Литвек - электронная библиотека >> Кастусь Губарэвіч >> Драматургия >> Брэсцкая крэпасць

Кастусь Губарэвіч БРЭСЦКАЯ КРЭПАСЦЬ (Людзі і каменне)

Гістарычная драма ў дзвюх частках

Брэсцкая крэпасць. Иллюстрация № 1
Мастак Г. П. Крычэўскі.

Дзейнічаюць:

Маёр.

Палкоўнік.

Зімін Аляксей Іванавіч — палкавы камісар.

Авілаў Пятро Міхайлавіч — маёр, камандзір 44-га палка.

Трубачоў — капітан, намеснік Авілава.

Аксіння — жонка Авілава.

Зінаіда Пятроўна — ваенурач 44-га палка.

Марасян Самвел — камсорг.

Кукушкін — салдат.

Марына.

Радчук Толя, Багатаў Міша — лейтэнанты.

Радыст.

Крафт, Зомер — афіцэры нямецкай ваеннай контрразведкі.


Дні абароны Брэсцкай крэпасці.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

У глыбіні сцэны ледзь-ледзь відаць абрысы Брэсцкай крэпасці. На пярэднім плане цёмна.

У правым кутку прасцэніума пражэктарам высвятляецца твар першага пагранічніка з прыціснутай да вуха тэлефоннай трубкай.


1-ы пагранічнік. Дакладвае першы пост: на другім беразе Буга бачу, што скрыта падыходзяць войскі праціўніка… Бачу дзве мінамётныя батарэі… Ёсць пільней сачыць!

У другім кутку прасцэніума высвятляецца твар другога пагранічніка.

2-гі пагранічнік. Да берага цягнуцца пантоны… Так, так, — пантоны… Чую — гудуць артылерыйскія цягачы… Ёсць пільней сачыць!..

Твар трэцяга пагранічніка.

3-ці пагранічнік. Бачу замаскіраваныя танкі… У хмызняку на ўзбярэжжы хаваецца пяхота… Ёсць пільней сачыць!..

Твар Кіжаватава.

Кіжаватаў. Дакладвае начальнік 9-й заставы лейтэнант Кіжаватаў… Таварыш маёр, на ўчастку супраць заставы нямецкія войскі займаюць зыходныя пазіцыі. Да берага наблізілася пяхотная часць. Падрыхтаваны пантоны. Што загадаеце рабіць?.. Ёсць пільней сачыць!

Твар маёра.

Маёр. Дакладвае начальнік 17-га пагранатрада маёр Кузняцоў… Таварыш палкоўнік, усе заставы паведамілі: на другім беразе ідзе разгорнутая падрыхтоўка. Нямецкія пагранічнікі саступілі месца рэгулярным часцям. Падцягнуты пантоны, дэмаскіраваны мінамётныя пазіцыі… Прашу вашага загаду аб’явіць па атрадзе баявую трывогу!..

Твар палкоўніка.

Палкоўнік. Пільней сачыць!

Маёр. Таварыш палкоўнік…

Палкоўнік. Пільней сачыць і не панікаваць.

Маёр. Ёсць пільней сачыць!

Палкоўнік. На правакацыі з таго боку загадваю не паддавацца! Зразумелі?

Маёр. Зразумеў, таварыш палкоўнік!

Палкоўнік. Як там крэпасць?

Маёр. У крэпасці нічога не ведаюць, таварыш палкоўнік. Спяць спакойна. Толькі дзесьці, здаецца ў Інжынерным клубе, грае аркестр.

Палкоўнік. Ну і добра. Няхай грае.

Карціна першая

Інжынерны клуб. Пад музыку духавога аркестра некалькі пар танцуюць вальс. Паступова, адна за другой, пары знікаюць за кулісамі. Астаюцца Радчук і Зіна. Некаторы час кружацца. Азірнуліся — нікога няма. Спыніліся.


Зіна. Ну от табе і маеш. Дзе ж усе?

Радчук. А я і не заўважыў.

Зіна. Цікава. Чамусьці ўсім хочацца, каб мы аставаліся адны.

Радчук. Люблю здагадлівых.

Зіна. Відаць, і нам пара.

Радчук. Куды спяшацца? Заўтра нядзеля.

Зіна. У вас жа на заўтра нешта прызначана?

Радчук. Нічога асаблівага. Тэхнічны агляд. На дзве гадзіны тае работы. А вечар — наш. Можа — у тэатр?

