Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Советская проза >> Двое ў лесе

Міхась СТРАЛЬЦОЎ


ДВОЕ Ў ЛЕСЕ


У. Громаву


Папалуднаваўшы, яны маўкліва вырашылі, што гадзіну якую можна і адпачыць. Месца якраз ім траплялася добрае — гальнае і сухое. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струхнелых пнёў, чарнела сатлелае голле. Яшчэ далей цёмная сцяна ялін прашыта была тонкімі стваламі рэдкіх бярозак: да нізінкі неўпрыкмет падступала зацішнае, змрочнае ўрочышча.

Але тут, на самым краі светлай баравіны, было суха, цёпла ад зямлі, нагрэтай сонцам, густа ўсыпанай шорсткім шыголлем і кволымі лусачкамі маладой сасновай кары. Седзячы, можна было доўга глядзець на неба, што свіцілася за калматымі хвоямі, любавацца ласкавым золатам высокіх ствалоў: адсюль, з зямлі, здавалася, што яны сыходзіліся ўгары.

Напрацаваўшыся як мае быць, рэжучы дровы, Васілю цяпер прыемна было адчуваць гарачую млявасць у руках, у плячах — ва ўсім целе. Прыемна было і тое, што вось яны, удвух толькі тут, у лесе, зараз маўчаць, пад ціхі пошум соснаў думаючы кожны сваё. Васіль дык нават і рады быў гэтаму, бо ён жа ведаў, якой нялёгкай бывае часам гаворка з чалавекам, калі ў цябе з ім выйшла нешта не зусім прыемнае, яшчэ і цяпер не яснае да канца — і таму невядома, як табе глядзець на яго, таго чалавека, і як яму глядзець на цябе…

А можа, ён, Мікола Клыбік, сённяшні Васілёў напарнік, можа, ён ні пра што і не думаў. Выцягнуўшыся на ўвесь свой немалы рост, ён ляжаў на зямлі нерухома, з заплюшчанымі вачамі, адну руку паклаўшы пад патыліцу, другою згробшы на грудзях выцвілую кашулю — шырокую, з доўгімі рукавамі, пераціснутымі гумкай вышэй локця, і без каўняра. Каўняры начэпліваліся некалі пад гальштук; у Клыбіка, школьнага рахункавода, толькі ў аднаго і былі ў вёсцы такія кашулі.

Няйначай, як Клыбік заснуў, і Васіль глядзеў на яго, на ягоны твар з ладнаватым носам, на высокія залысіны пад пукатым ілбом і не мог зразумець, змарыўся гэтак чалавек ці ўжо такая звычка ў яго — засынаць хутка. I яшчэ ён думаў, што сёння Клыбіку завельмі стамляцца і не было як: работнік ён быў так сабе, упаўсілы цягаў пілу, ды і тут цаляў, калі падразалі лясіну, каб Васіль заходзіў з левай рукі — з правай рэзаць было і лягчэй, і зручней.

Рухі ў Клыбіка вялыя і няпэўныя нейкія, і гледзячы, як ён брынкаў сякерай па суччу ці перакочваў гатовы кругляк, успамінаўся чамусьці ягоны бацька, гэткі ж высокі і гламаздаваты, як і сын. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце, а то расказвалі яшчэ, што раніцай, калі не было чым распальваць у печы, хадзіў ён на двор абчэсваць сцены старога клетушка.

Стары Клыбік вельмі ганарыўся сынам, які ў арміі нібыта пісарам быў і заадно падвучыўся там цягаць гармонік.

— Э-э, сама гэта, гэта сама,— даводзіў ён любому стрэчнаму,— Міколка дык па мне пайшоў. Гэта сама, я ў паляванні толк знаю, а ён на гармоніку… э-э… гузікі, гэта сама, як чорт, перабірае. Скажу я табе, ён у мяне і строгі. Як прыйшоў гэта са службы, старая мая перад снеданнем высыпала бульбу на ручнік, дык ён, гэта сама, як крыкне! Некультурна, кажа, есці не буду. Строгі ён у мяне, ого…

I яшчэ большы гонар займеў стары, калі сын, на здзіўленне вяскоўцам, з тутэйшай настаўніцай зладзіў вяселле.

