Литвек - электронная библиотека >> Александр Иванович Куприн >> Русская классическая проза >> Гамбрынус >> страница 2
гэтыя людзі — матросы розных нацый, рыбакі, качагары, вясёлыя юнгі, партовыя злодзеі, машыністы, рабочыя, лодачнікі, грузчыкі, вадалазы, кантрабандысты — усе былі маладыя, дужыя, з моцным пахам мора і рыбы, яны ведалі цяжар працы, любілі хараство і жах штодзённай рызыкі, цанілі вышэй за ўсё сілу, малайцоўства, запал і зухаватасць моцнага слоўца, а на сушы аддаваліся з дзікай асалодай гульбе, п'янству ды бойкам. Па вечарах агні вялікага горада, што ўзбягалі высока ўгару, вабілі іх, быццам чароўныя бліскучыя вочы, якія заўсёды абяцаюць нешта новае, радаснае, яшчэ не зведанае, і заўсёды ашукваюць...

Горад злучаўся з портам вузкімі, крутымі, каленчатымі вулачкамі, па якіх прыстойныя людзі асцерагаліся хадзіць уночы. На кожным кроку тут трапляліся начлежныя дамы з бруднымі закратаванымі вокнамі, са змрочным святлом адзінокай лямпы ўнутры. Яшчэ часцей пападаліся крамы, у якіх можна было прадаць з сябе ўсю вопратку аж да сподняй матроскай сеткі і зноў апрануцца ў які хочаш марскі гарнітур. Тут было таксама шмат піўных, тавернаў, кухмістарскіх і корчмаў з выразнымі шыльдамі на ўсіх мовах і нямала яўных і таемных публічных дамоў, з парогаў якіх па начах груба размаляваныя жанчыны зазывалі асіплымі галасамі матросаў. Былі грэчаскія кавярні, дзе гулялі ў даміно і ў шэсцьдзесят шэсць, і турэцкія кавярні з прыборамі для курэння наргіле і з начлегам за пятак; былі ўсходнія шынкі, дзе прадавалі смаўжоў, петалідзі, краветак, мідзій, вялікіх чарнільных каракаціц ды іншую марскую поскудзь. Дзесьці на гарышчах і ў сутарэннях, за глухімі аканіцамі, знаходзілі прытулак ігральныя прытоны, у якіх штос і бакара не раз заканчваліся тым, што каму-небудзь прапорвалі жывот ці праломлівалі чэрап, і тут жа побач, за рогам, часам у суседняй каморцы, можна было спусціць якую хочаш крадзеную рэч, ад брыльянтавага бранзалета да срэбнага крыжа і ад цюка з ліёнскім аксамітам да казённага матроскага шыняля.

Гэтыя крутыя, вузкія вулачкі, чорныя ад вугальнага пылу, к ночы заўсёды рабіліся ліпкімі і смярдзючымі, нібыта яны пацелі ў немарасным сне.

I яны былі падобныя да сточных канаў або да брудных кішок, па якіх вялікі міжнародны горад выкідваў у мора ўсе свае адкіды, усю сваю гніль, поскудзь і распусту, заражаючы імі дужыя мускулістыя целы і простыя душы.

Тутэйшыя распуснікі рэдка падымаліся наверх у прыбраны, заўсёды святочны горад з яго люстраным шклом, гордымі помнікамі, ззяннем электрычнасці, асфальтавымі дарожкамі, прысадамі белай акацыі, велічнымі паліцэйскімі, з усёй яго паказной чысцінёй і добраўпарадкаванасцю. Але кожны з іх, перш чым пусціць на вецер свае працоўныя, зацухмоленыя, падраныя, разбухлыя рублёўкі, абавязкова наведваў Гамбрынус. Гэта было асвенчана даўнейшым звычаем, хоць дзеля гэтага і трэба было пад сховаю вячэрняга мораку прабірацца ў самы цэнтр горада.

Многія, праўда, зусім не ведалі мудрагелістага імя славутага піўнога караля. Звычайна хто-небудзь прапаноўваў:

— Пойдзем да Сашкі?

А другія адказвалі:

— Ёсць! Так трымаць.

I ўжо ўсе разам гаварылі:

— Віра!

