Литвек - электронная библиотека >> Альбер Камю >> Классическая проза >> Здрадлівая жонка >> страница 6
праўдзе яна так і памрэ, не вызваліўшыся ад гэтае ношы. Яе сэрца балела, яна задыхалася пад вялізным цяжарам, які раптам для сябе адкрыла і, уразумеўшы, што нясе яго дваццаць гадоў, з усяе сілы старалася цяпер скінуць. Яна хацела вызваліцца ад яго, нават калі Марсэль, нават калі іншыя ніколі гэта зрабіць не змогуць. Цалкам прачнуўшыся, яна прыўстала на ложку і прыслухалася да поклічу, які здаўся ёй зусім блізкім. Але з ускраінаў ночы даляталі толькі прыглушаныя і нястомныя галасы сабак. Узняўся зноў лёгкі ветрык, і яна чула, як ягоныя хвалі пераліваюцца ў пальмавым лісці. Ён прылятаў з поўдня — адтуль, дзе пад зноў нерухомым небам цяпер змешваліся пустэльня і ноч, дзе спынялася ўсё жыццё, дзе ніхто ўжо не старыўся і не паміраў. Але хвалі ветру ўжо выдыхліся, і яна не была ўпэўненая, ці чула што-небудзь увогуле, апроч бязгучнага поклічу, які ўрэшце магла сама прымусіць гучаць ці змоўкнуць, але сэнс якога так і застанецца назаўжды для яе не зразумелым, калі яна не адкажа цяпер, неадкладна. Так, неадкладна, яна была ў гэтым упэўненая.

Яна ціха ўстала і знерухомела каля ложка, прыслухоўваючыся да мужава дыхання. Марсэль спаў. Але ўсяго праз імгненне цеплыня, назапашаная ў пасцелі, знікла, і яе скаваў холад. Павольнымі рухамі яна пачала апранацца, навобмацак знаходзячы адзенне ў слабым святле вулічных ліхтароў, якое сачылася скрозь аканіцы. З чаравікамі ў руках яна рушыла да парога. Потым, пастаяўшы яшчэ хвіліну ў прыцемку, пачала асцярожна адчыняць дзверы. Рыпнула ручка, і яна застыла. Сэрца шалёна стукала. Але прыслухаўшыся і пачуўшы, што ўсё вакол ціха, яна супакоілася і націснула трошкі мацней. Ручка паварочвалася так марудна, што ёй здавалася, гэта ніколі не скончыцца. Нарэшце дзверы адчыніліся, яна выслізнула з пакоя і зачыніла іх з такімі самымі перасцярогамі. Потым зноў счакала, прыпаўшы шчакой да драўлянай створкі. Праз хвіліну да яе данеслася аддаленае Марсэлева дыханне. Тады яна павярнулася і пабегла па галерэі, адчуваючы на твары ледзяное паветра ночы. Гатэльныя дзверы былі зачыненыя. Пакуль яна разбіралася з засаўкай, наверсе лесвіцы ўзнік начны вартаўнік з заспаным абліччам, які пачаў ёй нешта казаць па-арабску.

— Я хутка вярнуся,— сказала Жанін і выбегла ў ноч. Над пальмамі і дамамі з чорнага неба звісалі гірлянды зорак. Яна бегла па той кароткай, цяпер бязлюднай вулічцы з дрэвамі, што вяла да форта. Холад, якому больш не было патрэбы змагацца з сонцам, ужо цалкам авалодаў ноччу; ледзяное паветра апальвала лёгкія. Але яна бегла, амаль усляпую, скрозь поўны змрок. Праўда, у канцы вуліцы раптам узніклі нейкія агеньчыкі, якія, рухаючыся ўлукаткі, пачалі набліжацца. Яна спынілася, пачула сухое, ледзь улоўнае стракатанне і нарэшце, за выраслымі ўжо агнямі, убачыла вялікія бурнусы, пад якімі паблісквалі тонкія колы ровараў. Бурнусы пранесліся ўсутыч з ёю, у цемры ў яе за плячыма мільганулі тры чырвоныя плямы і адразу зніклі. Яна кінулася бегчы далей да форта. Пасярэдзіне пад'ёму пякота ў лёгкіх стала такою вострай, што яна хацела спыніцца. Але апошні парыў мімаволі вынес яе на пляцоўку, да парапета, і яна прыпала да яго жыватом. Яна задыхалася, усё плыло ў яе перад вачыма. Бег зусім яе не сагрэў, і яна дрыжала ўсім целам. Але халоднае паветра, якое яна хапала сутаргавымі глыткамі, урэшце роўна пацякло па жылах, і дрыготку пачала выцясняць кволая цеплыня. І тады перад яе вачыма адкрыліся начныя прасторы.

