Литвек - электронная библиотека >> Аляксей Дудараў >> Драматургия >> Радавыя

Аляксей Дудараў РАДАВЫЯ

Калі кожнага савецкага чалавека, што загінуў у бойцы з фашызмам, ушанаваць мінутай маўчання, давядзецца маўчаць 38 гадоў.

З газет

Драматычная балада ў дзвюх дзеях

Дзейныя асобы

Дугін.

Дзерваед.

Бушцец.

Салянік.

Адуванчык.

Мар’я.

Ліда.

Вера.

Люська.

Жанчына.

Лейтэнант.

Тэлефаніст.

Глуханямы.

Дзея першая

Сцяна невялікага касцёла, прабітая амаль на ўсю даўжыню цяжкім дальнабойным снарадам. Аграмадны чорны пралом. Гурбы рудога, бы ссохлая кроў, друзу. Злева і справа захаваліся невялічкія прадаўгаватыя акенцы з вітражамі, трошкі лепкі, і ўсё. Астатняе на зямлі.

Па будынку мітусяцца людзі. Побач, зусім побач грымоты бою. Выбухі, кулямётныя чэргі, чырвоныя бліскавіцы ў вітражах. Мабыць, гэта КП. Хрыпаты голас тэлефаніста не дазавецца:

— Победа, Победа — я Заря… Победа, Победа — я Заря… Ну куды ж ты падзелася? Победа, родненькая, — я Заря…

Чуваць і іншыя галасы:

— Куды?! Куды, маць вашу! Што ён робіць? Дай Гарбачэўскага! Назад! Назад, я сказаў! Прапускайце іх… Пяхоту, пяхоту адсякайце!!!

— Першы замацаваўся…

— Перанясі агонь!

— Бі па леваму флангу… Там у іх танкі аднекуль!

— Сурнач! Хапай усіх каго можна — дуй налева да Гарбачэўскага. Скажы, загадай, каб… Адным словам — дуй! Там разбярэшся.

— Победа, Победа — я Заря… Победа, Победа — я…

З грымотаў бою выдзяляецца прарэзлівы посвіст цяжкога снарада. Набліжаецца, мацнее…

— Лажысь!!

Выбух! Процілеглая сцяна здрыганулася і амаль уся абрынулася на людзей. Узнік яшчэ адзін пралом. Слуп сонечных промняў скрозь пыл урываецца ў будынак. Гэта толькі здавалася, што на вуліцы прыцемкі. А на вуліцы быў веснавы сонечны дзень. Усё раптоўна сціхла. І заместа кулямётных чэргаў сыпануў свой пошчак салавей. Далёка праз пралом бачны спакойны лес, роўненькі зялёны луг, зверху звісаюць галіны нябачнага дрэва, што расце каля будынка. Нейкі час усё нерухома. Потым у адным месцы з-пад бітай цэглы выкараскаўся кантужаны тэлефаніст, усё яшчэ прыціскаючы да вуха разбітую тэлефонную трубку. Ашалела хаўкае ротам.


Тэлефаніст (глядзіць шырока адкрытымі невідушчымі вачыма і ідзе на сцяну). По-бе-да… По-бе-да… — Я — Заря… Я — Заря… (Натыкаецца на сцяну, паварочваецца, ідзе па бітай цэгле да пралому насустрач сонечнаму святлу.) По-беда… Родненькая… По-бе-да-а-а… (Падае вонкі.)

Спявае-заліваецца салавей. Паўза. Здалёк павольна-павольна ідзе Дзерваед. Брудны, запылены, расхрыстаны, без каскі. Колькі яму гадоў, цяжка вызначыць. Можа, сорак, а можа, і трыццаць. Сівы ўвесь, нават бровы сівыя. Змучаныя вочы ўвесь час глядзяць пад ногі. Цягнучы за рэмень аўтамат і спатыкаючыся, прайшоў праз разбіты будынак да сцяны, прытуліўся да яе, споўз на зямлю. У адной з ніш, дзе звычайна стаяць каменныя постаці, узнікае маладая бялявая Жанчына з дзіцем на руках. Доўгая, вышываная чырвоным белая-белая сарочка. Стаіць і калыхае дзіця. Бязгучна, запаволена.

Дзерваед (цяжка). Жывы, жывы я, Мар’я… Хочаш не хочаш, а жывы… Даруй ты мне… Нацярпеўся… Так нацярпеўся…

Мар’я не адказвае. Калыхае дзіця.