Зіна. Білетаў не дастанеце.

Радчук. Я?..

Зіна. Задавака.

Радчук. Лічыце, што білеты ўжо ёсць!

Зіна. Ну што ж, пойдзем, калі так.

Радчук. Дзякуй. (Цалуе руку.)

Зіна. Між іншым, дзяўчынам рук не цалуюць.

Радчук. Пардон, пераблытаў. (Цалуе ў шчаку.)

Зіна. Нахабнік! (Ляснула па шчацэ.)

Уваходзяць Зімін і Авілаў.

Зімін. З якой нагоды апладысменты?

Радчук. Апладысментаў, на жаль, не было, таварыш камісар.

Зімін. Ці то мне пачулася?

Авілаў. Гэта яны ў капусту гулялі. Ведаеш такую гульню? Па далонях біць.

Зімін. Па далонях то яшчэ нішто.

Авілаў. А чаго гэта вы неяк дзіўна запунсавелі, таварыш лейтэнант, з аднаго боку?

Радчук (памацаў шчаку). Гэта ў мяне… аднабаковая рэакцыя, таварыш маёр.

Авілаў (Зіне). Бывае такая, таварыш ваенурач?

Зіна. Іншы раз бывае.

Авілаў. Між іншым, Зінаіда Пятроўна…

Зіна. Слухаю, Пятро Міхайлавіч.

Авілаў. У якім вы палку служыце?

Зіна. У вашым, 44-м.

Авілаў. А чаму я вас бачу ў інжынерным?

Зіна. Тут сёння адзінае месца ў крэпасці, дзе можна патанцаваць перад выхадным.

Авілаў. Натанцаваліся ўжо ці яшчэ не?

Зіна. Бадай-што досыць.

Авілаў. Дазваляю ў такім разе адпачыць.

Зіна. Дзякую. Можна ісці?

Авілаў. Дабранач.

Зіна. Добрай ночы, таварышы камандзіры!

Радчук і Зіна выходзяць.

Зімін. Старэеш, Пятро Міхайлавіч.

Авілаў. Няўжо?

Зімін. Маладым зайздросціш. Яны тут толькі ацішыліся, а ты іх…

Авілаў. Няхай пройдуцца. А нам сам-насам пагаманіць трэба.

Зімін. Слухаю, Пятро Міхайлавіч.

Авілаў. Кажуць, за сям’ёй наважыўся ехаць?

Зімін. Ага. Заўтра.

Авілаў. На колькі дзён адпрасіўся?

Зімін. Дзень туды, дзень адтуль, суткі на ўладкаванне быту.

Авілаў. Значыць, дваццаць сёмага будзеш тут?

Зімін. Тут. А што?

Авілаў. Дваццаць сёмага будзе разглядацца мая персанальная справа на дывізійнай парткамісіі.

Зімін. А што здарылася?

Авілаў. Нехта падаў заяву, што я сею ў палку панічныя чуткі пра вайну.

Зімін. Глупства, вядома?

Авілаў. Не, я і праўда казаў ды і кажу сваім афіцэрам, што вайны нам не мінаваць і трэба быць гатовымі ў любую мінуту. Але нехта ўбачыў у гэтым палітычны крымінал, за які я магу развітацца з партбілетам, а то і з жыццём. Гледзячы як павярнуць.

Зімін. Та-ак…

Авілаў. Ды чорт яго бяры, тое жыццё, калі дакажуць мне, што я зрабіў палітычнае злачынства. Але я хачу зразумець, што робіцца вакол нас. Кожны дзень над крэпасцю і граніцай шныраць нямецкія самалёты, а мы робім выгляд, што не заўважаем іх. Кажуць, немцы падцягваюць к Бугу артылерыю, а мы выводзім дывізію ў летнія лагеры і распыляем баявую тэхніку. А тая тэхніка, што асталася ў крэпасці, на сённяшні дзень у разабраным выглядзе, бо заўтра чамусьці спатрэбілася рабіць тэхнічны агляд… Ходзяць чуткі, што рэгулярныя часці немцаў занялі зыходныя пазіцыі, а мы нічога не ведаем… Добра, калі ўсё гэта — правакацыя, а калі — не?.. Таму я і кажу ў сваім палку: хлопцы, трымай вуха! Дык што, Аляксей Іванавіч, правільна я кажу ці не?