Литвек - электронная библиотека >> Алесь Савіцкі >> Советская проза и др. >> Зямля не раскажа





Зямля не раскажа. Иллюстрация № 1


1

Рэната падхапілася, як падкінутая густым тоўханнем прыглушаных выбухаў; човен, прыкуты ланцугом да вялікага карча на беразе, загайдаўся, і яна не ўтрымалася на нагах, шмякнулася на капу прапаласканай бялізны, што ляжала на лавачцы, і, моцна сціскаючы сынаву кашулю, якую яна не выпусціла з рукі, спуджана глядзела перад сабою. Паветра трымцела, быццам сыпалася аднекуль з высі дробная зіхотная луска, і за дробным і дрогкім сяйвом яе выгіналася сляпучая ад ранішняга сонца плынь Дзвіны, гайдаліся сівыя, не па-ліпеньску густыя палыны на рачным узвале, трымцелі старыя бярозы і сінія і роўныя, як падстрыжаныя, сосны на супрацьлеглым беразе ўправа ад пакатага пагорка.

Наважылася паглядзець назад, на сваю хату, парывіста павярнулася, і човен зноў гайдануўся, і разам з ім дугнулася крутое высокае замчышча, белыя царкоўныя муры на ім захісталіся, бы валіліся ў раку.

«Бомбы! Узарваліся недзе за гэтымі мурамі, і яны развальваюцца!..»

Ад спуду Рэната ўчапілася рукамі ў борт чоўна, моцна заплюшчыла вочы, уся сцялася ў чаканні, што зараз каменне заваліць яе. Але каменне не падала. Пад левай рукою была халодная сынава кашуля, а пад правай — цёплы, угрэты сонцам борт чоўна, і ад яе, гэтай цеплыні, праясніваліся думкі, спадаў з душы жах. Падалося ёй усё. Не равуць жа самалёты. А грыміць гэта кананада. Аціхла была на досвітку, а цяпер усчалася зноў, недзе зусім блізка грыміць, быццам выкатваецца на бераг з вады.

Рэната, услухоўваючыся, памалу адкрыла вочы. Усё на месцы, усё мае свой звычайны выгляд: за плотам, што ідзе па-над самым узвалам, зеляняцца яблыні і за шатамі іх бялее шалёўка Рэнацінай хаты пад новым гонтавым дахам; роўна выносяцца ўвысь царкоўныя муры на замчышчы; нерухома сагнуліся старыя бярозы на супрацьлеглым беразе ракі, нерухома выпнуўся пакаты пагорак, парослы нізкімі чорна-сінімі соснамі; толькі паціху варушацца попельныя палыны ля вады ды рухава і зырка зіхаціць срэбны трохкутнічак рабаціння пасярэдзіне Дзвіны.

«І як жа звонка цурчыць вада, што сцякае з кашулькі...»

Рэната перасела на сухое месца на лавачцы чоўна, узялася за мокрую сынаву кашульку аберуч. Але не паласкала, сядзела, адчуваючы цеплыню ўгрэтай сонцам лавачкі. Цяпер, калі жах адступіў і яна на міг супыніла сваю працу, у яе адразу занылі ад стомы рукі, заламала ў спіне і ў паясніцы. Нічога не здарыцца, калі хвілінку нейкую яна і перадыхне. З учарашняга дня, з тае мінуты, як стала вядома, што яе сям’я, як сям’я ваеннаслужачага, уключана ў спісы на эвакуацыю ў першую чаргу і што даецца на падрыхтоўку дваццаць чатыры гадзіны, Рэната не прысела ні на хвілінку, работай заганяла і маці і дзяцей і нават братавай дыхнуць не дала. Пасыльны з ваенкамата сказаў, што эшалон адправіцца сёння ўночы, а дванаццатай гадзіне, параіў не пазніцца, лішніх рэчаў з сабою не браць — толькі тое, што на сабе данесці можна. А як пачала Рэната прыкідваць ды пакаваць — і канца-краю зборам няма, не злічыш хатулёў і клункаў: і тое трэба, і без гэтага не абысціся, і тое, што з сабою цягнеш, патрэбна, і тое, што пакідаеш, дык яшчэ больш, і шкада дужа. Дапамог сусед Лявон Бохач, чалавек, умудроны жыццём, які вайну ведае не па кніжках — інвалідам пасля фінскай кулі застаўся: ходзіць накульгваючы. Ён і параіў: узяць з сабою адзенне, грошы, найбольш каштоўныя рэчы — і каб не цяжкія! А ўсё астатняе, што нечага варта,— прыхаваць. І не ў хаце, а пад паветкаю, на дрывотні.

