Литвек - электронная библиотека >> Аляксандр Капусцін >> Детектив >> Заблытаная справа


Заблытаная справа. Иллюстрация № 1



Здарылася гэта ў пачатку верасня. Уночы ў аддзяленне міліцыі пазванілі з Селішча. Усхваляваны голас паведаміў, што непадалёку ад вёскі абрабаваны нарыхтоўшчык сельпо. Злачынца нанёс удар ззаду па галаве, забраў грошы і знік. Адразу ж на месца злачынства выехалі пракурор і работнікі міліцыі. Пацярпеўшы Ціт Бандарчук быў дома. Ён скардзіўся на шум у галаве, моршчыўся ад болю, але сам прапанаваў паказаць месца здарэння. Павязка на яго патыліцы была ў крыві. Ціт яе ўвесь час папраўляў і, звяртаючыся да каго-небудзь з прысутных, гаварыў:

— Аж у вачах кругі. Гэта ж так трэснуць. Добра, што хоць яшчэ жывым застаўся!

На месцы здарэння знайшлі кавалак цагліны. Пракурор Ігнат Іванавіч Чуяшоў знайшоў яшчэ ўтаптаны ў зямлю гузік. Здавалася, яго ён толькі і шукаў: ён доўга ўглядаўся ў тое месца, дзе ляжаў гузік, асвятляючы ліхтарыкам прытаптаную прыдарожную траву, ледзь прыкметныя сляды на пясчанай дарозе.

На месцы здарэння больш нічога не знайшлі. Пратакол пісалі ў сельсовеце. Бандар­чук, падпёршы галаву рукою, сядзеў каля стала і час-ад-часу зазіраў у пратакол. Paптам яму зрабілася горш. Ён пахіснуўся, застагнаў, і яго адвялі дадому. Ігнат Іванавіч дапытаў некалькі чалавек рабочых, якія ў той дзень працавалі ў садзе. Яны расказалі, што на крык Бандарчука адразу ж падбеглі да яго і ўбачылі, што з таго боку, куды, па словах пацярпеўшага, пабег рабаўнік, з-за кустоў выскачыў на шлях грузавік і паімчаўся ў бок Кляноўкі. Але нумара машыны ніхто не заўважыў.

Дадому Ігнат Іванавіч прыехаў на світанні. Стомлены, занепакоены, ён прышоў на працу раней, чым звычайна, і зайшоў адразу да следчага Сцяпана Карпавіча Маркушава. Следчы ўжо быў у пракуратуры. Яму праку­рор і даручыў расследаванне гэтай справы, бо сам ён атрымаў чарговы адпачынак.

Сцяпан Карпавіч быў чалавекам тутэйшым. Скончыўшы юрыдычны інстытут, ён папрасіўся на працу ў свой раён і атрымаў накіраванне ў раённую пракуратуру. Прыехаў ён на станцыю пад вечар і, вырашыўшы, што ў пра­куратуры цяпер ужо нікога няма, пашыбаваў дадому ў вёску Кляноўку.

Па дарозе яго дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Параўняўшыся са Сцяпанам, ён спыніўся. 3 кабіны выскачыў аднавясковец Іван Чарнагуз і, прыклаўшы ру­ку да казырка зашмальцаванай кепкі, весела гукнуў:

— Гонар маю, таварыш... Хто вы, следчы ці пракурор — не ведаю...

Потым схапіў сцяпанаву руку ў свае невялікія рукі і так яе паціснуў, што Сцяпан аж войкнуў:

— Моцы ў цябе ў руках, як у таго асілка, не глядзі, што маленькі, — усміхнуўся Сця­пан.

— Я ж, як злосны бываю, дык семярых забіваю, — пажартаваў Іван, і раптам твар яго зрабіўся насмешліва сур'ёзным.

— Прашу ў кабіну. Падвязу з вецярком. — Голас яго быў падкрэслена ветлівым, а вочы праменіліся смехам.

— Ну, і перасмешнік... Ніколькі не змяніўся. Ты, напэўна, і ў сне смяешся? Пачакай, а калі гэта ты на шафёра вывучыўся?

Сцяпан ведаў, што Іван раней працаваў у калгасе рахункаводам.

— Ды тады, калі ты там у інстытуце кодэксы розныя вывучаў.

Каля вёскі Сцяпан спытаў:

— Пшаніцу куды павязеш?

