганалевая гімнасцёрка, падпяразаная шырокім камандзірскім рэменем, але твар, заўсёды па-мужчынску дагледжаны, таксама нібыта страціў ранейшы выгляд, здаўся Зазыбу надта азызлым, нават васкаватым; пад вачамі ў сакратара райкома былі сінія пухліны.

Маштакоў абняў Зазыбу за плечы, павёў да стала.

— Знаёмся з таварышам, — паказаў ён на вайскоўца.

Вайсковец выпрастаўся, падаў Зазыбу руку, але не назваўся.

Маштакоў глядзеў на Зазыбу з радасцю, якую ён не толькі не мог схаваць, але і не збіраўся гэта рабіць.

— Вельмі добра, што ты прыйшоў, — кладучы рукі далонямі на стол, сказаў Маштакоў. — Сядай і расказвай. — Ён пачакаў, пакуль Зазыба ўсаджваўся на табурэт з прапілаванай шчылінай, а тады спытаў: — Як справы ў вас, у Верамейках?

— Ці ж гэта справы? — чамусьці гледзячы на вайскоўца, адказаў Зазыба. — Я каторы дзень валяюся на ложку...

— Што так?

— Гарлянка замучыла, — сказаў Зазыба.

— Паганая гэта хвароба, — паківаў Маштакоў. — Здаецца, так сабе, глупства для мужыка, а бойся, як самае горшае. Брат мой некалі хварэў, дык я таксама ведаю.

Вайсковец пры гэтым чамусьці ўсміхнуўся як сілячыся.

Тады Маштакоў спытаў:

— А Чубар дзе?

— Не ведаю, — адказаў Зазыба, але дадаў. — Казалі ў вёсцы, што нібыта падаўся па бальшаку, можа, да вас, у Крутагор’е.

Маштакова Зазыбавы словы насцярожылі. Але працягваў ён гаворку зусім пра другое.

— Ну, што кароў калгасных не пакінулі ў вёсцы, пра гэта я ведаю, збожжа, мабыць, таксама не засталося? — Маштакоў паглядзеў на Зазыбу. — А як з новым хлебам?

— Не ведаю, — адказаў Зазыба, — яшчэ ж на полі ўвесь, у каласках. — І чамусьці апусціў вочы на бліскучыя халявы маўклівага вайскоўца, якія ляжалі пад сталом на суножцы.

— У Бабінавічах ужо немцы, — сказаў Маштакоў.— У Крутагор’і таксама...

— З учарашняга дня, — дадаў вайсковец.

— Увесь дзень трымалі, — сказаў Маштакоў, — а к вечару здалі.

— Але ж Чубар пайшоў туды, — нібы спахапіўся Зазыба.

— Вашага Чубара не зразумееш, — сказаў нездаволеным голасам Маштакоў. — Калі яго клікалі на важную справу, ён, па даваеннай звычцы, недзе хаваўся, а цяпер... — Ён пастаяў трохі з задуманым тварам, пасля кіўнуў галавой на карту: — Адным словам, раён наш ужо заняты праціўнікам!

Тады гаворку ўзяў на сябе вайсковец.

— Вольным застаецца пакуль адзін сектар, вось гэты. — Ён тыцнуў указальным пальцам у невялікі чырвоны кружок. — Крутагор’е, ад якога адыходзілі пад вуглом, бадай, у сорак пяць градусаў дзве тлустыя лініі, праведзеныя сінім алоўкам. — Як бачыце, Верамейкі вашы трапляюць у гэты сектар.

— Мы гэта для яснасці табе, каб ведаў, — сказаў Маштакоў. — Мяркуй сам, калі не сёння, то заўтра фашысты ў Верамейках будуць. Ад Бабінавічаў да вас ім ужо недалёка. Тым больш што нашых войск каля Бесядзі няма.

Зазыба слухаў, адчуваючы, як скура на твары рабілася нерухомай і зусім нячутнай, быццам адлівала кроў.

Маштакоў паглядзеў на Зазыбу, спытаў амаль у вочы:

— Ты вось пра што скажы мне, Дзяніс Яўменавіч, як ты да Савецкай улады — не перамяніўся?

Зазыба таксама падняў вочы на сакратара райкома, бо не зразумеў таго.

— Ты абавязкова павінен сказаць пра гэта, — стаяў на сваім Маштакоў, — бо я не так сабе...

Зазыба падумаў, што адказу яго чакаў не столькі Маштакоў, колькі вайсковец, таму сказаў без пакрыўджанасці, проста і шчыра, з усведамленнем усёй важнасці слоў:

— Не, не перамяніўся.

— Іншага я ад цябе і не думаў пачуць, — усміхнуўся задаволены Маштакоў. — Але даруй, гаворка цяпер паміж намі ідзе большая, чым звычайны давер. Мы вось параіліся з таварышам маёрам і вырашылі звярнуцца да цябе. Чалавек ты надзейны, гэта я ведаю. Мы тут надумаліся зрабіць адну справу.

Маштакоў перавёў позірк на вайскоўца. Той кіўнуў галавой.

— Трэба ўладкаваць у Бабінавічах аднаго чалавека, — дагаварыў Маштакоў.

Тады вайсковец спытаў: .

— У вас там