Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Классическая проза >> Блакітны вецер

Міхась СТРАЛЬЦОЎ


БЛАКІТНЫ ВЕЦЕР


Лагацкі прачнуўся як бы ад нейкага штуршка: усё адбылося ненатужна і лёгка. Колькі часу ён ляжаў, не расплюшчваючы вачэй. Тое няўлоўнае і хісткае, што яшчэ лунала над ім, было, напэўна, успамінам аб сне. Сон адыходзіў у святле, у пахах, у струменнасці ветру. Нібыта стала над нейкім возерам у духмянай парнасці сонца. Пахлі сосны, узнімаўся над вадою блакітны вецер, і такі звонкі і чысты чуўся на беразе смех. Як хораша, як лёгка! Вось нібыта Лагацкі бяжыць да вады — як прыемна жвір халодзіць босыя ногі, як засцілае вочы блакітны вецер!

У пакоі ціха. Ноч. Дзве гадзіны ночы — Лагацкі гэта ведае. Зараз вось пройдуць, калі не прайшлі, з фабрыкі работніцы: яны заўсёды праходзяць у гэты час, і так ясна чуваць тады ўночы крокі. I яшчэ гамонку. «Ой, дзеванькі, ды ён жа кажа: «Я табе гадзіннік куплю». Ой, трымайце мяне, а то ўпаду!» I смех — залівісты, нястрымны. Смех заўсёды будзіць Лагацкага, як і гэты вецер, што сніцца апошні час.

Ноч. Ціха. Мусіць, прайшлі ўжо работніцы, мусіць, таму і прытрызніўся яму гэты смех.

Якая светлая, якая чуйная ў пакоі цішыня! Тонкі прамень зламаўся ў люстэрку — таямнічыя глыбіні адкрыліся ў шкле. Павуціннай сеткай на сцяну ляглі цені: наблытаў адсюль нябачны вулічны ліхтар. I хораша ад думкі, што можна нікім не ўгледжаным стаць ля акна і гэтак сцішыцца перад маўклівасцю ночы…

Лагацкі выставіў руку, шукаючы на крэсле адзенне.

Уставаць лёгка, і няма той млявасці, што раніцай хіне да сну і зводзіць павекі. Усё было незвычайна, трошкі таямніча, было прыемна і хораша. Лагацкі пастаяў ля акна, паглядзеў на вуліцу. Ліхтар свяціў слаба, з-пад аснежанай стрэшкі звісала сусолка — застылая, нерухомая жылка вады.

Пазаўчора была адліга, потым ціскануў марозік, потым усё прыцярушыла сняжком. Недабудаваны дом па той бок вуліцы, вастравата блішчыць зорка ля вежавага крана. Дахі і цішыня. Ланцужкі ліхтароў мецяць у горадзе вуліцы. Позна.

Думалася, што ўсё роўна не заснеш. Лагацкі абуўся, апрануў у калідоры паліто і выйшаў на лесвіцу. Адразу ж абступіў яго пах фарбы, халоднай тынкоўкі і пылу — заўсёдны пах пад’ездаў, скупа падпраўлены цёплым духам чалавечага жытла. Расціснутыя абцасамі, на пляцоўцы валяліся недакуркі. Лагацкі ўспомніў: учора ў суседняй кватэры спраўлялі праводзіны. Ішоў у армію Толік, токар нейкі ці будаўнік. У пад’ездзе вечарам было шумна. Потым па яго, Лагацкага, прыходзіў гэты самы Толік: «Сабраліся… Леанід Іванавіч… Разам з намі…» Дзівак нейкі, яны ж былі амаль незнаёмыя. Лагацкі не пайшоў. Ага, ён правяраў тады студэнцкія работы. Каб не забыцца заўтра ды даць гультаям гэтым добрага прачуханца. Работы здавалі позна — ясна: пісалі за адзін вечар. Які-небудзь курсавы геній будзе пасля хіхікаць: бура і націск, трохі натхнення і трохі часу. Глупства! Наогул, студэнты сталі не тыя. Многа з вытворчасці. Думаюць, што ўведалі ўжо жыццё. Чытаюць Рэмарка. Глупства!

Цяперашнія студэнты не падабаліся Лагацкаму.

Ён і не заўважыў, як у яго сапсаваўся настрой. Зноў на лесвіцы ўбачыў недакуркі, і зноў успомніўся Толік. Якраз дарэчы: не хацелася думаць пра студэнтаў. «Дарэмна ўсё ж пакрыўдзіў хлопца, не схадзіў на гэтыя праводзіны. «На адыходную» — здаецца, сказаў Толік. Палічыць, што абышоўся з ім па-свінску, і будзе мець рацыю. Не праз работы ж тыя адмовіўся… Не, не палічыць: я для яго, відаць, дужа занятая, вучоная асоба. Смешна гэтак саромеўся, запрашаючы да сябе, і чамусьці выцер аб палавік ногі, калі выходзіў». Лагацкаму стала сорамна: «Вучоная асоба! Нічога сабе апраўданне… Якая прыкрасць!»