Ніводзін подых, ніводзін гук, апроч рэдкага прыглушанага парыпвання камення, якое ад холаду ператваралася ў жвір, не парушалі самоты і цішыні, што атулялі Жанін. Але ў наступнае імгненне ёй падалося, што неба, быццам уцягнутае ў нейкі марудны, цягучы карагод, пачынае кружыцца над яе галавою. У глыбінях сухой і халоднай ночы нястомна ўспыхвалі тысячы зор, і іх зіхатлівыя ледзяшы, адразу сарваўшыся, неўпрыкмет пачыналі слізгаць да лініі гарызонту. Не могучы звесці вачэй, Жанін назірала за гэтымі зыркімі іскрамі, якія некуды несла невядомаю плынню. Яна таксама пачынала кружыцца з імі, і гэты нерухомы бег паступова падводзіў яе да самых нетраў яе ўласнае існасці, у якой цяпер ішла барацьба паміж прагным жаданнем і холадам. Зоры, адна за адной падаючы ў яе на вачах, пагасалі сярод камянёў пустэльні, і з кожным разам Жанін усё больш раскрывала сваю душу ночы. Яна дыхала, забыўшы пра холад, пра цяжар быцця, пра бессэнсоўнасць ці ўстыласць свайго існавання, пра тужлівую трывогу жыцця і смерці. Пасля ўсіх гэтых гадоў шалёных уцёкаў ад страху, калі яна бегла без мэты, сама не ведаючы куды, яна нарэшце спынілася. I у той жа час ёй падалося, што яна набыла свае карані, і жыццёвыя сокі зноў напаілі яе сасмяглае цела, якое больш не дрыжала. Прыціснуўшыся жыватом да парапета, уся падаўшыся ўперад да рухомага неба, яна толькі чакала, калі суцішыцца яе ўсхваляванае сэрца і ў ёй усталюецца поўная цішыня. Апошнія блясткі сузор'яў звесілі свае гронкі яшчэ ніжэй над даляглядам пустэльні і знерухомелі. І тады воды начнога змроку з невыцерпнай лагодай пачалі напаўняць Жанін, заліваючы сабой холад. падымаючыся паступова ад цёмных прадонняў яе істоты, пакуль урэшце не хлынулі бясконцым патокам, пераліўшыся цераз край і сарваўшыся з вуснаў разам ціхімі енкамі. У наступнае імгненне ўсё неба расчынілася па-над ёю, распасцёртай на спіне на халоднай зямлі.

Калі Жанін з тымі ж перасцярогамі вярнулася ў нумар, Марсэль па-ранейшаму спаў. Але нешта буркнуўшы, калі яна клалася побач, праз хвіліну нечакана ўсхапіўся ў пасцелі. Ён штосьці загаварыў, але яна нічога не зразумела. Тады ён устаў, запаліў святло, якое поўхай сцебанула яе па твары, і, хістаючыся ўзад і ўперад, пабрыў да ўмывальні. Ён доўга хлябтаў мінеральную ваду з бутэлькі, што стаяла ля ракавіны. І калі ўжо збіраўся залезці пад коўдру, раптам застыў, стоячы адным каленам на ложку і ўтаропіўшыся на жонку неўразумелым позіркам. Яна плакала, заліваючыся слязьмі, без сілы стрымацца.

— Нічога, мой дарагі, — казала яна,— нічога, гэта я так.