Литвек - электронная библиотека >> Анатоль Казлоў >> Современная проза >> Абганяючы сны >> страница 3
спелую сакавітасць кавуна? «Ё-маё! — вырвалася ў мужчыны, — хапану поўнымі шчэлепамі кахання без абавязкаў. Хачу разгулу асалоды, бяздумнасці ўчынкаў. Хачу навізны!» На ягоны голас азірнулася маладзенькая дзяўчына за крайнім столікам, ці не студэнтка. Здзіўлена хіхікнула. Юджын ёй падміргнуў, маладзёнка сарамліва адвяла позірк, падхапілася і зацокала абцасікамі прэч. Юджын памаўзліва пазіраў на зграбную фігурку, пакуль яна не згубілася сярод натоўпу на аўтобусным прыпынку.

«У мяне ўсё ёсць, а нечага не хапае. Душа з гадамі заскарузла, сціснулася, высахла, як жабіна скура на сонцы. І дзень пры дні яна ўсё чэзне, скукожваецца і смярдзіць. — Юджын зморшчыў нос. — А ці ўсё настолькі добра, як мне падаецца? Жыццё з Русланай зручнае, бесклапотнае, утульнае... Адным словам — балотнае». Вось табе і маеш! Юджын здзівіўся нечаканасці сваёй высновы. «Што ж мне яшчэ трэба? Бэйбус ты, перавернуты, — ён пстрыкнуў слінай пад ногі. — Подленькая ж у цябе душонка, ой, подленькая, як у шакалёнка. А хто, пакажы мне, ад макаўкі да пятак перапоўнены святасцю? Усе такія, адным мірам памазаныя. Чакаем выпадку, зручнага моманту, каб урваць, абхітрыць, падмануць. Хлусім, не міргнуўшы, направа і налева. Усміхаемся там, дзе па мардасах трэба даць, падлабуньваемся, робім “лізь-лізь”, дзе неабходна было б смачна плюнуць. Вераб’інасць душонкі кожнага выпінаецца на першы план. Галоўнае, каб чаго дрэннага не здарылася са мной, любым. Нічога, язык не адваліцца, калі і пахвалю, а не скажу, што брыда стаіць перада мною. І так ва ўсім: у сямейным жыцці, на працы, у адносінах між сябрамі і блізкімі. Кожны з гадамі ўсведамляе: за праўду моцна б’юць! Не шкадуючы, азвярэла, да бяспамяцтва. То навошта мне (яму, ёй, ім) такая праўда? Га?»

Юджын крочыў да прыпынку маршруткі. Не хацеў ціснуцца ў метро. Палёгка ад выпітага саступіла месца незразумеламу раздражненню. Нядаўняя лёгкасць незаўважна агарнулася пакутлівым і нікому не патрэбным самаедствам.

«Нудны, ой нудны ты, Юджын, — дакараў сябе мужчына. — Усяго хочаш і адразу. Так не бывае! Цішэй ідзеш — далей будзеш, ці па-іншаму: спяшайся паволі. Вось прыедзеш да свайго прыпынку, зазірнеш у супермаркет, прыкупіш двухлітровік айчыннай “Крыніцы”. Хопіць з цябе буржуйска-бюргерскага, каўтай родненькае піўко, падтрымлівай беларускага вытворцу. Не важна, чым дагнацца, абы мазгі пераключыліся на патрэбную хвалю. І ніякіх спрэчак сам з сабою. Я ж малады мужчына у самым росквіце і сіле. Руслане — мора, пляж і сонца, а мне — скварка, пляшка і Машка. Усё чэсна і без прэтэнзій. Ад усяго неабходна атрымліваць кайф. От, слоўца. Коратка і ясна».

Пакуль маршрутка віхляла па вуліцах ды завулках, адбівала паклоны святлафорам, прапускала на «зебрах» пешаходаў, Юджын паспеў кімарнуць. Лёгенька так, праз смугу свядома-падсвядомай дрымоты. Калі мозг адным бокам знаходзіцца тут, а другой паловай — там. Мроіўся яму ружовы ўзыход сонца, і росна-дыяментная трава казытала босыя ногі, а далёкі прырэчны туман сцяліўся паўз рэчку да шапаткога жытнёвага поля. Там жа, удалечыні, праз рэчку, бачыў ён і магутны горб нейкага заводзіка са стойкамі дымных труб. Нечакана ён паварочвае галаву і бачыць, што ні поля, ні рэчкі з туманам, а тым больш заводзіка і знаку нямашака. Стаіць Юджын голенькі сярод вялізнай плошчы невядомага горада, навокал залівае ўсё дождж, а на ім ні кропелькі, і жанчыны, сотні жанчын з усіх бакоў таксама голенькіх. Яны маладзенькія, крамяныя і ўсе чарнявыя, ніводнай бландзінкі. Дождж сцяною залівае плошчу, а на людзей не трапляе. «Не можа такога быць...» — пра сябе адзначае Юджын. «Я ж у маршрутнай таксоўцы. Еду дамоў. Адкуль тут плошча і голыя паненкі? Няма ніякага чужога горада! Няма сотні дзяўчат, і я апрануты...»