Пуста ў маім сэрцы, Мар’я… Выкіпела ўсё… Адпусці ты маю душу! Хоць трошкі на вайну спішы. Хоць трохі, Мар’я…

Мар’я не адказвае. Калыхаючы дзіця, знікае. Праз пралом уваходзіць Бушцец. Стомлены каржакаваты хлопец гадоў пад трыццаць. Гаворыць заўсёды зацята і нервова. Вочы сухія.

Бушцец (прысеў ля процілеглай сцяны, зняў каску, выцер пот). Цэлы, партызан?..

Дзерваед. Цэлы…

Бушцец. Мяне адзін, сука, прыкладам гваздануў… Кацялок трашчыць… Гальчанскага не бачыў?

Дзерваед. Не…

Бушцец. Дай глынуць чаго-небудзь…

Дзерваед здымае пагнутую біклагу. Трасе над вухам.

Дзерваед. Нямашака… Выцекла… Асколкам, здаецца, чапанула…

Бушцец. Шчасціць табе…

Дзерваед. Ага…

Бушцец. Каго з нашых бачыў?

Дзерваед. Кроў вытры… (Моўчкі глядзіць перад сабой.)

Бушцец (нервова). Ну, чаго ты глядзіш? Чаго глядзіш?

Дзерваед. Цяжка мне…

Бушцец. Мне лёгка! Так лёгка — палячу хутка…

Дзерваед. То добра…

У праломе з’яўляюцца яшчэ два байцы. Хударлявы, з бледным тварам Салянік вядзе Адуванчыка з перабінтаванай галавой. Гэта зусім хлапчук. І сапраўды падобны на адуванчыка. Галава ў белых кучаравінках, толькі ў адным месцы над левай скроняй валасы не растуць. Плача. Салянік адпусціў таварыша, зняў каску, зняў з пляча аўтамат, перахрысціўся.

Бушцец. Што, Адуванчык, атрымаў на абаранкі?

Адуванчык. Балі-іць…

Бушцец. Ідзі ў санбат… (Да Саляніка.) Апостал, завядзі яго…

Адуванчык (хныча). Вуха, паскуда, адгрыз… Счапіліся ў траншэі… У яго цясак, а ў мяне аўтамат… Адзін аднаго за рукі — і танцуем… Ён мяне нагой ззаду, я яго нагой ззаду… Худы, стары, а жылісты… І так я яго, і так… Як абцугамі за рукі схапіў! А потым хавальнік свой раскрыў, зубы жоўтыя, рэдкія, і за нос мяне — цап! Я морду ўбок, а ён за вуха, барбос паганы! І грызе… Я крычу, а ён грызе…

Бушцец. Ты б яму яшчэ што-небудзь падставіў…

Адуванчык. Ну як я буду без вуха? З аднаго боку падсмалены, а з другога без вуха!

Бушцец. У цырк пойдзеш… Людзей смяшыць…

Адуванчык. Дзякуй, Мішка Гальчанскі падаспеў… Закалоў гада, а то ён бы мяне саўсім загрыз…

Бушцец. А дзе Гальчанскі?

Адуванчык. Адкуль я ведаю? Ён далей пабег…

Салянік. Супакоіўся Мішка… Каля брамы ляжыць… Крокі тры да сцяны не дабег…

Бушцец. Мо параніла?

Салянік (паківаў галавой). Я яму вочы закрываў…

Бушцец (уздыхнуў). Значыць, закурым яго табачок… (Пакорпаўся ў кішэнях, дастаў замусолены пачак «Казбеку». Да Дзерваеда.) Бяры, партызан… Казаў, калі што-якое — на памінкі вам пакідаю. А да Берліна дойдзем — перад Гітлерам выкуру, а акурак у яго на лбе затушу…

Дзерваед (бярэ папяросу). Не затушыў…

Адуванчык. Дай і мне…

Бушцец. Кашляць будзеш…

Адуванчык (злосна). Дай мне!!

Бушцец. Чаго крычыш? У мяне вушы цэлыя… (Да Саляніка.) Мацвей, пацягнеш сатанінскага зелля? Бяры, бяры… Памяні Мішку Гальчанскага…

Салянік. Я памяну… (Папяросу не бярэ.)

Кураць. Паўза.

Бушцец (задуменна глядзіць на дымок ад папяросы). Ну, вось і ўсё, Мішка… Старыя твае і дзеткі малыя ў Ленінградзе з голаду памерлі ў блакаду, жонку на фронце забіла, сам ты пяць разоў быў паранены і два разы кантужаны і лёг касцьмі на чужой зямлі перад канцом вайны… (Нервова затушыў папяросу аб уласную далонь.) Два гады пад адным