Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Някляеў >> Современная проза >> Гэй бэн гіном >> страница 2
Нават не пайшоў, а неяк так, як бывае ў снах, знік.

Як гэта: і не прачнешся, і не будзеш спаць?..

Той апошні ў жыцці сон быў з суботы на нядзелю. А з суботы на нядзелю, як было напісана ў старадаўнім сонніку, які ляжаў некалі на століку каля ложка маці, сніцца тое, чаго хочацца.

Вечарам у нядзелю яго не стала.

Можа, усё ж павярнуць на Кацельніцкую?.. Раптам жанчына тая, з якой не развітаўся, не пойдзе на пахаванне? Зазлуе, што яго не стала. Ці пабаіцца.

Ён ужо вырашыў павярнуць, яму хацелася сказаць ёй, каб не вінавацілася, бо ўсё адно было б так, як сталася, але на падыходзе да вуліцы Кавальскі мост два чалавекі ў чорных капелюшах упіхнулі яго ў чорную машыну і завезлі на Лубянку. У Камітэт дзяржбяспекі. Ехаць было зусім недалёка - і ён падумаў, калі прывезлі: "Нашто машыну ганялі? Не таму ж, што мне чаравікі муляюць. Вайна, а яны бензін паляць…"


2

Віктар Маргер прысніў, што яго спалілі.

Прачнуўшыся сярод ночы ад прыснёнага кашмару, падумаў, што дарма ён гэтак рупіўся, каб пасяліцца менавіта ў тым нумары гатэля "Масква", у якім пражыў апошнія дні свайго жыцця Янка Купала. "Тут пахне згубай", - сказала Ганна, як толькі ўвайшла сюды, і калі ён перапытаў: "Смерцю?.." - яна паўтарыла: "Згубай. Гэта розныя пахі".

Сярод усіх кашмарных сноў, якія тут яму ўбачыліся, сённяшні быў найкашмарны. Каб пазбавіцца яго, ён уключыў таршэр і, пасунуўшыся на край ложка, паглядзеў на Ганну, у якой была звычка спаць на падлозе. "Я твая сука", - казала яна, калі ён пытаў, чаму? - "Але ж і сукі спяць з гаспадарамі на ложках…" - "Гэта хатнія. А я сука дзікая".

Ганна спала, як звычайна, на баку, падабраўшы пад жывот калені, і дыхала ціха, роўна, спакойна. "Сны, - яна казала, - мне не сняцца. Ніякія. А калі сняцца, я іх не помню. Затое я помню ўсё, што не сны".

Так. Усё, што не сны, яна не забывала. І яшчэ яна казала, што звычка спаць на падлозе ў яе ад маці. "Не ведаю чаму, але маці не спала ў адным ложку з бацькам. Клалася каля ложка на падлозе".

Віктар падняўся, падышоў да вакна, каля якога стаяў на трыножніку тэлескоп, у які глядзеў ён у гэтым нумары ўжо больш за месяц. І цяпер зірнуў - цямнеча.

Марозна сканчаўся люты - цёмна пачынаўся апошні лютаўскі дзень. За вакном было так змрочна, так густа чорна, што гэтую густую цемрадзь не прабівалі нават агні сталіцы, якія, здавалася, замерзлі на яе галоўнай вуліцы і галоўнай плошчы.

Цьмяным золатам пабліскваў перад акном тэлескоп. Віктар займеў яго праз 300-ю секцыю - закрыты размеркавальнік на Кутузаўскім праспекце, куды выдалі яму запрашэнне ў Сенацкім палацы Крамля, дзе мясцілася Упраўленне справамі Савета міністраў СССР, якім кіраваў флегматычны чалавек з зоркай Героя сацыялістычнай працы, з прозвішчам Смірцюкоў і мянушкай Смерць. "Ого!.." - сказала Ганна, убачыўшы подпіс на запрашэнні, і проста зацягнула Віктара ў тую 300-ю секцыю, "дзе ёсць такое, пра што ты нават не ведаеш, што яно ў свеце ёсць!" - і дзе да іх прычапіліся: "Што б вы хацелі купіць?"

Ён нічога не збіраўся купляць, таму сказаў, што тэлескоп. З залацістай трубой. Такі, пра які марыў у дзяцінстве. Проста так сказаў, каб адчапіцца і каб адчапіліся, а яму паказалі каталог з фотаапаратамі, біноклямі, тэлескопамі: "Выбірайце".

