Литвек - электронная библиотека >> Іван Мележ >> Советская проза >> Подых навальніцы >> страница 149
— прапала, — трэба прымяркоўвацца да новага стану. Можа ж, i на новай зямлі, калі папапяцца добра, дабіцца чаго-небудзь можна. Няхай не ўдосталь, але i з тою, перабіваючыся, пражыць неяк можна. A калі крута будзе, то i ў прыработкі якія-небудзь падацца…

І зырчала зноў у клопатнай маркоце неспакойная i заваблівая памяць пра Ганну: зноў нібы звала Ганна яго ў недаступны свет, i зноў здавалася — вось-вось Васіль разарве ўсё, што аблытала яго; прападзі яно пропадам, — i пойдзе, вольны, шчаслівы. Здавалася часам, нібы ён ужо вольны ідзе, не ў думках, а папраўдзе. Тады па цвёрдай, камякаватай дарозе ногі неслі весялей, лягчэй. І не чуу ужо халоднага ветру, што пранізваў зрэбныя штаны, што шыўся пад світу. І вочы нават цешылі гэтыя першыя, нясмелыя сняжынкі, што мітусліва прыхарошвалі зямлю блізка i ўдалечы, у якой ён угадваў купы дрэваў ля Глінішч, ля таго сяла, дзе была Ганна.

"Зіма пачынаецца. Зіма, як трэба…" Калі ішоў полем паўз Глінішчы, выбраў з няроўнага рада стрэх i дахаў гонтавы верх школы, ледзь стрымаў сябе, каб не збочыць. Не ведаў, як пасля ўсяго сустрэне Ганна, чуючы вялікую вінаватасць перад ёю, толькі ўсхвалявана, растрывожана глядзеў зводдалек. Павольна, няцвёрда ішоў ад сяла, нялёгка адольваў непаслухмянае жаданне, што спыняла, цягнула назад. Ужо за грэбляй, каля Куранёў, апанавала іншае: проста не мог глядзець на цагельню, на сваю паласу, здзеклівую чарнату якой падбельваў снег. Нават стаў, доўга, пацямнелы, стаяў, не гледзячы туды i не маючы сілы скрануцца. Пайшоў тады, калі ззаду, з Алешнікаў, стаў пад язджаць хтосьці…

У той час, калі Васіль вяртаўся з мястэчка, Апейка ў тым кабінеце, дзе гаварыў з Васілём, чытаў i перачытваў надрукаваную на машынцы паперу. Папера была знешне падобна на ўсе іншыя паперы, якія прыходзілі старшыні райвыканкома; але даўно ні адну паперу не чытаў, не вывучаў Апейка з такім роздумам: на паперы было надрукавана рашэнне, якое дзяліла рэспубліку па тэмпах i тэрмінах калектывізацыі на некалькі зон. З гэтага рашэння раён быў уключаны ў зону, дзе калектывізацыю завяршыць поўнасцю трэба было ўжо не ў два-тры гады, а за вясну, можна лічыць, за тры месяцы. Апейка чытаў, неспакойна хадзіў па пакоі, не мог адолець трывогі, супярэчлівасці: тое, што яму здавалася празмерным у некаторых выступленнях, было ўжо рашэннем; a рашэнні ён павінен быў выконваць. Звыклы браць цяжар працы на свае плечы, адказваць за раён, за людзей, ён з прыкрасцю адчуваў, што задача гэта — проста непасільная, што гэта, як ён ні будзе старацца, не зробіць, бо зрабіць гэта немагчыма за такі час, пры тых умовах, якія былі вядомы яму з бясконцых паездак. Але рашэнне ёсць рашэнне, трэба было рабіць, што магчыма i — больш таго. І Апейка хадзіў з краю ў край пакоя, думаў, думаў…


З гэтага дня на змену імжы i макрэчы прывалілі маразы. Скамянела гразь на дарогах, зацвярдзелі пацямнелыя балоты, скавала вясёлым лёдам канавы, копані. Васіль не памыліўся: лесам, балотамі, палямі ішла зіма. У Куранях сталі белымі, звонкімі раніцы, шэрымі, пякучымі ночы. У адзін з такіх звонкіх ранкаў Хоня над’ехаў з вясёлай гаманою да Хадосьчынай хаты. Шумліва, з галасам каціла з вуліцы, праз грэблю, да царквы вясельная чарада, у якой на двух вазах сядзелі прыбраныя, заружавелыя маладыя — Хоня i Хадоська. Хадоська глядзела стрымана, сур’ёзна, як, лічыла яна, трэба было ў такі дзень; Хоня ж рагатаў, галёкаў: здалёк было відаць, як давольны сваёй удачы, сваёй долі.

1958, 1961 — 1965

Примечания

1

Усе выступленні пададзены тут паводле стэнаграмы: "Другая сесія IX склікання. 20–26 лістапада І929 г. Стэнаграфічная справаздача. Выданне ЦВК БССР. Менск, І930 г.". 422 с.

Чытачу, які любіць лёгкае чытанне, гэты раздзел будзе нудны, i яму гэтыя старонкі лепш прапусціць. Чытач жа сур’ёзны, думаю, не толькі з цікавасцю, але i з карысцю паслухае жывыя галасы, якія аддаліў час. Яны, напэўна, дадуць адчуць думкі i настроі той пары, зразумець асаблівасці, складанасць становішча. Зразумець, разам з вытокамінашых перамог, вытокіпамылак, якія потым быліназваны "галавакружэнне ад поспехаў" i падпаліпад крытыку ўвядомай пастанове ЦК ВКП(б).

Усё гэта таксама, я лічу, мае блізкія дачыненні да Куранёў.

(обратно)