Литвек - электронная библиотека >> Франц Сіўко >> Современная проза >> Цымант >> страница 2
казала. Больш за тое, наогул не любіла пра іх згадваць і злавалася, калі гэта рабіў хто іншы. Варта было каторай з дачок хоць бы і незнарок зачапіць у размове тэму сваяцтва, як яна тут жа замыкалася ў сабе ды змаўкала так надоўга, што, здавалася, да скону ўжо так і будзе хадзіць маўчком. Канечне, з часам мякчэла, адпускалася, але колькі перажыванняў, колькі непрыемных хвілінаў ім, сёстрам-падлеткам, усё тое матчына зацятае, незразумелае маўчанне каштавала!

Што яна ад іх хавала? Якую таямніцу гэтак зацята аберагала, што нават дочкам, якіх, безумоўна, любіла, хоць надта, праўда, і не песціла, не палічыла мажлівым яе даверыць? Даходзіла ж часам і да кур’ёзаў. Неяк аднаго разу ў школе абвесцілі для вучняў конкурс на лепшы радавод. Дык рэакцыя маці на іх з Алаю намер скласці свой аказалася такою непрыязнаю, што і вокам яны не паспелі міргнуць, як падрыхтаваны для запісаў яе меркаванага расповеду пра продкаў нататнік куляю паляцеў у сметніцу.

Гэтаксама нервова ставілася яна і да іх роспытаў пра бацьку. “Яго няма”, - адказвала шторазу і, даючы знаць, што размова скончана і працягваць яе не мае сэнсу, строга падцінала тонкія свае, у нітачку, вусны. Такі адказ іх, канечне ж, не задавальняў. Аднак гучаў ён так няўмольна і разам з тым так пераканаўча, што іншага выйсця, як хаця б дзеля выгляду даць веры, што ўсё сказанае Ксеняй - праўда, ды змірыцца з тою праўдай, у іх не заставалася. І што цікава - змірыцца без уласцівага гэткага кшталту сітуацыям пачуцця крыўды ці пратэсту, а наадварот - з інтуітыўным, падсвядомым адчуваннем таго, што калі маці гэтак робіць, то гэтак і след, бо робіць яна тое не з прыхамаці, а адзіна дзеля іх жа, дачок, дабра.

Калі праз нейкі час, значна ўжо пазней, па сканчэнні школы, яны ўсё-такі памануліся ўзнавіць размову, яна абарвала іх імпэт яшчэ больш рашуча, і ад таго часу яны ўжо да тэмы пра бацьку пры ёй наогул не вярталіся. Пагаманіць міжсобку, ціха, употай ад Ксені - гэта колькі душа пажадае, але толькі не ў яе прысутнасці. Гэтак яны і рабілі, міжволі прыходзячы з узростам да высновы, што, мабыць, не слаба ж ён, бацька іх, чымсьці жанчыну пакрыўдзіў, калі нават і слухаць пра яго не жадае. Ці, наадва­рот, можа, яна яго пакрыўдзіла. І так здараецца. Мужчыны - стварэнні крыўдлівыя. Не ўсе, вядома, але ж многія... Не дагадзіла жонка, той жа чаркі, скажам, не наліла дзеля пахмелля - і адыходзіць чалавек у прочкі, і прачкаванне тое часам на ўсё жыццё зацягваецца. Так і сканае бядак дзе-небудзь наводшыбе ад сям’і, уласнага дзіцяці як след не пабачыўшы ды голасу ягонага не пачуўшы.

І вось - іх з сястрою расшукваюць.

Першае, што прыйшло ў той вечар Нане ў голаў, - ці не бацька гэта іх шукае? Між іншым, і пра Рамана таксама яна тады мімаходзь узгадала: ці не пажартаваў гэта ён з бадуна, папрасіўшы каго-небудзь падаць запыт на росшук? Тры гады, як разышліся-разбегліся з ім, а колькі нерваў за гэты час выцягнуў, не даючы праходу, даймаючы просьбамі пачаць усё нанова. Урэшце, збітая з тропу нечаканасцю, яна надыктавала-такі прыяцельцы свой электронны адрас, і тая даслала яго незнаёмцу. І зусім хутка, літаральна на наступны дзень, Нана і атрымала ад яго вось гэты допіс.

