Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Советская проза >> Двое ў лесе >> страница 3
вінаваціць сябе, бо тады б, ён ведаў, меней стала на сэрцы крыўды, але затое пабольшала б смутку. Прасцей было вінаваціць Клыбіка і шкадаваць Марыну.

I супакоіўся б, можа, на гэтай няпэўнай палёгцы, каб не апошняя стрэча з Марынай, каб не ўспамін пра яе, які хоць глушы — не заглушыш, каб не той развітальны Марынін позірк; за даўнасцю часу не забыўся ён: і дакор, і шкадаванне былі ў ім, і, можа, нават пагарда. Чаму яна паглядзела гэтак, чаму?

I калі ўжо не баяцца ўспомніць, дык усё было так. Ён стаяў пад Саўкавай клеццю, схаваўшыся ад дажджу: не вельмі спорны, ленаваты пайшоў дождж, бо з самай раніцы хмарыла і праз увесь дзень была на вуліцы мяккая цеплыня. I як жа хораша патыхнула потым разам з дожджыкам прахалодай, цвярозлівым духам зямлі, а з агародаў прыплыў водар гуркоўніку і бульбянага поля. I чамусьці адразу не захацелася стаяць пад страхой, так і падбівала скочыць на вуліцу і падставіць твар, расхрыстаныя грудзі нетаропкім струменям дажджу. Васіль, можа, і зрабіў бы гэтак, ды на дварэ загаварылі, рыпнулі вароты, і ён убачыў Марыну з вялікім мяшком за плячамі, а побач — яе гаспадыню, старую Сымоніху, у мокрым фартуху і з сярпом на руцэ. За Саўкавым агародам пачыналася сценка, і часта жанчыны хадзілі туды па траву.

Васіль убачыў Марыну першы, і аднаго моманту хапіла, каб здрыганулася сэрца, каб падумаць пра сябе і пра яе, пра Клыбіка, які тады ўжо стаў паміж імі. I яшчэ Васіль запомніў, якая задумлівасць была на Марыніным твары, і як, гледзячы сабе пад ногі, ішла яна да варот, і як матляўся і біў па загарэлай назе з прыліплай да яе травінкай падраны раменьчык ад басаножкі… I раптам Марына ўбачыла яго. Быццам нехта штурхнуў яе ў грудзі, і яна выпрасталася, і, здавалася, усю сябе ўклала яна ў той позірк, дзе і шкадаванне было, і боль, і, можа, нават пагарда…

Было гэта пасля таго, калі Васіль упершыню пасля іх знаёмства не праводзіў Марыну дамоў.

Гэтак жа, як і раней, шуміць лес, але ўжо ні супакаення, ні лагоды не чутно Васілю ў яго аднастайным пошуме. На другую палову дня хіліцца сонца, спадаючы на сосны, і спакайнейшым робіцца яго святло там, дзе шырэй расступаюцца дрэвы, адкрываючы дарогу. I вось пачынае тхаць адтуль пахамі пылу, і вось чуваць ужо, як парыпваюць колы і як нехта аднастайна, дзеля прыліку, нокае на каня. I можна здагадацца ўжо, што вязе нехта з піларамы ў суседнюю вёску дошкі, і можна бачыць, як бяжыць наперадзе воза сабака, шнарачы паўз густы сасоннік на той бок дарогі. Можа, птушку ўчуў ён там, а можа, не даспадобы яму непалоханая цішыня лесу, бо сабака прыпыняецца час ад часу і брэша залівіста і моцна.

I тады прачынаецца Клыбік…

Ён недаўменна глядзіць вакол сябе, пазяхае і потым ужо, заўважыўшы Васіля, пачынае здзіўляцца:

— Бач ты, думаў, паляжу трохі, адпачну, а яно вось што… А ты сядзіш усё — глядзі ты! Дык ты, можа, змарыўся не гэтак, як я. («Вельмі перабярэш ты на рабоце», — думаў Васіль.) А я дык нават і сон бачыў. Нібыта прыходзіць да мяне ў хату Ахрэмчык гэты, старшыня. Кажа, штраф табе прынёс: выган з калгаснікамі гарадзіць не хацеў, а карову ў агульны статак пускаеш… Бач ты, Ахрэмчык! А цялушку, пытаюся, я ў калгас здаў? Здаў. Чаму ж сена за яе не даеш? А ён, Ахрэмчык, так і выпрышчваецца: хадзем у пуню, кажа, я пакажу табе сена. А цялушку тваю мы за пашу возьмем. Бач ты яго! Каб ужо цябе не ведаю куды ўзялі!..