На тое вяселле Васіль і блізка не пайшоў, бо і без чаркі на душы было горка… I ніяк не мог зразумець тады, як жа гэта здарылася так, што тая Марына, якую ледзь не лічыў сваёй, будзе цалавацца на людзях з Клыбікам і сядзець за сталом з ім побач. А можа, і замнога браў ён на сябе, так думаючы,— можа, так… I ўсё ж горка было на душы, вельмі горка. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, ды дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень, цыбаты Клыбік, ад якога цяпер нікуды не дзенешся, бо трэба ж працаваць разам. I ён ужо злаваўся на сябе, незадаволена думаў: «I навошта толькі згадзіўся на гэту работу?..»

Учора вечарам прыйшоў дадому бацька, сказаў, што ў школе атрымалі білет на дровы, дык дырэктар загадаў яму і Клыбіку збірацца заўтра ў лес. Яны ж з маці глядзяць школу, дык адмаўляцца няма як, ды і капейка нейкая за работу будзе. Ён і сам пайшоў бы з Клыбікам, але мужчыны будуць ставіць заўтра Цімоху Брычыкаву хату, прасілі і яго, таму няхай у лес з Клыбікам ідзе Васіль.

Толькі гэтага не хапала, і Васіль аднекваўся спачатку, але бацька нечакана пачаў злавацца. Тады ён падумаў, што, можа, і не варта псаваць старому настрой, бо ў Брычыкавых будзе заўтра талака, будзе вясёлая работа, а потым мужчыны гуртам сядуць за стол, вып’юць трохі, і для ўсіх настане як бы свята.

I Васіль згадзіўся.

Ён не пайшоў на вуліцу, а, узяўшы посцілку, раней зазвычай палез на вышкі.

Спаць не хацелася, і лежачы ён думаў шмат пра што, баючыся чапаць у думках хіба аднаго Клыбіка. Трохі запозна прывезлі з мястэчка ў магазін хлеб, і вось па вуліцы хадзілі людзі, ціха перамаўляючыся, а потым нехта голасна пытаўся, куды пагналі на начлег конюхі коней. Там, на вуліцы, быў цёплы вечар, і Васіль прыгадваў, як учора яны з хлопцамі хадзілі на ігрышча ў суседнюю вёску і якая густая цёплая і бязросная была ля дарогі трава: казалі, што гэта на змену надвор’я. I вось яму ўспамінаўся ўжо іншы вечар, такая далёкая цяпер і ўсё ж па-даўняму харошая Марына…

Тады прайшла па вёсцы чутка, што прыехала новая настаўніца. Казалі, што яна маладая і прыгожая. Праз колькі дзён пасля гэтага Васіль убачыў яе і сам. Ён бяліў у школе сцены, калі туды зусім неспадзявана зайшла яна, такая загарэлая ўся, светлавалосая і тонкая — зусім не падобная да настаўніцы. Неяк па-харошаму апрошчвала яе, лагодзіла даверлівая цеплыня па-дзіцячы няхітрых і шчырых вачэй: здавалася, калі глядзеў у іх, што там няспынна плавіліся блакітнаватыя льдзінкі — такое адтуль ішло суцішанае чыстае святло. Ільдзінкі — гэта так здалося, мусіць, Васілю, бо позірк быў цёплы, ласкавы і без усякай на тое прычыны зычлівы.

Дзяўчына адразу выпытала Васілёва імя і, быццам толькі і клопату было ёй, каб адкрыцца незнаёмаму чалавеку, загаварыла:

— Скажыце, вам падабаецца ў вёсцы, праўда? Вы ўвесь час тут жывяце? Я, ведаеце, дык сама напрасілася сюды, хоць вёску толькі па кніжках і знаю. Ой, вы не смейцеся толькі, добра? Бывала, дзе ў кніжцы прырода апісана, дык я ўсё чытаю, чытаю… А вы, бачыце, які вялікі, дужы… Гэта таму, што фізічна працуеце, праўда?

Ён адказваў нешта, усміхаўся шчыра і зусім не адчуваў сябе з ёю ні сарамяжліва, ні няёмка, бо гаварыць з дзяўчынаю было лёгка, ды і ніякай думкі наперад не меў