Литвек - электронная библиотека >> Іван Мележ >> Советская проза >> Людзі на балоце >> страница 110
з другога — жоўтая труба з дымам. Між трубы і поля былі ў моцным поціску дзве рукі. Рабочы перадаў сцяг Дубадзелу, па знаку якога гармонікі каля калёс пад важкае буханне бубна зайгралі "Інтэрнацыянал".

Апошнім, ад Куранёў, стаў на калёсы Міканор. Ён сказаў, што беднасць і цемра закрываюць жыццё ў Куранях, як раска закрывае балота. Раска заўсёды чапляецца за балота, за ваду, якая не варушыцца, стаіць. Каб разагнаць раску, трэба разварушыць жыццё! І грэбля — гэта першае "вочка", першы пробліск у моры векавечнай раскі! Трэба, не шкадуючы нічога, не баючыся, варушыць балота, затхлае жыццё — і цемра, і раска назаўсёды прападуць. Будзе адна чыстая, светлая вада, светлае жыццё!

Міканор сказаў апошнія словы асабліва горача, можа, на ўвесь голас, і тым сапсаваў сваю прамову. Хоць ён яшчэ хацеў, было відаць, гаварыць, музыкі дружна ўдарылі марш — хочаш не хочаш, прыйшлося злазіць з калёс…

Калі ішлі назад, ужо ў самым канцы грэблі Васіль убачыў Міканора зноў, з Міканорам быў Хоня. Васіль здагнаў іх, падаўся побач. Ішлі доўга моўчкі, паглыбленыя кожны ў свае думкі. Круціліся белыя снежныя матылі, мякка дакраналіся да твару, раставалі. Раставалі пад нагамі людзей — уся дарога была пярэстая ад чалавечых слядоў.

Блізка ад цагельні Васіль не ўтрываў, мімаволі прабег вачыма па Глушаковай паласе. Заныла ў грудзях: ажыла, як незагоеная рана, трывожная ноч, надзеі яе і страхі, як бы зноў пачуў пад нагамі цёмную мяккасць свежай разоры. Вунь тое месца, дзе наляцеў на яго Корч, дзе счапіліся, качаліся. Дзе гразіўся яму чалавек з воласці… Грозьба яго пакуль так і засталася грозьбаю, а толькі ўсё кончылася на карысць Карчу…

Як знарок усё напамінала Васілю ў гэты дзень пра крыўды, пра няўдачы.

— Грэблю от правялі! — прамовіў Васіль з папрокам. — А Корч як сядзеў на выгодзе, на лепшай зямлі, так і сядзіць!

— Што яна табе далася, етая яго зямля! — адгукнуўся Хоня.

— Што! Рассеўся, як рэпа, на добрай зямлі і — нігадкі! І ўпарадкаванне яму ніпачом! І не зачапі яго! Савецкая ўласць сама за яго!

— Савецкая ўлада тут не вінавата, — сказаў Міканор.

— А не сагналі ж!

— Сагналі б, кеб не ўлез ты!..

— Я — вінаваты! Найшлі вінаватаго!

— Вінаваты! Еты Зубрыч з воласці, калі заікнуліся адабраць паласу ад Глушака, адразу ўрэзаў: злачынство — патураць беспарадку, разбою! Трэба вучыць паважаць савецкі закон!.. І аставілі Глушаку, як було!..

Міканор дадаў з роздумам:

— Усё адно — кеб і адабралі ў Глушака і аддалі каму другому — мало хто б парадаваўся. Крыўды було б усё адно багата. Усіх не задаволіш адным кавалкам етым, не сакрэт. От штоб да балота падступіцца, ды асушыць, ды раздзяліць!..

— Ат, слухаць няма чаго! Абы пачасаць язык!

— Ето толькі ў нас дзіво! Балото цэлае! Падумаць — і то страшно! Нам усё — страшно! Усё — выдумка!.. Нічого — прыйдзе пара!

Недалёка ўжо віднеліся прыцярушаныя сняжком, як бы не такія панурыя, як заўсёды, куранёўскія стрэхі.

— Ты б от Ганну лепей трымаў пры сабе! — зачапіў Хоня. — Такую дзеўку ўпусціў.

— Упусціў не ўпусціў — што з таго! Чаго мне було дзяржаць яе!..

— Як ето — чаго?

— А так — сам голы!.. Ды шчэ голую браць на шыю!..

— Ета, не сакрэт, на шыі не була б! — сказаў Міканор. — От дзеўка — што ўродаю, што рукамі, першая мо на ўсю воласць! Мяне аж зайздрасць брала, што яна з табою! Упусціў!

— Упусціў! — Васіль раптам ускіпеў. — Ну, упусціў! Што вам!

Міканор сумеўся: упершыню чуў такі сум, такі боль у гэтым маўклівым, недаверлівым хлопцу. Каб суцешыць, супакоіць трохі Васіля, сказаў вінавата:

— Нічога, можа, шчэ і не ўсё кончылася! У жыцці, не сакрэт, усяляк бувае…

Васіль не адказаў.

1961