— Можа, думаў што такое, дык і прыснілася…

— Думаў!.. Дзіва што! Ахрэмчык гэты во як назаляе… Занадта ён смелы: усіх бы ў калгас загнаў. Але пачакай… Усе яны так спачатку. Яўменаў, той, ранейшы, таксама браўся, а цяпер што? Аднымі фельетонамі на яго прапаліць у печы можна.

I ён усё гаварыў, Клыбік, гаварыў, а Васіль дзівіўся толькі, з якою просткасцю выказваў сябе гэты чалавек, нібы хацеў давесці: глядзіце, вось які я, Мікола Клыбік, той самы, каго ў вёсцы празвалі «партфельчыкам». Ён то ўспамінаў, як некалі бацька яго ледзь не першым адвёў у калгас каня («А конь які быў — не конь, а качулка, не тое што ў іншых!»), то гаварыў, што мог бы застацца ў горадзе пасля арміі, а вось як прыехаў дамоў, дык усе паглядаюць скоса, няйначай, як зайздросцяць яго грашам.

I так вось памалу расхінаўся перад Васілём гэты загадкавы Клыбік, і ён тады бачыў яго то заліхвацкім вайсковым пісарам, то крамнікам тут, у весцы, то фізруком у школе, а потым рахункаводам, і нарэшце няцяжка ўжо здагадацца было, куды надалей завядзе Клыбіка дзівосная гэта партфельная логіка: чакала яго яшчэ недзе ці месца лесніка якога, ці грыбавара. I зразумела было, што, ажаніўшыся на Марыне, як бы прыхапіў сабе Клыбік чарговы партфельчык.

I нанава ўзнікала перад Васілём перабранае ў памяці, перадуманае неаднойчы.

Самае незразумелае пачыналася з аднаго вечара, з адной вечарынкі, можа, якраз гэткай, як і тады, калі ўпершыню танцаваў з Марынаю. I зноў жа — было весела ў той вечар: неяк адразу аж тры чалавекі прыехалі на пабыўку ў вёску, і з імі — Надзя, тая самая, з якою некалі Васіль вучыўся ў школе. Здаецца, практыка была ў яе тым летам, і ненадоўга, перад самымі заняткамі, завітала яна дадому. Яны бачыліся з Васілём амаль што кожны год, але, можа, таму, што не многа былых аднакласнікаў засталося ў вёсцы, гэтыя сустрэчы для іх абаіх былі заўсёды прыемныя, бо і сапраўды ж прыемна было перабіраць у памяці трапяткую нітку самых даўніх і вясёлых успамінаў. Ну, дык вось і пыталіся яны адно ў аднаго: як, што, калі і чаму — успаміналі, як хадзілі ў школу за колькі кіламетраў у суседнюю вёску, як аднойчы вясною рвалі ў дуброве сон і спазніліся на ўрокі.

А Васіль думаў пра Марыну, думаў нават тады, калі Андрэйчыкаў Хведар, той самы, што займеў з Васілёвай ласкі флоцкую фуражку, загадаў гарманісту граць факстрот (маўляў, ёсць тут людзі з горада — разумець трэба!) і калі Надзя ўзялася вучыць Васіля гэтым нязвыклым для яго танцам. А потым яны стаялі яшчэ і гаварылі, і Васіль зноў думаў пра Марыну, пра тое, што ён саромеўся б з ёй гаварыць на людзях вось так, як з Надзяй.

I тады ж нечакана падышоў да іх Клыбік і адазваў Васіля ўбок. Не кальнула ў сэрца тады Васілю, не здрыгануўся ён ад нядобрага прадчування, а ненатужна неяк прыйшла ў галаву паслухмяная здагада: зараз вось папросіць пастукаць у бубен, бо Васіль лічыўся ў гэтай справе не апошнім майстрам.

— Слухай, — сказаў Клыбік, і Васіль наперад усміхнуўся.— Слухай, ты будзеш… праводзіць сёння Марыну?

Васіль перапытаў: «А што?» —і яму стала няёмка; ён падумаў, што ўсе ўжо ведаюць пра яго і Марыну.

— Бачыш, калі ты наважыў, то я…

— А што?

— Ды ў мяне, ведаеш, справа да яе