Выбіта шкло ў дзвярах, на фанерцы крэйдай напісана: «Тут жыве Зоя». I стаяць тры вялікія клічнікі. «Якая-небудзь Толікава знаёмая, і, глядзі, была на провадах. Добра, што не пайшоў туды, а то давялося б прыкінуцца другам моладзі. Так сказаць, старэйшы таварыш і юная змена… Доля яўна не для мяне. I сваіх студэнтаў даволі».

Ён падумаў раптам, што ўсё гэта глупства, і раззлаваўся на сябе: «Ну, не пайшоў, і добра… А тут нейкія сумненні, нейкі дзіцячы самааналіз. Смешна. I наогул…»

Ён выйшаў на вуліцу, спыніўся. Нешта незразумелае з ім робіцца апошні час: ну, хоць бы гэты сон, бадзянне ноччу. Лагацкі пастаяў у роздуме, агледзеўся. Было маўкліва на вуліцы, пуста, і ў самай моцы быў марозік, такі вастраваты, жорсткі, але прыемна цвярозлівы. Няпэўна і нудна пачало паколваць у скроні: можа, ад свежага паветра. «Чаго я выйшаў?» —думаў Лагацкі.

Якраз перад ім ляжаў, нібы ў руінах, недабудаваны дом, той самы, які ён заўсёды бачыў з акна кватэры. Першыя цагліны тут паклалі яшчэ вясной, летам будаўніцтва чамусьці спынілі, а цяпер распачалі зноў. Лагацкі звыкся з домам, і ён стаў для яго нібы жывой істотаю. I, нібы чалавек, дом абрастаў патрохі ўспамінамі.

Стары знаёмец, ён дзяліўся імі цяпер з Лагацкім. А той разумеў усё і бачыў, як зямля, выкінутая некалі экскаватарам, прыцярушаная пасля сняжком, рабілася добраю горкай. Як прыходзілі на яе дзеці і вось: хто на санках, хто на нагах, а хто і на тым самым месцы, якому і належыць здаўна адказваць за нястрымныя гаспадаровы фантазіі, спрабавалі тут і крутасць горкі і разгон з яе.

«Стары знаёмец, без аблічча і нумара дом,— думаў Лагацкі,— і я расказаў бы табе, чым была для мяне гэтая незнарок падгледжаная наіўнасць. Ды ты не ведаеш, што такое пах і водар маленства, не разумееш, чаму чарнільная пляма, выпадкова ўбачаная на снезе, можа хваляваць мацней, чым самае сталае дзіва».

Ды ён, Лагацкі, і не хацеў такога. Ён ведаў: сапраўднае дзіва было ці простае, як гэта дзіцячая горка, ці наіўнае, як выцвілы паркаль. I сапраўды вецер быў блакітны, як у сне. У ім было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы густыя, як вецер, і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае вясёлае здзіўленне перад светам. Якраз усё тое, чаго не хапала цяпер Лагацкаму.

Ён адчуваў, што вельмі змарыўся. Лекцыі ў інстытуце стамлялі яго, і, можа, яшчэ больш — размовы ў прафесарскай. Званіў тэлефон, выходзілі і заходзілі людзі, сакратарка бегала з раскладам, выкладчыкі скардзіліся на студэнтаў, быццам усё гэта было так важна і быццам студэнты былі калі-небудзь анёламі. Лепш за ўсё было Лагацкаму, калі не турбавалі яго. I тады можна было сядзець, не слухаючы, засяродзіўшыся ў сабе,— і гэта было чаканнем дзіва. I яно прыходзіла і шчымліва кралася ў сэрца то нечым голасам, пачутым з калідора, то скразнячком, што біўся ў фортцы, то шчодрым пахам вады, невядома кім распырсканай па падлозе. Гэта блукаў

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Ли Дуглас Брэкетт - Исчезновение венериан - читать в ЛитвекБестселлер - Аллен Карр - Легкий способ бросить пить - читать в ЛитвекБестселлер - Вадим Зеланд - Пространство вариантов - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Васильевна Семенова - Знамение пути - читать в ЛитвекБестселлер - Элизабет Гилберт - Есть, молиться, любить - читать в ЛитвекБестселлер - Андрей Валентинович Жвалевский - Время всегда хорошее - читать в ЛитвекБестселлер - Розамунда Пилчер - В канун Рождества - читать в ЛитвекБестселлер - Олег Вениаминович Дорман - Подстрочник: Жизнь Лилианны Лунгиной, рассказанная ею в фильме Олега Дормана - читать в Литвек