Литвек - электронная библиотека >> Юры Несцярэнка >> Современные любовные романы >> Супадзенні >> страница 2
сваіх патаемных эмоцый. Потым рэзка разварочваецца спінай і праз увесь аграмадны хол голасам, моц якога значна перавышае ўзровень гучнай вакзальнай сувязі, звяртаецца да калегі на іншым баку залы чакання: «Галя! У тебя «Долгая до­рога до дома» Быкова есть?»

Гіпербалізаванае Лёхава мастацкае ўяўленне, пры істотна сапсаваных за апошні тыдзень нервах, імгненна малюе фатальную фантазію на тэму «Вылічэнне нацыянальна арыентаваных маргіналаў праз сферу іхнай цікавасці і пазначэнне спецыфічным аудыа-візуальным маркерам («Галя! У цябе тое ці іншае ёсць?») для аблягчэння іхняй ідэнтыфікацыі спецыяльна падрыхтаванымі назіральнікамі і далейшага адсочвання гэтых самых маргінальных суб'ектаў — як падазроных элементаў — якія апынуліся на вакзале сталіцы Рэспублікі з невядомымі мэтамі адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў...»

«Гэта паранойя!» — змагаецца за права існавання здаровы сэнс у адной палове Лёхавай галавы. «Не! Гэта — наша рэальнасць!» — упэўнена перамагае другая палова той самы сэнс.

Да рэальнасці тут жа схіляе і голас Галі, якая з іншага канца вялізнай залы грамавым голасам крычыць: «Валя! Не-а! «Долгой дороги» нету!»

«Можа я і памыляюся, можа гэта проста супадзенне? Чаму не дапусціць, што прадавачкі і сапраўды ведаюць пра такую кніжку?» Ветлівы і спакойны знеш не, але над звы чай на на пру жа ны ўнут ры, Лё ха раз віт ва ец ца і па кі дае зо­ну кніжнага бізнэсу.


III

Час да адпраўлення аўтобуса дае магчымасць на нейкі момант патрапіць у зону іншага бізнэсу — паглыбіцца ў атмасферу вольнай дзяржаўнай прэсы і свабоды слова ў дэмакратычнай дзяржаве. У Лёхавых руках апынаецца перадвыбарны спецвыпуск цэнтральнага друкаванага органа краіны, ад 5 верасня. Каб хто спытаўся, якім чынам гэты шэдэўр галоснасці і дэмакратыі патрапіў да чытача, сам Лёха толькі недаўменна паціснуў бы плячыма, — маўляў, бывае ж такое, проста так супала — матэрылізаваўся, што называецца, з ніадкуль!

Першая старонка ўтрымлівае не надта шмат інфармацыі. Партрэт амаль на палову газетнага аркуша, у адрас якога дзве саракагадовыя кабеты, што праходзяць міма, дапускаюць нетутэйшую вольнасць: «Какой мужчина! У нас в Смоленске его обожают!»

Далей ідзе набор тэзісаў ці то са справаздачы, ці то з перадвыбарнай праграмы — там гаворыцца пра тое, што памежныя слупы прыбіраюцца з правільнага кірунку (смаленскага) і ўзмацняюць кірунак няправільны (да астатняга свету). Таксама ненавязліва і амаль незаўважна нагадваецца жыхарам краіны, што яны, як сыр у масле, тут боўтаюцца, маўляў, трэба ж разумець — каму дзячыць за іхнюю ахову і абарону! Яшчэ ўзгадваюцца два апаненты цяперашняга лідара — у сэнсе два тых няшчасных кандыдаты з трох магчымых, што выжылі ў перадвыбарнай гонцы. Падрабязна тлумачыцца ўзровень і прычыны іхняй кандыдацкай няшчаснасці.

На ўвесь разварот на другой і трэцяй старонцы інфармацыя іншага парад­ку — там надрукаваны адзін аграменны артыкул, які не так сумна ды і не сорамна чытаць колькі хочаш разоў — матэрыял такі вялікі і шматпланавы, што дачытаўшы да сярэдзіны, губляешся ў адступленнях і забываешся, з чаго ён пачынаўся. Галоўнае не чытаць падзагаловак — ён стварае кантэкст. А так, здаецца, і людзі цікавыя ўзгадваюцца, і што самае нязвыклае — узгадваюцца без абразаў і прыніжэнняў, як бывала на тых самых старонках у ранейшых нумарах. I аператыўная інфармацыя пра гэтых цікавых людзей — дзе, хто, калі і як. I нават не агучваецца, колькі ім за гэта пагражае пасля выбараў.