Да раніцы тая схованка была зроблена: у яму, абкладзеную аполкамі, знеслі хатні набытак, закрылі дошкамі, цыратаю, прысыпалі зямлёю і добра замаскавалі: чужы чалавек не знойдзе, агонь не дабярэцца, вада не залье. Мароз, праўда, калі зямлю падцісне... Але ж да тых маразоў скончыцца бежанства, і фашысты будуць разбітыя, і Рэната з дзецьмі вернецца назад у сваю хату... Усё, здаецца, яна, Рэната, робіць правільна. Каб жа ж усё! Навошта яна раніцою дазволіла сыну, Алесю, ехаць з суседам на рыбалку? Але ж Бохачу калі загарыцца!.. Паставіў шнуры на ноч, а ранкам падбіў малога паехаць і падняць: на дарогу, маўляў, сабе рыбіну засмажыш ці засоліш...

Рэната з трывогаю агледзела раку. Ля павароткі, здаецца, човен сунецца. Абрысы, праўда, зліваюцца з лазнякамі на беразе — не адразу і распазнаеш колер. Здаецца, блакітны. Падобна, што вяртаюцца яны. Так што дарэмна яна непакоілася: на рацэ Бохач вырас, днюе і начуе, можна сказаць, на вадзе, і човен у яго надзейны... Дый, па праўдзе кажучы, і рыбіну ў дарогу ўзяць не пашкодзіць — не на госці ж едзеш, а ў белы свет як у капеечку. І таму дужа правільна яна намысліла і бялізну дзецям памыць, каб усё чысценькае ўзяць з сабою: у вагоне ехаць — не дома, не ў сваёй хаце сядзець. А тут гэткі сухмень — праз дзве гадзіны ўсе кашулькі будуць сухенькія!..

Рэната, спяшаючыся, дапаласквала бялізну. Цяпер, калі яна нізка сагнулася над вадою, кананада як бы яшчэ больш памацнела, зрабілася выразнай, але была не суцэльная, як учора ўдзень і ўвечары і сёння на досвітку, а як бы разарваная на няроўныя часткі: здавалася, што іх увесь час нехта складае ў адзін ланцуг, а ён развальваецца з грукатам, звініць, грукоча.

Выкруціўшы сынаву кашулю, Рэната трымала яе ў руцэ, услухоўвалася ў глухое грымоцце і здрыганулася, пачуўшы за спінаю звонкі голас дачкі:

— Ма-а-ама! Ма-а-амачка!

Валя выбегла з весніц, патрэсла рукою ў паветры і таропка заскакала па прыступках, выразаных рыдлёўкаю ў гліністым касагоры. Адчыненыя весніцы гайдаліся ад ветру, то адкрываючы, то захінаючы куток зашклёнай тэрасы. Як хтосьці сноўдаецца там на тэрасе, захінае вузкія шыбы. І нейкія дзіўныя парабіліся шыбы, як полымя ў іх — блісь, блісь.

Рэната кінула бялізну на лавачку, скочыла на бераг.

— Што там, Валечка?

Валя падбегла да чоўна, села на ланцуг, гушкалася на ім і, прыставіўшы далонь да броваў, глядзела ў той бок, дзе Дзвіна рабіла паваротку,— там цяпер добра быў відзён блакітны човен.

— Е-едуць на-а-шы ры-ба-кі,— прамовіла, як праспявала, Валя.— Мамачка, Бохачаў човен! Наш Алесь вяслуе!

Весніцы цяпер не гайдаліся — вецер прыціснуў іх да плота,— было добра відаць, што ўсе шыбы на тэрасе цэлыя, што ніякае гэта не полымя асвятляе іх, а зіхаціць шкло ад сонечных промняў, і зусім блізка быў блакітны Бохачаў човен. Але адчуванне трывогі не праходзіла, і гэты вясёлы Валін галасок быў Рэнаце не па душы, і яна насварылася на дачку:

— Чаго прыбегла? Чаго Данічка кінула?

— Бабуля яго глядзіць... Не, Бохач сам вяслуе. Алесь на карме сядзіць. Ці