Адстаронена-ветлівы - ні намёку на эмоцыю - ліст, бездакорна ўважны, сухаваты і крыху быццам нясмелы, як першы роспіс Дзеда Мароза на не аб’інелай дарэшты на пачатку зімы шыбіне. Яго прозвішча Парфянок, зваць Станіслаў Мікалаевіч. Ён добра ведаў іх маці, шмат год з ёю ліставаўся і цяпер, калі яе ўжо няма, хацеў бы наладзіць хаця б якую-ніякую сувязь з яе дочкамі. Калі яны, вядома, не супраць. Яму сёмы дзясятак, у такім узросце спадзявацца ў стасунках з людзьмі на ўзаемную (гэтае слова так і было ў лісце пададзена - курсівам) зацікаўленасць - справа марная, але гэта для яго не галоўнае. Адпішуць яны яму - будзе рады, а не пажадаюць адпісаць - іх воля. Ні хто ён ды адкуль, ні пра акалічнасці знаёмства з маці ў лісце не было ні слова. Некалькі фраз, пажаданне добрага здароўя напрыканцы - і ўсё.

Параіўшыся па тэлефоне з сястрой, Нана ў той жа дзень Станіславу Мікалаевічу на ягоны электронны адрас адпісала. Папрасіла распавесці больш падрабязна пра сябе і пра тое, што лучыла яго з маці. З’яўлялася хоць нейкая мажлівасць натрапіць на след у мінулае нябожчыцы, а праз тое - і ва ўласнае, і не скарыстацца ёю, адзінадушна вырашылі яны з Алаю, было б неразумна.

А рэшту таго дня Нана прабавіла ў пошуках згаданых старым лістоў да маці. Перагартала ўсе сямейныя альбомы, перашнарыла ва ўсіх шафачках ды шуфлядках і паліцах, але так нічога і не знайшла. Розных допісаў, тэлеграм, паштовак было ўсюды ў доме аж зашмат, а вось хоць бы маленечкай цыдулы ад чалавека па прозвішчы Парфянок - ані блізка.

Станіслаў Мікалаевіч зноў напісаў ёй праз тыдзень. Але яшчэ больш коратка і суха, чым мінулы раз, неяк нават быццам нехаця, праз сілу. Пытанне пра абставіны знаёмства з маці дыпламатычна абмінуў, пра сябе паведаміў тое, што і з папярэдняга ліста вынікала, толькі іншымі словамі. Адзінае, што новага было ў допісе, дык гэта намёк аб спадзеве на сустрэчу ў будучыні. І яшчэ - просьба даслаць нумар хатняга тэлефона. Свайго ці Алінага - яму без розніцы, галоўнае правільна напісаць код горада, бо з кодамі заўсёды ў яго, маўляў, непаразуменні. Мабільнікам ён таксама, канечне ж, карыстаецца, але гаманіць з хатняга - і ўтульней неяк, і больш для яго, старога чалавека, звыкла.

2.

Станіслаў Мікалаевіч расплюшчыў вочы, прыслухаўся. На дварэ было зусім ціха і, відаць па ўсім, і бязветрана. Гэта яго ўзрадавала: нарэшце можна будзе на колькі хвілінаў, а то і на якую гадзіну выйсці з дому, зрабіць, як кажа Зіна, кватарантка, ранішні праменад. Толькі б не зблытала картаў, не разгулялася, як учора надвячоркам, калена і не даў аб сабе знаць, не схібіў недарэчы матор - сэрца. Шнарамі яно там ужо, халера, дарэшты пабілася, што гэткім болем раз-пораз у грудзях абзываецца і, як на злосць, у самы ж нязручны момант? Варта чаму іншаму, прастаце гэтай мярзотнай, да прыкладу, ці калену, ці яшчэ чаму хоць крыху абвастрыцца, як і яно, аслабленае леташнім інфарктам, адразу ж пра сябе нагадвае.

З Зінінага пакоя не даносілася ні гуку - відаць, дзяўчына яшчэ спала. А можа, толькі выгляд рабіла, што спіць: у драбку далікатнасці ёй, рудавалосай гэтай, хуткай на нагу і вострай на язык, грубаватай гаварунні Зіне ўсё-такі, як ні круці, не адмовіш. Хоць з выгляду пра тое і не скажаш. Дзеўка відавочна не з ліку тых, што, трапіўшы неўспадзеў у глухі, поўны ваўкоў лес, разрумзаецца, сядзе ў роспачы пад хвояй і будзе пакорліва чакаць выраку лёсу. Такая хутчэй усю поўсць на тых ваўках павыдзірае, чым свой хоць