На апошняй старонцы — традыцыйна, навіны культуры і спорту. Напрык­лад, вось інфармацыя пра тое, што сусветна вядомы хакеіст, зорка НХЛ, запісвае лідара нацыі ў зборную свету па хакеі. Нічога не ўказваецца, ці на кантрактнай аснове, ці на нейкіх іншых умовах.

А вось выява іншай суперзоркі апошніх гадоў трыццаці — каралевы эстра­ды суседняй краіны. Яна стаіць у рызыкоўнай позе — на каленях (перад кім, на здымку не паказана). Але загаловак паведамляе, што суперзорка па сваёй волі робіць сапраўдны акт кахання з вялікай павагі да галоўнага, і што важ­на адзначыць — станоўчага героя ўсіх вышэй пералічаных рэпартажаў гэтага спецвыпуску вядучай газеты краіны.

Аднаксамы цікавы артыкул і апошняй старонкі, а прынамсі і ўсяго нумара, напісаны маладой выпускніцай журфаку Віалетай, якая зладзіла ўмоўны дыялог са сваёй калегай па газеце.

Дзяўчаты з першых радкоў задаюць тон: «Ловім момант і ўважліва разглядаем тых, у чые рукі мы заўтра, магчыма, перададзім узведзены намі будынак...» (цытата). У сярэдзіне артыкула два альтэрнатыўных кандыдаты, абсалютна нікому не патрэбных (як ужо стала зразумела з усіх папярэдніх тэкстаў) канчаткова выбіваюцца з сёдлаў перадвыбарнага радэа адным моцным узбрыкам: «Шчыра сказаць, незразумела, адкуль усплываюць такія Бівісы і Батхеды...» (цытата).

А фінал артыкула мае аналогію з бомбай запаволеннага дзеяння пры ўсталяванні таймера на шасцідзённую адтэрміноўку:

« — ...Зрэшты, усе кандыдаты служаць толькі выгадным фонам для дзейнага прэзідэнта, палітычная харызма якога, на мой погляд, як «боінг семсот шэсцьдзясят сёмы».

— Ці прама як «лятучая крэпасць». Ці нават, калі дзве «лятучых крэпасці» адну на другую паставіць і пару хмарачосаў зверху...» (цытата).


IV

Як раз праз шэсць дзён пасля выхаду з друку спецвыпуску галоўнай газе­ты тое і адбываецца. З лавіны памех перанасычанага радыёхвалямі эфіра вырываюцца асобныя фразы: «...два хмарачосы... Боінг семсот шэсцьдзясят сёмы... колькасць ахвяраў падлічыць немагчыма... вялікая дымавая заслона ахутвае горад...»

Хвалі губляюцца, і Лёха са сваім сябрам па чарзе круцяць ручку аўтапрыймача. Iм удаецца вылоўліваць толькі абрыўкі фраз і ад гэтага інфармацыя становіцца толькі больш жудаснай.

За стырном старэнькага «Volkswagen-Passat» Лёху неабходна і ўважліва сачыць за дарогай, і выслухваць кавалкі экстранных рэпартажаў, якія паступова пачынаюць перадаваць амаль усе радыёстанцыі. Чым бліжэй мяжа з Польшчай, тым больш праясняецца сітуацыя — цяпер вядомыя ўжо і месца трагедыі, і асноўныя дэталі тэракта.

Пачуццё трывогі, нейкія незразумелыя і недарэчныя думкі Лёха стараецца прагнаць прэч. Яны адцягваюць увагу ад трагічных нью-ёркскіх навінаў з радыёэфіру, хоць, безумоўна, менавіта тыя самыя навіны і вызначаюць ягоны настрой.

Хваляванне кіроўцы «Фальксвагена» можна зразумець — у памежнай зо­не жыве цяпер ягоная дачушка, што зусім нядаўна пераехала са сваёй маці, былой Лёхавай жонкай, на