Такога тэлескопа, які ён хацеў бы мець, у каталогу не знайшлося, але дырэктарка секцыі ўспомніла: "Па-мойму, у нашай краме антыкварыяту я нешта такое бачыла. Гэта не тут, у ГУМе… - Патэлефанавала і трубкай бразнула. - Ёсць! І ведаеце, што… Кажуць, што ён быў сярод асабістых рэчаў Сталіна. Нават карціна напісаная, на якой Сталін у той тэлескоп глядзіць. Можаце і карціну купіць, яна таксама там. Звычайна такія рэчы, - зірнула яна на Ганну, - мы толькі сваім прадаем, але калі запрашэнне з подпісам Смерці…"

- Дык мы і ёсць свае! - дагаварыла за яе Ганна і павезла Віктара ў ГУМ, дзе ў антыкварнай краме 300-й секцыі ім не прадалі, а падаравалі тэлескоп разам з карцінай.

Дырэктар крамы, які зрабіў ім гэтыя падарункі, быў, пэўна, гіпнатызёрам. Інакш немагчыма патлумачыць тую фантасмагарычную дзею, якую ён для іх наладзіў. Яе проста не магло быць у звыклым свеце, але яна была. Больш за тое: яны ў ёй удзельнічалі, пра што сведчылі шмат якія рэальныя рэчы - найперш карціна і тэлескоп.

Тэлескоп напраўду быў марай ягонага дзяцінства. Мястэчка, дзе ён нарадзіўся, стаяла на ўзвышшы, там трохі бліжэй было, чым у іншых месцах Беларусі, да неба, і там яно было яснейшае, чым у іншых месцах. А ўночы такое зорнае, як болей нідзе.

Летам ён спаў на сене ў пуні, саламяная страха якой была ўся ў дзірках. Гледзячы ў іх, ён падарожнічаў ад дзіркі да дзіркі, ад галактыкі да галактыкі, уяўляючы, якія дзіўныя на планетах у тых галактыках лясы і сады, звяры і птушкі, рыбы і людзі, і калі засынаў пад раніцу, дык лятаў у тыя галактыкі на тыя планеты і бачыў тых дзіўных рыб і птушак, звяроў і людзей, сярод якіх амаль заўсёды з’яўлялася паненка ў белай сукні з чырвоным поясам, якая кожны раз пытала, як яго зваць, а ён быў у такім захапленні ад палёту, ад дзівосаў, якія бачыў, што забываў, не памятаў свайго імя - і ніяк яны не маглі пазнаёміцца. Таму ён проста кінуўся, рынуўся знаёміцца з Ганнай, калі ўбачыў яе ў белай сукенцы з чырвоным поясам.

Ганна была падобная да той паненкі. Да іншапланецянкі. Пасля аказалася, што яна насамрэч жыла на іншай планеце, жыхары якой карысталіся паслугамі не толькі 300-й секцыі, у антыкварнай краме якой можна займець у падарунак музейны тэлескоп. І Віктар здагадваўся, што падарунак яму зрабілі зусім не таму, што ён меў запрашэнне ў тую секцыю, "дзе ёсць такое, пра што ён нават не ведаў, што яно ў свеце ёсць", а таму, што прывезла яго туды іншапланецянка. Свая.

Ён зацягнуў іншапланецянку ў двор літаратурнага інстытута, у якім тады вучыўся, у падвал дома ў двары, дзе начаваў, падрабляючы качагарам, і дзе яны пілі з бутэлькі, на якой была наклееная самаробная этыкетка "Calvados", таннае, якое піць было немагчыма, яблычнае віно, а пасля ён да раніцы чытаў ёй, бо яна раптам папрасіла, беларускія вершы, і калі прачытаў Купалаў, яна сказала: "Мая маці была з ім блізкая. Настолькі блізкая, што… магчыма…" - "Што?.. Што магчыма?.." - паспрабаваў ён яе, сонную, расштурхаць, а яна з тапчана, на якім спаў ён у качагарцы, слізнула на чорную, усю ў вугальным пыле, падлогу. Ён падумаў, што ёй проста цесна з ім на тапчане, падняўся: "Кладзіся, я на падлозе лягу", - але яна ўжо заснула. На баку, імгненна, падабраўшы ногі да жывата.

З гэтага ўсё й пачалося. І паднялося з падвала качагаркі да нумара ў гатэлі "Масква". А там, тады,

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Елена Ивановна Михалкова - Перо бумажной птицы - читать в ЛитвекБестселлер - Мартин Рейди - Габсбурги. Власть над миром - читать в ЛитвекБестселлер - Алексей Сергеевич Колоколов - Заставьте данные говорить. Как сделать бизнес-дашборд в Excel. Руководство по визуализации данных - читать в Литвек