Няма нічога дзіўнага, што сярод партовых і марскіх людзей Сашка карыстаўся большаю павагаю і слыннасцю, чым, напрыклад, мясцовы архірэй ці губернатар. I несумненна, калі не яго імя, дык яго жывы, як у малпы твар і яго скрыпка ўспаміналіся часам у Сіднеі і ў Плімуце, гэтак жа як у Нью-Йорку, ва Уладзівастоку, у Канстанцінопалі і на Цэйлоне, не лічачы ўжо ўсіх заліваў і бухт Чорнага мора, дзе было многа прыхільнікаў яго таленту сярод адважных рыбакоў.


III

Звычайна Сашка прыходзіў у Гамбрынус тады, калі там яшчэ нікога не было, апрача аднаго-двух выпадковых наведвальнікаў. У залах у гэты час стаяў густы і кіслы пах учарашняга піва і было даволі змрочна, таму што ўдзень эканомілі газ. У спякотлівыя ліпеньскія дні, калі каменны горад пакутаваў ад сонца і глух ад вулічнага грукату, тут прыемна адчуваліся цішыня і халадок.

Сашка падыходзіў да прылаўка, вітаўся з пані Івановай і выпіваў свой першы куфаль піва. Часам буфетчыца прасіла:

— Саша, сыграйце што-небудзь!

— Што загадаеце вам сыграць, пані Іванова? — ветліва цікавіўся Сашка, які заўсёды быў з ёю падкрэслена пачцівы.

— Што-небудзь сваё...

Ён садзіўся на сваё месца налева ад піяніна і іграў нейкія дзіўныя, доўгія, тужлівыя п'есы. Рабілася неяк сонна і ціха ў падзямеллі, толькі з вуліцы даносілася глухое вуркатанне горада ды зрэдку лакеі асцярожна пазвоньвалі посудам за сцяною на кухні. Са струн Сашкавай скрыпкі плакаў стары, як зямля, яўрэйскі смутак, увесь затканы і ўвіты сумнымі кветкамі нацыянальных мелодый. Твар Сашкі з напружаным падбародкам і нізка апушчаным ілбом, з вачыма, што востра зіркалі з-пад цяжкіх броваў, зусім не быў падобны ў гэты змрочлівы час на той знаёмы ўсім гасцям Гамбрынуса ашчэраны, мірглівы, скрыўлены твар Сашкі. Сучка Белачка сядзела ў яго на каленях. Яна даўно прывыкла не падвываць музыцы, але страсна-тужлівыя, надрыўныя і праклённыя гукі міжвольна раздражнялі яе: яна ў сутаргавых позяхах шырока ашчэрвала пашчу, завіваючы назад тонкі ружовы язычок, і пры гэтым на хвіліну калацілася ўсім цельцам і пяшчотнай чарнавокай мызай.

Але вось мала-памалу збіралася публіка, прыходзіў акампаніятар, які ўладкаваў якую-небудзь пабочную дзённую справу ў краўца або майстра па гадзінніках, на буфеце выстаўляліся сасіскі ў гарачай вадзе і бутэрброды з сырам і, нарэшце, запальваліся ўсе астатнія газавыя ражкі. Сашка выпіваў свой другі куфаль, камандаваў таварышу: «Майскі парад, эйн, цвэйн, дрэй!» — і распачынаў завірушны марш. 3 гэтае хвіліны ён ледзьве паспяваў вітацца з новымі наведвальнікамі, з якіх кожны лічыў сябе за асаблівага, інтымнага знаёмага Сашкі, аглядваў горда іншых гасцей пасля яго паклону. У той жа час Сашка прыжмурваў то адно, то другое вока, збіраў дагары доўгія маршчыны на сваім лысым пакатым чэрапе, камічна варушыў губамі і ўсміхаўся на ўсе бакі.

Да дзесяці-адзінаццаці гадзін Гамбрынус, дзе месцілася ў залах да двухсот і больш чалавек, ужо быў бітма набіты. Многія, амаль палова, прыходзілі з жанчынамі ў хустачках, ніхто не крыўдаваў на цеснату, на прыціснутую нагу, на пакамечаную шапку, на чужое піва, якое заліло штаны: калі крыўдавалі, дык толькі па п'янцы «для зачэпу». Вільгаць сутарэння, цьмяна пабліскаваючы, яшчэ шпарчэй бруілася са сцен, пакрытых маслянай фарбай, а парнасць ад натоўпу капала са столі долу, нібы рэдкі, цяжкі, цёплы дождж. Пілі ў Гамбрынусе сур'ёзна. У норавах гэтай установы лічылася за асаблівую шыкоўнасць, седзячы