Юджын праз высілкі расплюшчвае набрынялыя павекі. У таксоўцы ён і яшчэ чатыры чалавекі. Задушна. Цярнуў далонню потны лоб. Зірнуў у акенца. «Пару прыпынкаў — і трэба выходзіць. Лічы, даехаў без асаблівых прыгод. Канечне, калі адкінуць сон... Чаго толькі часам не выдасць наш бацюхна мозг! Труцім жа яго алкаголем і нікацінам, вось і бунтуе, помсціць, стварае алюзіі-ілюзіі. Каб жыццё мёдам не здавалася. Патрабуе чаўпешачка з шэрым рэчывам павагі і ўвагі да сябе».

— За наступным святлафорам спыніцеся, — пачулася з задняга раду.

Паўз Юджына прайшла, трымаючыся за поручань, малодка пад трыццатнік. Асіная талія, попка, што ў прыгаршчы ўмесціцца, стрыжка пад карэ. Стрэльнула позіркам на яго, нечаму свайму, жаночаму, пасміхнулася. Юджын таксама падаўся да выхаду.

— Дазвольце, адчыню дзверы, — звярнуўся ён да жанчынкі.

— Калі ласка, — саступіла, прапускаючы яго ўперад.

Выходзячы, падаў руку, дапамог сысці. На хвілінку прытрымаў танюткія пальчыкі ў сваёй далоні. Канечне, гэта прымітыўны знак заляцання, але, як ні дзіўна, — падзейнічала.

— Вы сапраўдны кавалер, — адарыла адкрытай і лагоднай усмешкай жанчына. — Аж настрой узняўся. Цяпер такое не часта бывае. Можаш і спатыкнуцца, ляснуцца, а ніхто не прыпыніцца, не дапаможа падняцца. Дробны мужчынка пайшоў, ай дробны. А вы не з іх, — кудахтала малодка грудным даверлівым галаском. — Дзякуй вам, дзякуй.

— Ды няма за што. Вы перабольшваеце.

— Не, за кожнай драбязой бачны сапраўдны мужчына. Я маю на ўвазе, за дробным на першы погляд учынкам, які для нас, жанчын, значыць вельмі шмат. Вось вы падалі мне руку, а для мяне ўжо і свята.

«Адзінокая і недакаханая. Развядзёнка. Шанец ёсць!» — падумаў Юджын.

— А як вы зірняце на маю прапанову папіць кавы? Якраз і мой дом насупраць. — Юджын махнуў рукой у бок шэрай дванаццаціпавярховай камяніцы. — Дарэчы, я — Віктар, — не ведаючы навошта, схлусіў ён.

— Наталля, — жанчына сарамліва апусціла вочы. Хоць карціну пішы з вінаватай авечкі.

«Пераігрывае з цнатлівасцю. Відаць, шмат на якіх ложках цёрлася. Нечым жа я ёй глянуўся, калі не абрывае гульню ў прыстойнасць. Вось так, маё золатка Руслана. Ты яшчэ і да Гомельскай вобласці на цягніку не дапяла, а я красуню ахмураю. А магчыма, і яна мяне зацугляла на вечарок. Не, лепш не будзіць у Руслане мегеру. Няхай яна ні пра што не здагадваецца. Едзе са спакойнай душой і сэрцам. Яна ж нават думкі не дапускае, што ў яе адсутнасць я змагу пайсці налева. “У нас усё пабудавана на даверы”, — так рэагуе Руслана на кожны падкол сябровак. Ага, “давярай ды правярай”: не дурным чалавекам прыдумана...»

— Чаму б і не пачаставацца? Тым больш, што далёка ісці не трэба. — У голасе Наталлі прабіваліся ноткі непрыхаванай радасці і надзеі. — Дахаты ісці не хочацца, там маці са сваімі