— У першы свіран,— і Іван па-змоўніцку падміргнуў вокам, панізіў голас:— А рэшту на самагонку пусцім.

— Зноў пачынаеш,— усміхнуўся Сцяпан.

А шафёр прадаўжаў:

— Дамовіліся з камбайнерам і кладаўшчыком крыху прапусціць праз трубку. Спадзяюся, што ты мяне не арыштуеш, калі што якое...— і, не вытрымаўшы, зноў зарагатаў.

— Дык ты ж, здаецца, не п’еш цяпер,— кальнуў сябра Сцяпан.

3 пісьма маці ён ведаў, што Іван праз выпіўку нават у турму трапіў. Аднойчы, будучы п’яным, нахуліганіў і быў асуджаны на год пазбаўлення волі.

— Не п’ю. Яна мне колам у горле стаіць. Аднойчы ў рот узяў і папярхнуўся: пра аўтаінспектара ўспомніў.

I зноў свавольна засмяяўся.

На павароце яны развіталіся. Іван паехаў да свірна, а Сцяпан пайшоў напрамкі ў вёску. Ішоў і думаў: «Неўтаймаваная натура якая! Усё жартуе. I як гэта ён у турму трапіў? Розумам не дайду. А пра самагонку... Жартуе ці і сапраўды прапускае праз трубку час-ад- часу? Зразумей яго»...


Ціт Бандарчук сядзеў насупраць следчага і паволі расказваў:

— Грошы я расклаў па кішэнях — у адну не ўмяшчаліся. Як ні кажы — дзесяць тысяч. Пабыў у садзе, пакуль не скончылі адгрузку яблык, і ўжо калі зусім змерклася — пайшоў дадому, на пасёлак. Толькі прайшоў мост на дарожцы, што выходзіць на Кляноўскі шлях, а тут нехта ззаду па галаве як трэсне! Дык мяне і павяло ў бок. Калі ён выцягваў грошы, дык схіліўся нада мной, і я заўважыў яго ў твар. Вечар быў месячны, можна было заўважыць.

— А вы пазналі б яго?

— Пазнаў бы, як жа.

— Што вы такое прыкметнае заўважылі на яго твары?

— Ну, як вам сказаць... Нічога асаблівага, але пазнаў бы.

— Пачакайце, Бандарчук. У сваёй заяве ў пракуратуру вы пісалі, што страцілі прытомнасць. Дык як жа вы маглі заўважыць у твар чалавека, які вас абрабаваў?

Бандарчук уважліва паглядзеў на следчага і праз хвіліну адказаў:

— Я страціў прытомнасць адразу, як толькі ён мяне ўдарыў. А пакуль ён выграбаў з маіх кішэняў грошы, апрытомнеў.

Допыт пацярпеўшага і шматлікія допыты сведак нічога станоўчага для расследавання справы не далі. Сведкі пацвярджалі, што, калі прыбеглі на крык, Ціт намагаўся стаць на ногі, але не мог, усякі раз зноў падаў. Галава яго была ў крыві. Больш ніхто нічога не бачыў. У дадатак да таго, што Бандарчук расказаў пракурору, следчаму ён паказаў, што таксама бачыў грузавік, які выскачыў з-за кустоў. Пракурору ён не расказваў пра гэта таму, што забыўся. Галава трашчала ад болю. Эпізод з грузавіком вельмі зацікавіў Сцяпа­на. Калі рабаўнік перабягаў дарогу ў пералесак, дык шафёр, напэўна, яго заўважыў і мог бы даць каштоўныя для расследавання справы звесткі. А калі ён уцёк на грузавіку, дык зноў жа, ведаючы нумар машыны, можна бы­ло хутчэй разблытаць гэты клубок і знайсці злачынцу. I следчы шукаў загадкавы грузавік. Але натрапіць на яго след не ўдалося.

Сцяпан зноў — у каторы раз — пачаў праглядаць справу. У судова-медыцынскім пасведчанні гаварылася, што на галаве ў пацярпеўшага была невялікая ранка на скуры. Гэта было лёгкае раненне. Чамусьці раней Сцяпан не звярнуў на такую акалічнасць асаблівай увагі, а цяпер вырашыў назначыць медыцынскую экспертызу. Яго цікавіла пытанне, ці можна пры такім раненні страціць пры­томнасць. Абласны