Литвек - электронная библиотека >> Алесь Аркуш >> Современная проза и др. >> Яму канцы >> страница 2
дванаццаць ложкаў. Але ўсё адно не было чым дыхаць - у палаце стаяў бальнiчны сьпёкавы смурод. Усё цела пранiзвала ныючая боль, але асаблiва мулiлi галава й сьпiна. Адразу яму чамусьцi ўзгадаўся твар таго спэцназаўца, якому ён плюнуў у вочы. Гэта быў зусiм малады хлопец, магчыма маладзешы ад яго. Ён нечым нагадваў Сяргея Лявонава, зь якiм час ад часу выпадала езьдзiць у Нямеччыну па машыны. Затым ён узгадаў увесь учорашнi дзень. Нейкая фантасмагорыя, галiвудзкi "ужасьцiк". I раптам ён зноў падумаў пра таго спэцназаўца. "Яму канцы", - сказаў ён у голас. I яшчэ раз паўтарыў: "Яму канцы".

Было недзе пяць гадзiнаў ранiцы. Усе ў палаце спалi - пасапваючы i пахрапваючы. Мiкола ляжаў ля двярэй. Нечакана падхапiўся мужчына ля дальняга вакна - ён заенчыў i затым сутаргава захрыпеў. "Дапамажыце, хто тут ёсьць, дапамажыце!" - закрычаў Мiкола i загрукаў рукою ў дзьверы. Калi ў пакой прыбегла медсястра, мужчына ўжо суцiшыўся i немiргаючы глядзеў у столь пустымi вачыма. Медсястры засталося толькi канстатаваць сьмерць. Яна накрыла нябожчыка з галавой прасьцiною й выйшла. Палата ўспаролася. Хтосьцi бясконца прычытаў: "Васiлiч, Васiлiч!!!" Мiкола абхапiў галаву рукамi i ўткнуўся тварам у падушку. Вочы напоўнiлiся сьлязьмi i ўсё цела калацiлi здрадлiвыя дрыжыкi. Чужая сьмерць падалася яму жахлiвай. А як зьмiрыцца са сваёй?

На мiнулым тыднi ананiмны аналiз паказаў, што Мiкола быў хворы на AIDS.

Чэрвень, 1996, Наваполацак